АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (09–12.05.2011)

Правакацыі гэбізму ў Львове

9 траўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” пісала з Львова. Тамака актывісты арганізацыі “Едінство русскіх і Отечество” спрабавалі прайсьці пад чырвонымі сьцягамі да “Пагорку Славы”. Іх спынілі ўкраінскія нацыяналісты з партыі “Свабода”. Адзін з расейцаў страляў па людзях з пісталета, адзін чалавек быў паранены. Адбыліся сутычкі.

Наш камэнтар: Адчуваецца, што ва Украіне разгортваецца рэванш імпэрскіх маскоўскіх сілаў. Але ўкраінскія патрыёты не саступаюць ім.

Юрка Марозаў


Надзьмуте сьвята у Маскве

9 траўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” пісала з Масквы. Масква парадамі і салютамі сьвяткавала “Дзень перамогі”. Войскі маршыравалі па Чырвонай плошчы ў новай штодзённай уніформе: усе ў бэрэтах розных колераў. Было шмат партрэтаў Сталіна.

Наш камэнтар: Беларусы, якія ў гэты дзень былі ў Маскве распавядаюць, што па-ранейшаму шматлюдных сьвяткаваньняў “Дня победы” там не было. Па тэлеканалах паказвалі арганізаваныя ўладамі мерапрыемствы з тысячамі заангажаваных статыстаў. Мільёны людзей актыўна ігнаруюць мілітарысцкі афіцыёз, які даўно стаміў усіх. Падобна, што Крэмль вырашыў закідаць рознаколернымі бэрэтамі любога ворага (гэткі від “шапказакідальніцтва”). Без іроніі немагчыма камэнтаваць надзьмутую помпу маразматычнай імпэрыі.

Алесь Хадасевіч


У Японіі нацыянальны ўрад.

10 траўня 2011 г. швайцарская газэта “La Tribune de Geneve” напісала пра заяву прэм'ер-міністра Японіі Наота Кана. Ён заявіў, што, усьведамляючы адказнасьць за сытуацыю, ён адмаўляецца атрымліваць свой заробак да завяршэньня крызісу на атамнай станцыі ў Фукусіме.

Наш камэнтар: Ці можна чакаць такога жэсту ад сп. Мясьніковіча або каго-небудзь іншага з лукашэнкаўскай каманды? Пытаньне рытарычнае. Паслухаць іхныя выказваньні, дык і крызісу ў краіне няма. Проста ў Японіі не акупацыйны, а нацыянальны ўрад.

Юрка Марозаў


Важнае патрабаваньне часу

10 траўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра ананімных актывістаў, якія ўкідваюць у Сеціва шмат інфармацыі, фотаздымкаў і фільмаў пра падзеі ў Сірыі. Некаторыя з фільмаў выкананыя прафэсійна, суправаджаюцца музыкай. Дзякуючы гэтым удзельнікам і сьведкам падзеяў сьвет даведваецца пра тое, што адбываецца ў зачыненай рэжымам краіне.

Наш камэнтар: Гэта ёсьць прыклад для беларускіх актывістаў Сеціва. Разам мы павінны разьбіць мур крывадушнасьці і неадэкватнай інфармацыі, якія існуе вакол Беларусі ў інфармацыйнай прасторы. Прычым ня толькі дзякуючы лукашэнкаўскаму афіцыёзу. Крывадушнасьці дастаткова і ў так званых “незалежных дэмСМІ”. Важна, каб наша праўдзівая інфармацыя гучала на эўрапейскіх мовах: польскай, ангельскай, нямецкай і г.д. Гэта ёсьць патрабаваньне часу, патрабаваньне інфармацыйнай вайны, якая вядзецца супраць Беларусі.

Алесь Хадасевіч


Данія: канроль на мяжы

11 траўня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла, што праз 2-3 тыдні Данія ўводзіць канроль дакумантаў на сваёй мяжы з Нямеччынай. Пазьней будзе ўведзены кантроль на мяжы з Швэцыяй. На гэтае рашэньне моцна паўплывала дамінуючая ва ўрадзе Дацкая Народная партыя. Датчане хочуць спыніць прыток крымінальнікаў з Усходняй Эўропы.

Наш камэнтар: Данія ўжо “накушалася” Шангенскай зоны, расчыненай для каго-заўгодна брамы свайго нацыянальнага дому і іншых “вабнотаў” брусэльскага лібэралізму. Як заўсёды, аднаўляць нармальнасьць бярэцца народная патрыятычная партыя (лібэральныя СМІ называюць яе “папулістычнай”).

