ЦЭНЫ ПАЛЯЦЕЛІ
Увечары 14 траўня цікаўныя беларусы ўключылі тэлевізары, каб пазнаёміцца з апошнімі навінамі. БТ ніхто не глядзіць, там толькі Лукашэнка і вертыкальшчыкі, якія “ведут нас вперёд”, а таксама хлусьлівыя тэлеэпізоды “народнага шчасьця” і “сацыяльна-эканамічнага прагрэсу”, у якія ўжо ніхто ня верыць.
Расейскія тэелеканалы на пачатку праграмы выдавалі анонсы навінаў дня. На адным з першых месцаў быў анонс падзеяў у Беларусі: чарговыя прысуды людзям, арыштаваным 19 сьнежня летась, і паведамленьне пра новыя цэны на прадукты харчаваньня ў нашай краіне. Цікава, што падчас трансляцыі расейскіх тэлеканалаў у Беларусі нашы гледачы так і ня ўбачылі сюжэт пра беларускія навіны. У адпаведны момант на экране зьявілася рэклама, зайграла музыка і беларусы нічога не даведаліся з Масквы пра свае справы. БТ ні слова не сказала ні пра прысуды, ні пра новыя цэны. Для рэжыму гэта была не навіна.
Аднак, пра падзеі ведаюць усе, хто хаця б мінімальна цікавіцца жыцьцём вакол сябе. Пра прысуды і цэны паведамілі БелаПАН і іншыя мясцовыя і маскоўскія агенцыі і інтэрнэт-выданьні. Што тычыцца цэнаў, то Мінэканомікі РБ яшчэ 27 красавіка 2011 г. прыняло пастанову, паводле якой “зьнятыя абмежаваньні па гандлёвых надбаўках на фарш, пельмені, субпрадукты, вараныя кілбасы, рыбу, сыры, соль, бананы, апэльсіны і лімоны”. На звычайнай чалавечай мове гэта азначае, што цэны больш ня будуць стрымлівацца адміністрацыйна, а палятуць угару. Пералік тавараў на “палёт у гару”, аказваецца, быў прыняты Саветам міністраў РБ яшчэ 14 красавіка сёлета. Рэжым не палічыў патрэбным паведаміць насельніцтву пра свае “вялікія рэформы”. Але людзі і самы здагадаліся пра гэта. Штодня ў крамах цэны на харчовыя і іншыя тавары паўзуць у гару як правіла “невялікімі” штуршкамі па 1 тысячы рублёў. Некаторыя прадукты (напрыклад, крупы) падаражэлі адразу ў 2-3 разы. Такім чынам, шок перажывае толькі той, хто быў за межамі краіны і не заходзіў у беларускую краму хаця б на працягу тыдня. Але то быў толькі пачатак. Цяпер цэны, як ужо было сказана, палятуць...
Рэжым хлусіць, дудзіць у фанфары, спрабуе замоўчыць сапраўдныя праблемы, нібыта гэтым фальшам і замоўчваньнем можна вырашыць або прынамсі прыкрыць эканамічны правал у Беларусі. Падобна, што хунта зьбіраецца дурыць людзей да канца. Як гэта рабіла сталіншчына да 3.00 22 чэрвеня 1941 года: “мір і дружба”, а потым раптам “вероломное нападеніе” і “вставай, страна огромная”.
Сапраўдныя (не падстаўныя і не рэжымныя) эканамісты даўно папярэджвалі, што рэжыму ня ўдасца бясконца рабіць выгляд, што (цытуючы Лукашэнку) “у нас крізіса нет і не будет”. І вось гульня ў “стабільнасьць” і “дабрабыт” прыходзіць да развязкі. У бліжэйшы час абсалютная бальшыня насельніцтва ня будзе здольнай купіць на свае заробкі (ператвораныя інфляцыяй у нішто) самыя неабходныя прадукты харчаваньня для сябе і дзяцей. У крамах будуць гніць прадукты, якія будуць недаступнымі для беларусаў. Рэальнай становіцца праблема, што людзі будуць няздольныя аднаўляць свае фізычныя сілы для выкананьня працы на сваіх працоўных месцах. Але рэжым і тут “парупіўся”: эканамічны развал толькі ў апошнія тыдні зрабіў беспрацоўнымі больш за паўмільёна беларусаў. І гэта толькі пачатак.
Грошай на харчаваньне сваіх сем'яў работнікам востра не хапае ўжо цяпер. Вядома, што на некаторых менскіх прадпрыемствах ужо ёсьць перадстрайкавыя настроі. Рабочыя не зьбіраюцца ціха і паслухмяна вэгэтаваць з мізэрнымі заробкамі і забясьпечваць тэлебачаньне антынароднага рэжыму сюжэтамі “пра аптымізм”. Людзі ўспамінаюць падзеі дваццацігадовай даўніны, калі пасьля скачка цэнаў у красавіку 1991 года, беларусы зьдзівілі ўвесь сьвет і крамлёўскую хунту магутным народным пратэстным уздымам. І тады афіцыйная прапаганда спрабавала растварыць і затушаваць настроі людзей у Беларусі напускным і фальшывым тэлеаптымізмам. Ды не ўдалося. А праз некалькі месяцаў павалілася савецкая імпэрыя...
Гісторыя мае тэндэнцыю паўтарацца. Часам яна паўтараецца з дзіўным падабенствам на новым вітку разьвіцьця грамадзтва і дзяржавы. Вельмі важна, каб беларусы зразумелі гэта і не праспалі адпаведны момант.
Юрка Марозаў