“СІПЛЫ ГОЛАС НЯНАВІСЬЦІ”

(Выступ перад сябрамі народнай партыі)

Цяпер, асабліва пасьля выказваньняў узурпатара пра “казлоў”, “вашывую палітыку” і абвяшчэньня права на свабоду думак чалавека ў сваёй хаце на кухні, шмат хто (хто ня ведае яго псіхалёгіі) пачаў казаць і пісаць пра “агонію” рэжыму, якому, трэба разумець, надыходзіць канец. Тэндэнцыя такая, вядома, ёсьць, але ў цэлым пра “агонію” і “канец” — гэта перабольшаньне. “Агонія” адбываецца ўжо скора 17 гадоў. Так званы “прэзыдэнт” заўсёды быў такім і выказваўся гэтаксама (гэта значыць так, як умеў). У самым пачатку сваёй улады ён нават Гітлера пахваліў і казаў, што гэта “узор” для яго “прэзыдэнцкага” кіраваньня. “Вашывыя блохі”, “адмарозкі”, “падонкі” і т. п. лексіка гучэла ўвесь час у хамскай і нецярпімай (у дачыненьні да апанэнтаў) форме. І грамадзтва (акрамя невялікай яго часткі) усяго гэтага варварства, як быццам, не заўважала. Такі фэнамэн мае сваё тлумачэньне. Але факт застаецца фактам: грамадзтва глядзела наўпрост — і ня бачыла, слухала — і ня чула.

Сямнаццаць гадоў, з дня ў дзень, гучэў над краінай сіплы голас нянавісьці. Адных беларусаў натраўлівалі на іншых беларусаў. Народ дзялілі па ўсім: па мове (увёўшы дзьвюхмоўе і чужую мову ў якасьці дзяржаўнай), па веры (прыярытэт і дыскрымінацыя ў канфэсіях), па працы (мафійныя адносіны да прадпрыймальніцтва), па дачыненьнях да Захаду, да Расеі, да гісторыі (усхваленьне СССР), да самых сябе.

А ў гэты ж час былі амаль зьнішчаныя асновы нашага нацыянальнага духа і культурнага існаваньня: дзяржаўныя і нацыянальныя сымвалы, беларуская школа, беларуская мова, нацыянальная асьвета і выхаваньне моладзі, тэлебачаньне, радыё, разбурана беларускае кнігавыданьне і літаратура, у глыбокай структурнай і тэхналягічнай яме знаходзіцца эканоміка і фінансы, разбураныя беларускія вытворчыя сілы праз адлучэньне ад рэальнай уласнасьці, ад вольнага гандлю і вольнай вытворчай дзейнасьці. Тым часам незмаўкаючы голас нянавісьці паказвае на ўсё новых і новых, унутраных і зьнешніх, ворагаў — прычыны ўсяго.

Нянавісьць сталася палітыкай і заразнай, як хвароба. Гістарычны вопыт паказвае, што псіхапатыяй і паранойяй грамадзтва можа заразіцца ад дыктатара і паранойнай улады. Тады дамінуе міфалёгія і засынае розум.

Тое, што сёньня загаварылі пра “агонію”, пра тое, што кіраўнік рэжыму “дайшоў да ручкі”, што ён невук і хам, і “вар'ят”, і што будзе яму “канец” — гэта толькі частка праўды. Рэжым зь яго начальнікам не зьмяніўся. Ён застаўся такі самы, як і быў — акупацыйны і антыбеларускі — і “агонія” тут не галоўнае.

Пачало зьмяняцца само грамадзтва. У некаторых беларусаў сталі расплюшчвацца вочы, іншыя раптам прачнуліся, сталі слухаць і чуць. Ім здаецца, што згоршала ўлада, палітыка, і зьмяніўся сьвет. Тым часам зьмяняцца пачаў не рэжым, а яны.

Адбыўся працэс дастатковага накапленьня інфармацыі і асэнсаваньне вопыту, калі вострыя палітычныя падзеі і эканамічныя абставіны сталі ўжо выклікаць у людзей адэкватныя ацэнкі і крытычнае думаньне.

Ілюстрацыяй да гэтага здаровага працэсу ўспрыняцьця рэальнасьці зьяўляюцца адносіны беларусаў да пабіцьця людзей у Менску 19 сьнежня 2010 г., да абвальнага фінансава-эканамічнага крызісу і да выбуху ў Менскім мэтро 11 красавіка гэтага году. Упершыню палітыка цемры (якая кіруецца паняцьцем, што “народ дурань”) не спрацавала. Прытым масава не спрацавала. Ніхто ня верыць ілгуну. І вось тут якраз маюць рацыю тыя, што кажуць пра “агонію”, бо на вачах у народа адбываецца агонія ілжы, якая прала мазгі людзям без перапынку амаль 17 гадоў.

