ЗАМЕЖНЫ ДРУК (14–16.05.2011)

Камэдыянты

14 траўня 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад тытулам “Медведев робіць стаўку на дзяцей”. Апісана, як у выступе перад Дзярждумай прэзыдэнт РФ прапанаваў павялічыць выплаты сем'ям, якія нараджаюць дзяцей, даць ім лепшае жыльлё і г.д. Заклікаў да больш строгіх пакараньняў за злачынствы супраць дзяцей.

Наш камэнтар: Можа для швэдаў гэта і навіна (а можа нават і сэнсацыя), а ў Расеі ды і ў іншых постсавецкіх краінах усе разумеюць, што ў Маскве проста пачалася перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія. Пуцін шыхтуе “народны фронт” — вельмі сьмешна назіраць, як на тэлеэкране актыўна дзейнічаюць намэнклатуршчыкі-“фронтаўцы”, халёныя і цынічныя. А Медведев, як бачым, абраў амплуа абаронцы дзяцей. Ніхто ўжо даўно ня верыць у гэтую пустую балбатню.

Алесь Хадасевіч


Візір з помпай

14 траўня 2011 г. славацкая газэта “Novy Cas” напісала аб тым, як прэм'ер Расеі Пуцін прыляцеў у Браціславу на 2-гадзінны візыт. Усіх уразіла, што прыляцеў ён на чатырох самалётах (!). На адным “Іл” прыбыў сам Пуцін, на двух наступных ягоны сакратарыят і ахова. На чацьвертым прыляцелі расейскія журналісты. Пуцін паглядзеў хакейны матч, пагаварыў з кіраўніцтвам краіны пра энэргетыку.

Наш камэнтар: Лубянскі візір умее абставіць помпай сваю пэрсону. І вельмі марыць зноў вярнуцца на пасаду султана.

Алесь Хадасевіч


Прыкідваюцца

14 траўня 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Медведев: Без Расеі супрацьракетны шчыт не стаўце”. Прэзыдэнт Расеі разаслаў ліст па ўсіх заходніх краінах, у якім пераконвае іх кіраўніцтва будаваць шчыт разам і падзяліць абарону на сэктары. Захад будзе бараніцца на сваім накірунку, а Расеі бараніць усіх з Усходу. Газэта напісала: “Для большасьці краін НАТО такая ідэя непрыймальная”.

Наш камэнтар: Ён што, не разумее, што антыракетны шчыт рыхтуецца якраз для абароны заходніх краінаў ад Расеі? Калі ў 1949 г. утваралася НАТО, Сталін таксама загадаў сваёй прапагандзе трубіць, што СССР ня супраць далучыцца да гэтага вайсковага блоку. Ён таксама ўдаваў неразуменьне таго, што заходнія краіны ставяць блок якраз з мэтай абароны ад Масквы.

Алесь Хадасевіч


“Усялякая ўсячына”

15 траўня 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” паведаміла пра перамогу на песенным конкурсе “Эўрабачаньня” дуэту з Азэрбайджану. У Баку пераможцаў сустракалі дзесяткі тысячаў людзей, адбылося яркае народнае сьвята.

Наш камэнтар: Безгалосая прадстаўніца калгаснай эстэтыкі позьняга лукашызма з РБ ня выйшла нават у фінальную дзясятку. Гледачы нізка ацанілі яе “ін'язаўскі” тэкст па-ангельску пра “Беларашу” і афармленьне сцэны ў выглядзе арнамэнта з лукашысцкага сьцяга РБ-БССР.

Алесь Хадасевіч


Правакацыя Асада

16 траўня 2011 г. нямецкая газэта “Die Welt” напісала пра закалоты на мяжы Ізраіля. У сувязі з набліжэньнем гадавіны абвяшчэньня Дзяржавы Ізраіль улады краіны чакалі новай палесцінскай інціфады ў Палестынскай аўтаноміі. Але нечакана на поўначы краіны праз мяжу з Сірыі і Лівана пачалі прарывацца на тэрыторыю Ізраіля тысячы арабаў (многія зь іх — палестынцы, што жывуць у гэтых краінах). Адбыліся сутычкі з арміяй, страляніна, загінулі 20 арабаў, шмат параненых. Прадстаўнік ізраільскай арміі заявіў, што ўсё гэта было манеўрам сірыйскага прэзыдэнта Асада, які спрабуе пераключыць увагу сусьветнага грамадзтва з народнага паўстаньня супраць ягонай улады ў Сірыі на іншыя праблемы. Сапраўды, на фота ў газэце сірыйскі дэманстрант трымае перад натоўпам адразу два партрэты Асада. Сірыйская армія не чыніла перашкодаў дэманстрантам на мяжы.

Наш камэнтар: Дыктатар Асад, які зьнішчае і эксплуатуе ўласны народ, раптам стаўся сымвалем вызваленьня палестынскага народу (?!). Цынічны ход антынароднай дыктатуры аплочаны жыцьцямі маладых людзей, якія пасунуліся за правакатарамі, што несьлі партрэты дыктатара.

Вельмі важная лекцыя: народ, ягоная моладзь, якія змагаюцца супраць тыраніі, не павінны паддавацца на правакацыйныя хады тырана. Нельга хадзіць у пасткі за папамі-гапонамі. Гэта зразумелі шмат якія беларусы 19 сьнежня летась, але гэтая лекцыя аплочана крывёй нашай моладзі.

Юрка Марозаў


Карумпаваная Дума

16 траўня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскі парлямант поўны мільянераў і беднякоў з багатымі жонкамі”. У артыкуле называюцца імёны мільянераў расейскага эканамічнага жыцьця паводле іхных дэпутацкіх справаздачаў перад Дзярждумай. Такую штогадовую справаздачу ўвёў быў прэзыдэнт Медведев. Знайшліся нават тры дэпутаты, вядомыя мільянеры, што паказалі ў дакумэнтах, як яны жывуць на свой парляманцкі заробак. Славацкая “Pravda” цытуе маскоўскую “Ізвестія”, якая пракамэнтавала маёмасныя прызнаньні дэпутатаў: “Дадзеных шмат, але інфармацыі мала”. Маскоўскія “Ведомості” напісалі: “Пытаньняў больш чым адказаў”.

Наш камэнтар: Зразумела, ніхто ў шчырасьць і паўнату гэтых прызнаньняў у Расеі не паверыў. Усім вядома, што Дзярждума РФ — карпаратыўны ворган улады крымінальнай групоўкі Крамля-Лубянкі.

Юрка Марозаў