“НА АЛТАРЫ НАШАЙ ВОЛІ ЛЯЖЫЦЬ І ПРАЦА УЛАДЗІМЕРА БАЗАНА”
20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці?
Імя Ўладзімера Базана ў Берасьці, дзе ўсе навідавоку, згадвае кожны суразмоўца. Маладзейшыя, якія ўжо не засьпелі яго ў жывых, дагэтуль карыстаюцца ягоным даробкам. Уладзімер Базан — сапраўдная постаць беларускага адраджэньня, чалавек, які стаў крыніцай шматлікіх незалежніцкіх спраў. Менавіта ён удзельнічаў у стварэньні першых незалежных арганізацый Берасьця, свабоднага друку, беларускамоўных клясаў у школах і ўвогуле, здаецца, у 80-90-х не было такой карыснай і важнай справы, да якой не прычыніўся б Уладзімер Базан.
Дні незалежнасьці 91-га ў Берасьці — ціхім і заможным абласным цэнтры — былі сустрэтыя не зусім так, як у Менску.
Згадвае паплечнік Уладзімера Базана Ігар Бараноўскі:
“Шматтысячны мітынг у Берасьці быў. Штурмаваў натоўп былы будынак гаркаму партыі, здаецца. Там ужо трашчалі дзьверы, я памятаю як цяпер, мы з Базаном стаялі, расставіўшы вось так вось рукі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, і казалі: Людзі, ня біце шкло, гэта нашая маёмасьць, наш будынак. Праўда, шыльды абкаму партыі былі пабітыя. Будынак пад натоўпам трашчаў, дзьверы ламіліся, але выстаялі.
Вось у мяне і ў нас у берасьцейскім фронтаўскім коле менавіта тады было адчуваньне: гэта пералом, вось яна, незалежнасьць. Радыкальна зьмянілася ўсё, што было раней. Такі этапны пэрыяд, водападзел. У нас пасьля таго мітынгу была вельмі цікавая сытуацыя. Пасьля таго мітынгу мы стварылі праз фронт такую структуру аховы будынкаў абкаму партыі, партархіву. У нас так званае царскае сяло — за помнікам Леніну. І ўлады тады былі страшэнна напалоханыя... Чаму ахову стварылі — бо мы баяліся, што будуць паліць архівы, нейкія дакумэнты выносіць, хаваць. Адчуваньне, што на нейкі момант улада разгубілася, што гэта пералом ня проста там недзе ў Менску ці ў Маскве, а ў нас у рэгіёне, гэта было адназначна ў Берасьці бачна”.
Фэномэн незвычайнай асобы Ўладзімера Базана паспрабаваў вызначыць перакладчык-германіст Яўген Бяласін:
“Мяне ўражвала ў Базану мадэль — ён з простага стану, яго бацькі сяляне, я туды езьдзіў на пахаваньне. Брат у яго просты чалавек. А ён іншы — чаму іншы? Мяне гэты фэномэн якраз і цікавіць. Вось ён, самавук”.
Ігар Бараноўскі: “Ён паўстаў з гэтай савецкай рэчаіснасьці, выхаваны ў Менску, бо ён нарадзіўся ўжо ў Менску. Скончыў тэатральна-мастацкі інстытут. Валодзя Базан стаяў каля вытокаў беларускага руху ў Берасьці. У канцы 80-х гадоў тут зьявілася сябрына “Край”, грамадзка-культурнае аб'яднаньне, і Валодзя Базан, які быў сябра Саюзу мастакоў, калекцыянэр, вядомы ў Берасьці, — ён цікавіўся беларушчынай і безумоўна далучыўся да гэтых колаў, быў адным з актыўных стваральнікаў беларушчыны ў горадзе. Стаяў каля вытокаў стварэньня БНФ у Берасьці, ён арганізацыйнай дзейнасьцю шмат займаўся. Ён быў на ўстаноўчым зьезьдзе БНФ у Вільні.
Вельмі любіў фота і архівы, наагул у яго былі вельмі багатыя архівы. Бо сам ён быў калекцыянэр, вядомы па ўсёй Беларусі, ягоная калекцыя бонаў знакамітая і, можа, нават найлепшая ў Беларусі. Напэўна, нездарма яму Беларуская гістарычная энцыкляпэдыя даручыла напісаць артыкул па баністыцы — гэта навука, якая займаецца папяровымі грашовымі знакамі. Гэтая калекцыя выстаўлялася дзесьці. Бо ён шмат прыкладаў намаганьняў да таго, каб культурна-гістарычная спадчына Беларусі была вядомая і даступная. Гэта і герб гораду, да якога ён прычыніўся, каб ён стаў законным гарадзкім гербам.
Ён быў вялікім патрыётам Берасьця. Таму стаў адным з заснавальнікаў грамадзкага аб'яднаньня “Стары горад”. Таксама адзначу, што давялося яму стаць таксама і заснавальнікам рэспубліканскага фонду падтрымкі дэмакратычных рэформаў імя Льва Сапегі. Напэўна, таксама нездарма. Мы зь ім былі на ўстаноўчым зьезьдзе гэтай арганізацыі ў Менску і ў Берасьці філіял стваралі.