Узурпатар ашарашаны, кідаецца ў бакі, кожны дзень гаворыць нейкую прымітыўную лухту, але ён яшчэ, відаць, не разумее, што на гэты раз ён уліп. Уліп моцна. Не ўратуе яго ўжо ні тэлебачаньне, ні прапаганда, ні халуі, ні суддзі, ні КГБ, ні нават спэцназ. Не ўратуе, бо людзі сталі расплюшчваць вочы і раптам убачылі замест надзьмутага мача — нізкую, ілжывую, ненавісную ў дачыненьні да беларусаў істоту, не адэкватную ў псіхіцы і здольную на злачынствы.

Узурпатар (як некалі Чаушэску) ня быў падрыхтаваны да такога павароту, ён ня ведае, што рабіць і працягвае ілгаць, яшчэ больш раздражняючы гэтым народ, які ўжо ўсё бачыць. А ўвесь жа зьмест у тым, што Лукашэнка ня можа не ілгаць. Гэта ягоны звычайны стан розуму і паводзінаў.

Адбываецца агаленьне грамадзянскай ганьбы. Нацыя прачынаецца і абурана ўзіраецца на Лукашэнку, яшчэ не разумеючы, што бачыць у ягоным начальстве, як у люстэрку, скрыўлены адбітак свайго быцьця. Гэтую горкую пілюлю трэба будзе рана ці позна зьесьці, бо 17 гадоў таму, знаходзячыся ў стане палітычнага дзяцінства, беларускае грамадзтва, паверыўшы дэмагогіі, няўсьведама прыняло яго на сваю шыю само. Ужо страчана 17 гадоў нацыянальнай гісторыі.

Крымінальная справа па 19-м сьнежня, ня тое, што развалілася, — яна ня “склеілася” з самага пачатку. Ва ўсім адчуваецца нізкаінтэлектуальны “геній” галоўнага закапёршчыка. Сапраўды, трэба быць “геніем” вельмі своеасаблівай мазгаўні, каб загадаць спэцвойску міліцыі напасьці на сорак тысячаў мірных беларусаў, жорстка (да крыві і калецтва) іх зьбіць, каго ўдалося — пахапаць, арыштаваць і абвінаваціць усіх у “дзяржаўным перавароце”. На што спадзяваліся “стратэгі” гэтай дубаломнай правакацыі і злачынства? На які народ?

Гэтая крымінальная справа, напісаная палітычнымі і юрыдычнымі анальфабэтамі, ужо скончыла сваё існаваньне пасьля першага ж выступу Ўладзімера Някляева ў судзе. Больш разграміць і распляскаць увесь гэты псэўдасудовы крымінал, чым яго рапляскаў паэт, здаецца ўжо і немагчыма, бо не застанецца нават мокрага месца.

Паказны судовы псэўдапрацэс пайшоў не на карысьць рэжыму, і дарогі назад у рэжымных агрэсараў няма. Ім засталося толькі і надалей хлусіць, усіх дурыць, затыкаць вушы і рабіць прысуды (не разумеючы, што ў існуючай сытуацыі гэта ёсьць прысуды самым сабе).

На маю думку, поўны крах чакае ўзурпатара пасьля раскрыцьця арганізатараў крывавай авантуры ў Менскім мэтро. Тым, хто ўмее назіраць і аналізаваць, адразу было зразумела, што гэта справа рук самога Лукашэнкі, ягонай групы і ягоных спэцслужбаў. Страх перад раскрыцьцём злачынства штурхае яго на дзіўныя паводзіны, на шчыльны кантроль і фактычнае кіраўніцтва сьледчым працэсам і на ролю інфарматара аб яго выніках. Адсюль уся бязглузьдзіца, якую мы чуем пра гэтую справу.

Людзі ў Беларусі ўсё бачаць, і на гэты раз добра ўсё разумеюць. Наш вядомы палкоўнік спэцназу Ўладзімер Барадач прафэсійна прааналізаваў і расклаў па палічках увесь гэты самадзейны спэктакль са “сьледзтвам” па выбуху, якое нагадвае нейкую дзіцячую гульню ў сьледчыя дзеяньні.

Мне здаецца, што і тут дарогі назад у тых, хто арганізаваў гэтае злачынства і хавае канцы, таксама ўжо няма.

Гэта ня проста тэракт. Гэта ёсьць сьведамае масаве забойства людзей. Небясьпечнасьць і непазьбежнасьць раскрыцьця такога злачынства шмат хто (асабліва хто ня ведае Лукашэнку) яшчэ, магчыма, не да рэшты ўсьвядомілі. Ратуючы скуру, спраўца будзе гатовы патапіць увесь карабель. Такое — у яго магчымасьцях і ў складзе мазгоў. Зь ліквідацыяй дзяржавы зьнікае магчымасьць юрыдычнага перасьледу за злачынствы супраць гэтай дзяржавы, тым больш, што сама ліквідацыя ёсьць супэрзлачынства перад народам, злачынства, адказнасьць за якое ня будзе каму прад'явіць. Лукашэнка тэрмінова не павінен быць ва ўладзе. Ягоная ўлада — вялікая небясьпека для нацыі.

