ЧЭРНЬ БЯСЬСІЛЬНАЯ ПЕРАД ПАЭТАМ

Суд, які прыдумаў Лукашэнка над людзьмі, што 19-га сьнежня мінулага года прышлі на плошчу Незалежнасьці ў Менску, ёсьць адкрыты зьдзек над беларусамі. Тут (у гэтым судзе) выявілася сублімацыя нянавісьці ўзурпатара да вольнай Беларусі і вольнай нацыі, да беларускай мовы і культуры.

Беларусы, міжвольныя ахвяры паранойнай помсты, якіх кінулі за краты, павінны б разумець, што галоўны сэнс іхняй абароны — гэта ёсьць абарона Беларусі, і ніякія довады асабістай недатычнасьці да абвінавачваньня ня будуць прынятыя пад увагу ворагам нацыі.

Здаецца шмат хто гэта ўжо зразумеў. Але адкрыта, наўпрост і на ўвесь голас сказаў у сваёй прамове на судзе Уладзімер Някляеў. У беларускай традыцыі і культуры голас паэта мусіць быць голасам праўды і справядлівасьці і Бацькаўшчына — перадусім. Някляеў пацьвердзіў высокую годнасьць беларускага паэта і грамадзяніна.

Сэнс несправядлівага суду цемры ня ў тым, каб пасадзіць паэта на 5- 7- 15 гадоў у турму, а ў тым, каб яго прынізіць, псіхічна стаптаць, прымусіць яго дрыжэць, круціцца, прасіць (прасіць самога Сатану) і гэтым прынізіць увесь беларускі народ, бо паэт, які піша пра свой народ, — ёсьць яго прадстаўнік.

Чэрнь ўжо прайграла свой цёмны працэс, бо не зваявала ні розум, ні волю, ні гонар паэта. Прыйдзе час і на лаве падсудных апынуцца цёмныя спраўцы нішчэньня нашай Айчыны і адкажуць за ўсё.

Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк

12 траўня 2011 г.