Валодзю Базана вельмі цікавілі праблемы мясцовага самакіраваньня, ён разумеў, што бяз гэтай мясцовай дэмакратыі і мясцовай беларушчыны Беларусь ня спраўдзіцца як краіна. Калі ня будуць гэтыя парасткі пушчаныя на месцах і ў рэгіёнах. Калі ён ствараў фонд Сапегі разам з Георгіем Куневічам і калі мяне пераконваў стаць заснавальнікам, ён сказаў вельмі проста: “Патрэбны пляцоўкі і месцы, дзе можна гаварыць з нашымі чыноўнікамі, з нашай намэнклятурай. Дзе будуць праводзіцца навуковыя сустрэчы, канфэрэнцыі, дзе мы зможам і ў афіцыйнай, і ў неафіцыйнай абстаноўцы гаварыць і разам знаходзіць тое, што нас аб'ядноўвае”.
Валодзя Базан, будучы такім, здаецца, гуманітарыем, мастаком, ён разумеў, што без прыватнага бізнэсу, малога бізнэсу Беларусь як незалежная краіна будзе мець вялікія праблемы. Хоць тады, я памятаю, мы востра дыскутавалі, і многія ў незалежных колах і ў тым ліку і ў БНФ баяліся той малой прыватызацыі, бо думалі, што там будуць раскраданьні хутчэй. Валодзя Базан бачыў, што гэта шлях да нармальнай Беларусі, калі паўстане свой беларускі бізнэс. На жаль, ён не паўстаў, і сёньня мы маем гэтыя праблемы, што і партыі ня могуць існаваць нармальна, таму што няма тых колаў, якія б адстойвалі свае эканамічныя думкі праз партыйныя структуры.
Я ведаю, што многія бізнэсоўцы ў Берасьці дапамаглі існаваць і сядзібе БНФ, бо патрэбныя былі немалыя грошы, падтрымлівалі і культурніцкія акцыі. Уласна, гэта была заслуга Валодзі Базана, які ўмеў знайсьці паразуменьне і падтрымку для беларускіх спраў, для беларускага адраджэньня, незалежнасьці праз нашых мясцовых бізнэсоўцаў.
Я думаю, тое, што многія бізнэсоўцы ў Берасьці пасьля пайшлі ў дэмакратычныя арганізацыі, у АГП у прыватнасьці, ужо пасьля сьмерці Валодзі Базана, — гэта ягоная пэўная заслуга, бо ён зь імі сустракаўся, размаўляў і пераконваў”.
Ігар Бараноўскі, даўні сябар Фронту, сьцьвярджае, што час, калі Ўладзімер Базан кіраваў абласной радай БНФ, а гэта 1992-1997 гады, — быў найлепшым пэрыядам у берасьцейскім Фронце.
Гэта пацьвярджае і Зянон Пазьняк: “Уладзімір Базан быў кіраўніком Берасьцейскай рады БНФ. Гэта быў моцны і надзейны беларус, добры арганізатар і ўвогуле тая асоба, на якіх звычайна трымаецца палітычная арганізацыя. Калі рабілася нейкая агульная справа ці мерапрыемства, то за Берасьце можна было не хвалявацца: Базан зробіць. Апошні раз я бачыў Уладзімера Базана летам 1996 году ў Варшаве, ужо будучы ў палітычнай эміграцыі. Мы размаўлялі пра новую акупацыйную сытуацыю, якая ўтварылася ў Беларусі, і абмяркоўвалі, што павінен рабіць Фронт у тых абставінах. Валодзя ўсё гэта бачыў і адпаведна ацэньваў.
Я ня ведаў, што ў гэты час ён ужо быў сьмяротна хворы. Заўважыў толькі, што ён быў глыбока пагружаны ў самога сябе, нібы шукаў нейкага неўсьвядомленага адказу. Мы яшчэ дамовіліся, як будзем трымаць сувязь. Але лёс распарадзіўся па-свойму. Сьмерць Уладзімера Базана ў росквіце сілаў стала для Беларусі і для ўсіх нас вялікай стратай. Якраз настаў змрочны час, патрэбныя былі людзі такія, як Уладзімер Базан, а ён адышоў. І цяпер мне душа шчыміць. Але ведаю, што на алтары нашай волі і незалежнасьці ляжыць і ягоная праца, сумленьне і дух.
Як і сотні іншых фронтаўцаў, гэта быў чалавек эпохі. Той эпохі, калі была здабытая рэальная незалежнасьць Беларусі”.
Да ўсіх сваіх спраў Уладзімер Базан падыходзіў як сапраўдны мастак. Ягоныя працы ў тэхніцы сграфіта дагэтуль упрыгожваюць будынкі Берасьця. Менавіта ён спрычыніўся да таго, каб цяперашні герб гораду — лук з нацягнутай цецівой — адпавядаў гістарычнаму. Але былі ў яго і іншыя творы.
