СТАНОВІШЧА Ў ТРАЎНІ

Халодная вясна 2011-га года набліжаецца да свайго храналагічнага заканчэньня. Людзі чакаюць сонца, спадзяюцца на ўраджай і адпачынак. Позьні лукашызм амаль штодня прыносіць свае сюрпрызы, кур'ёзныя і непрыемныя. Незнаёмыя людзі, зьбіраючыся ў грамадзкіх месцах (у чэргах і на прыпынках транспарту), пачалі ўрэшце ўголас абмяркоўваць новыя цэны і нават праклінаць рэжым і яго начальніка. Як бачым, рэжым таксама зрабіў пэўныя захады па самаактывізацыі.

Актыўнасьць на нетыповым участку сацыяльнага жыцьця праявіў КГБ РБ. Стала вядома, што ў шэрагу школаў па ўсёй краіне працавалі праверачныя камісіі. Як заўсёды, яны правяралі хаду вучэбнага працэсу, стан матэрыяльнага забесьпячэньня школаў, дахі і сістэму ацяпленьня. Новым у праверцы была наяўнасьць у камісіі “прадстаўніка ворганаў”. Спачатку гэбэшнік накіроўваўся ў школьную бібліятэку. Там ён рабіў суровы і змрочны выгляд твару (захоўваючы яго да канца “праверкі”) і патрабаваў у бібліятэкарак паказаць яму кніжны фонд. Пагартаўшы кнігі, “ворган” халодным тонам пытаўся, чаму так мала ў бібліятэцы ёсьць кніг пра БРСМ. Бібліятэкаркі адказвалі: “Што нам разьмяркоўваць, тое мы і маем”. Пасьля гэтага гэбэшнік патрабаваў у дырэкцыі, каб яму выдзялялі асобны кабінэт і зачыняўся там. Яму прыводзілі аднаго за адным старшаклясьнікаў і пакідалі іх сам-насам зь ім. Ніхто з падлеткаў не прызнаўся, пра што яны размаўлялі з афіцэрам спэцслужбаў, але ўсе былі прыгнечаныя і агаломшаныя гэтай размовай. Зразумела, што гэбэшнік загадваў ім маўчаць пра зьмест размовы. Мяркуем, што праводзілася “чыстка мазгоў”, а магчыма ў дадатак і вярбоўка “маладых кадраў”. Цікава, што скаргаў ад бацькоў наконт такога абыходжаньня афіцыйнай асобы з непаўнагадовымі не паступала.

Нездарма рэжым апошнім часам пачаў так актыўна ўслаўляць генсека КПСС Ю. Андропава і ягоную “кампанію па дысцыпліне”. У 1983 г. на працягу некалькіх месяцаў на загад андропаўскага Палітбюро па ўсім СССР ворганы лавілі людзей на вуліцах і правяралі іх на прадмет адсутнасьці на працоўным месцы. На кампанію была мабілізавана таксама адміністрацыя прадпрыемстваў і ўстановаў. Было шмат адміністрацыйных пакараньняў, шуму, абразаў. Быў таксама страх грамадзянаў перад усюдыпрысутнай сістэмай, якая ўрывалася з праверкамі дакумэнтаў нават у лазьні (па вуліцах тады беглі малаапранутыя распараныя людзі з венікамі ў руках, якія вырываліся з аблавы). Андропаўская кампанія скончылася з скорай сьмерцю генсека, але трывала запомнілася яе сьведкам і ўдзельнікам.

Лукашызм узяўся да ўкараненьня андропаўскага досьведу, зноў загаварыў пра “працоўную дысцыпліну”, вынайшаў нават новыя формы “працы з маладым пакаленьнем”. Гэбуха зноў дэманструе сваю усюдыпрысутнасьць і ўсемагутнасьць. Але вось цікава — у сёньняшніх беларусаў у сувязі з гэтым няма андропаўскага страху. Людзі толькі пачалі ўспамінаць андропаўскія анэкдоты. Нават школьныя настаўнікі і бібліятэкары не трымцелі перад сурова-грознымі гэбэшнікамі. На пытаньні адказвалі, кнігі паказвалі, але не баяліся. Інстынктыўна нашы людзі адчулі, што навязьлівая гэбоўская прысутнасьць сьведчыць пра крызіс жанру ў рэжыму, пра слабасьць і няўпэўненасьць антынароднай сістэмы.

У сувязі з гэтым сам рэжым вырашыў паказаць, што ён “крочыць у нагу” з падзеямі. 16 траўня на БТ урэшце паказалі ток-шоў на самую актуальную тэму. Гаворка (у асноўным падстаўных і падрыхтаваных удзельнікаў-статыстаў) ішла не пра скачкі цэнаў і не пра адсутнасьць валюты. Рэжымная прапаганда абрала нешта больш важнае, проста пякучае для беларускага грамадзтва. На працягу доўгага эфірнага часу на экране абмяркоўваўся няўдалы выступ менскай студэнткі Інстытуту замежных моваў на конкурсе Эўрабачаньня. Быў нават уключаны лічыльнік, які падлічваў тэлефанаваньні гледачоў, якія вырашалі дылему: Эўрабачаньне — гэта палітычнае або культурнае мерапрыемства. Аратары баранілі голас і манеру сьпявачкі, “большое обшчественное содержаніе её песні о Белоруссіі” і адзінагалосна прыходзілі да высновы, што “белорусску” засудзілі. А зрабілі гэта, маўляў, таму што “ім не нравітся наш особенный путь развітія”. Без сьмеху на гэты лукашыстоўскі фарс глядзець было немагчыма.

Тым часам людзей хвалюе не правал лукашыстоўскай калгас-эстэтыкі на замежным конкурсе, а вельмі канкрэтныя справы. У нядзелю (апошняя субота была працоўнай) назіралася сапраўднае нашэсьце на супэрмаркеты і рынкі сталіцы. Людзі накіроўваліся ў гэтыя месцы шырокімі плынямі, якія па дарозе зьліваліся ў шчыльныя калёны, падобныя на арміі... Неабазнаны з сытуацыяй назіральнік мог бы падумаць: вось якая пакупніцкая актыўнасьць беларускіх грамадзянаў, якое забясьпечанае грамадзтва. На самай справе людзі таўкліся ў крамах і на рынках, вышукваючы тавары, якія можа і непатрэбныя ім сёньня, але якія прадаюцца яшчэ па старой цане. Грамадзяне затаварвалі свае кладоўкі, балконы і хованкі, імкнучыся патэнцыйна сэканоміць грошы ў будучыні. Вельмі блізкай будучыні, як разумеюць усе, што настае кожную раніцу з новымі рэжымнымі сюрпрызамі. Панікі ў крамах яшчэ няма, але разуменьне правалу эканомікі ўжо ёсьць.

Усе чагосьці чакаюць. Усе неяк разумеюць, што разрэкламаваная рэжымам “стабільность нашего обшчества” ужо скончылася. Многія ўстрывожаны і разгублены, задаюцца пытаньнем: а як будзем жыць далей?

Сапраўды, гэта не рытарычныя пытаньні. І адказы на іх нашы людзі павінны шукаць ня ў тых, хто абрабаваў і зьняважыў іх. Адказ павінна даць салідарнае беларускае грамадзтва.

Алесь Хадасевіч