Алесь Хадасевіч


Наступным разам ня ўдасца!

11 траўня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” апублікавала артыкул, прысьвечаны кнізе ўспамінаў славацкага антыфашыста Яна Рознэра “Ноч пасьля фронту”. Аўтар кнігі ўспамінае, як 9 траўня 1945 г. славакі сустракалі ў Браціславе Чырвоную армію. Вітаць пераможцаў кінуліся таксама тысячы агентаў гестапа і фашыстоўскіх арганізацый. Многія зь іх пачалі пераапранацца з фашыстоўскіх мундзіраў у цывільнае, калі ў горадзе яшчэ былі немцы, але ўжо чуўся грукат “кацюшаў”. Яны навыперадкі кінуліся запісвацца ў камуністычную і дэмакратычную партыі. Зразумела, тыя зь іх, хто ня быў настолькі прыкметным падчас нямецкай акупацыі.

Наш камэнтар: Такое заўсёды адбываецца, калі валіцца рэжым, які яшчэ нядаўна здаваўся непахісным і нават вечным. Такое беларусы бачылі ў жніўні 1991 года, калі многія захацелі раптам прымазацца да Народнага Фронту, пакрасавацца і забясьпечыць сябе месца ў “дэмакратычнай намэнклятуры”. У хуткім часе, аднак, усё зь імі высьветлілася. З “імгненных патрыётаў” яны імгненна ператварыліся ў лукашыстаў. Наступным разам ім перафарбавацца ня ўдасца.

Алесь Хадасевіч


Лямант касмапалітаў

12 траўня 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала, што ў Эўрапарляманце шэраг эўрадэпутатаў выказвалі абурэньне рашэньнем Даніі аднавіць кантроль дакумантаў на сваіх межах. Лідэр групы кансэрватараў у Эўрапарляманце Ёзэф Даўль сказаў: “Непрыймальна, каб Эўропа будавалася на аснове нацыянальных эгаізмаў”.

Наш камэнтар: Ледзь пасьпелі датчане ўзнавіць кантроль на парозе свайго нацыянальнага дома, як залемантавалі брусэльскія арганізатары “агульначалавечага шчасьця. “Альтруісты” апалчыліся на “эгаістаў”...

Алесь Хадасевіч


Людзі і помпа

12 траўня 2011 г. іспанская газэта “El Mundo” паведаміла, што 87-гадовы вэтэран ІІ Сусьветнай вайны Васіль Засорын даслаў пратэстны ліст Пуціну. Засорын напісаў у лісьце: “Калі я быў малады і здаровы, то быў патрэбны краіне. Цяперака, калі я хворы і стары, я стаўся непатрэбным. Гэтак робіць не радзіма-маці, а мачаха”. Да ліста Засорын прыклаў і паслаў Пуціну ўсе свае мэдалі. Вэтэран жыве ў доме без гарачай вады і каналізацыі на ўтрыманьні дачкі.

Наш камэнтар: Сапраўды, вось на што трэба было б выдаткаваць грошы, змарнаваныя Крамлём на танкавыя парады і стракатыя салюты (каласальныя грошы). Але для імпэрыі помпа даражэй за людзей.

Алесь Хадасевіч


Мышыная валтузьня вакол палітыкі

12 траўня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” пісала пра спрэчкі вакол чэмпіянату сьвету па хакею 2014 года, які мае адбыцца ў Менску. Эўрапейскі парлямант заклікаў Міжнародную асацыяцыю хакея на лёдзе правесьці чэмпіянат не ў Менску, а недзе ў іншай краіне ў сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі і тым, што ня выпушчаны палітычныя вязьні. Старшыня Міжнароднай асацыяцыі хакея на лёдзе Рэнэ Фасэль адказаў, што “Лукашэнка шмат што зрабіў для разьвіцьця хакея” і што “асацыяцыя — не палітычная справа”.

Наш камэнтар: І сапраўды, ён так “шмат зрабіў” для хакея, што давёў Беларусь да эканамічнага ўпадку, а хакейную зборную нашай краіны да правальных паразаў. Падобна, што рэклямны трук рэжыма з “чэмпіянатам-2014” таксама правальваецца.

Алесь Хадасевіч