Ігар Бараноўскі: “У 94 годзе мы вырашылі скарыстаць такую цікавую асаблівасьць тагачасных выбарчых нормаў. Можна было вырабляць перадвыбарчыя надпісы, а як і што гэта, не было зразумела. Ну, і ў апошні дзень перад галасаваньнем мы вырашылі з Уладзімерам Базаном напісаць такі лёзунг, “Пазняк — наш шанс”, на плоце, які адгароджваў даўгабуд радыётэхнічнага заводу па вуліцы Машэрава. Гэта цэнтральная вуліца, якая ідзе праз увесь горад. На тым жа велічэзным жалезабэтонным плоце літарамі ў рост чалавека гэты надпіс быў зроблены позна ўвечары. На апошніх літарах міліцыя ўсё ж нас затрымала і, ня ведаючы, што рабіць, даставіла на ўчастак. Потым адбыўся суд. У судзе выявілася цікавая сытуацыя. Калі прадстаўнік радыётэхнічнага заводу, юрыст, пачаў гаварыць, маўляў, што вы там намазалі на тым плоце, Валодзя стаў гаварыць: “Вы што! Якое намазалі! Я мастак прафэсійны, маю адукацыю і пасьведчаньне. Гэта гарнітура такая і такая, шрыфт такі і такі, гэта мой самы буйны мастацкі твор”. Сапраўды, мэтраў на 40 надпіс расьцягнуўся. Ён доўга яшчэ пасьля выбараў вісеў, яго спрабавалі, праўда, замазаць”.
Як і многія з тых, хто аддаваў і аддае сябе справе адраджэньня, Уладзімер Базан быў вымушаны дзяліць сябе паміж сям'ёй і ўласным прызначэньнем.
Сын Уладзімера Базана Кастусь ад размовы катэгарычна адмовіўся. Бацькі разьвяліся, калі ён і сястра былі вельмі малыя. Мне падалося, што боль ад страты бацькі, прычым страты ня толькі празь сьмерць, але і празь ягоную адданасьць справе, не прыцішыўся. Аднак Уладзімер Базан стаў сымбалічным бацькам многім малым берасьцейцам:
Ігар Бараноўскі: “Аскетычны лад жыцьця, які вёў, дарэчы, Валодзя, — гэта трэба падкрэсьліць, гэта чалавек быў бяссрэбранік. Ён імкнуўся ўсё аддаць сваім дзецям, якіх вельмі-вельмі любіў. Кастусь яго пайшоў у першы беларускі кляс у Берасьці. Ён сам выхадзіў як бацька гэты кляс, сабраў дзяцей, іншых бацькоў. Мы разам хадзілі па кватэрах, запрашалі. У 9 школе гэты кляс, дзеткі вырасьлі. І многія аказаліся вельмі разьвітыя, я ўжо ведаю, што многія размаўляюць свабодна і па-руску, і па-беларуску, і па-ангельску. Дзякуючы гэтаму першаму вопыту мы паказалі, што нармальныя дзеці могуць выходзіць зь беларускіх клясаў. Ну, і заслуга Базана ў стварэньні гэтых першых беларускіх клясаў у Берасьці немалая, бо ён працаваў і з настаўніцай, дапамагаў ёй чым мог, мэтадычнымі беларускімі матэрыяламі. Яна заўсёды да яго зьвярталася па дапамогу і заўсёды знаходзіла тую дапамогу, якую ён мог аказаць і як мастак, і як знаўца беларушчыны”.
Уладзімер Базан два гады па вечарах выкладаў гісторыю беларускага мастацтва навучэнцам філіі коласаўскага ліцэю ў Берасьці.
Уладзімер Базан памёр у 1997 годзе ад раптоўнай хваробы. Гэтая сьмерць была настолькі несправядлівай і нечаканай для ўсіх, што дагэтуль выклікае спрэчныя тлумачэньні.
У апошнія дні побач з Уладзімерам Базаном быў айцец Ігар Кандрацьеў, сьвятар створанай пры непасрэдным удзеле Базана грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці.
Айцец Ігар Кандрацьеў: “Ня так шмат людзей засталося ў нашай парафіі, якія яго памятаюць. Сёньня гэта больш моладзь прыйшла — тыя, хто прыйшоў пасьля Валодзі. Але вельмі каштоўна тое, што яны прыйшлі на тое месца, якое падрыхтаваў Валодзя Базан. Калі я ўзгадваю і разважаю пра тое, чые заслугі таго, што ў нас сёньня ёсьць — і будынак, і сталовая, і кухня, і друк, і школка дзіцячая, рэдакцыя. Шмат розных кірункаў працы. Гэта ўсё дзякуючы тым людзям, якія былі ля крыніц,ад самога пачатку — для мяне гэта Валодзя”.
Аляксандра Дынько