Я ўжо ня раз пісаў раней, што дзеля змаганьня з рэжымам патрэбныя не эканамічныя санкцыі (якія могуць канчаткова ўгробіць нацыю), а санкцыя суда на арышт узурпатара. У прынцыпе — любога суда, які б узяўся яго судзіць за этнацыд (генацыд, лінгвацыд) беларускага народа. Патрэбная санкцыя. Яна адчыніць магчымасьці.

У абставінах актывізацыі і нацыянальнай салідарнасьці грамадзтва ўсё стане выглядаць крыху інакш. Непад'ёмнае стане магчымым.

У сувязі з гэтым хачу яшчэ раз падкрэсьліць асаблівую патрэбнасьць і важнасьць нашай фронтаўскай партыйнай нацыянальна-асьветніцкай працы, якой мы займаемся ўвесь час. Перамены ўлады магчымыя і ў асьлепленым грамадзтве (калі ня хопіць раптам для ўсіх яды і працы), але вынікі такіх сьляпых пераменаў бываюць, як правіла, яшчэ горшыя, чым былі да пераменаў.

У сацыяльна ўзбуджаным, але нацыянальна сьпячым грамадзтве, звычайна не бывае і нацыянальных лідэраў. Месцы іх тады займаюць дэмагогі, нягоднікі і авантурысты. І калі б нацыянальны лідар раптам аб'явіўся, ён быў бы зьнішчаны непрыяцелямі пры маўчаньні і згодзе (а то і падтрымцы) грамадзтва, і памяць яго была б абплявана.

Перш, чым змагацца за свабоду — трэба яе хацець. Перш, чым хацець свабоды — трэба любіць Беларусь. Інакш — свабодай скарыстаюцца іншыя і ў сваіх інтарэсах. Без стварэньня нацыянальна арыентаванага крытычнага асяроддзя пазытыўныя перамены ў нацыянальнай палітыцы не адбудуцца і нацыянальных лідараў ня ўзьнікне (ня будуць запатрабаваныя).

Пасьля расколу ў 1999 годзе (і, практычна, разбурэньня) Беларускага Народнага Фронту (які здабыў незалежнасьць Беларусі) цяпер, каб збавіцца ад антыбеларускага рэжыму і збудаваць вольную народную і дэмакратычную Беларусь, шмат што трэба зноў пачынаць спачатку (абапіраючыся, вядома, на вопыт і здабыткі папярэдняй барацьбы).

Цяпер у сувязі з ускладненьнем сацыяльна-эканамічных і палітычных абставінаў і ў сувязі з адкрытай рэпрэсіўнай вайной рэжыму супраць беларускага народу (пагрозай ужываньня войска і г. д.) пачаліся паскораныя працэсы пераацэнак і палітызацыі ў грамадзтве.

Беларусам патрэбная праўдзівая і пазытыўная нацыянальная інфармацыя. Перш за ўсё, тая інфармацыя, якая даходзіць ня толькі праз Сеціва, а (што важна) папяровым шляхам і праз асабістыя кантакты зь людзьмі (бо ўключае ў сабе арганізацыйныя моманты).

Запатрабаваньні грамадзтва на праўдзівую і асьветніцкую інфармацыю цяпер узрасьлі, і мы павінны скарыстаць усе магчымасьці нашай народнай партыі, у тым ліку, і магчымасьці віртуальных (пакуль што) суполак Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”.

Магчымасьці нацыянальна-асьветніцкай працы ў нашым грамадзтве дастаткова вялікія, ёсьць добры патэнцыял, які, на жаль, абмяжоўваецца пакуль толькі Сецівам і пасыўным выкладам пазыцыяў. Але, мяркую, што праз Рух “За новыя выбары без Лукашэнкі” (скарочана РУХ) можна будзе заахвоціць людзей зь віртуальнай да інфармацыйна-кантактнай і арганізацыйнай сфэры дзейнасьці.

Паўтараю галоўную думку, якую мы мусім мець на ўвазе ў нашай практычнай партыйнай працы: без стварэньня актыўнага нацыянальнага асяроддзя і актыўных беларускіх асяродкаў у грамадзтве — немагчымай будзе нацыянальная рэвалюцыя і свабода. Авангард можа перамагчы, але без апоры на армію (гэта значыць, на сьвядомых людзей) — не ўтрымаецца. Маем вопыт.

Па вялікаму кошту, перад пагрозай Бацькаўшчыне людзі павінны б зразумець простыя рэчы, што трэба любіць сваю зямлю, культуру, дзяржаву, мову, народ, адзін аднаго, абараняць народныя каштоўнасьці, незалежнасьць і свабоду, не дапускацца зьняваг і маўчаньня перад нішчэньнем сьвятога.

Голас нянавісьці ня мусіць больш уплываць на людзей. Ён увогуле не павінен гучэць у Беларусі і над Беларусяй. Ён мусіць зьнікнуць з паветра, з эфіру, з экрану, згінуць, адыйсьці, як туман, як сон, як начны кашмар, зьнікнуць з нашай сьвядомасьці, як ачмурэньне чартоўскім пойлам. Ёсьць дарога. Ёсьць нялёгкая, жмудная, непрыкметная праца, якую таксама трэба зрабіць, каб выйсьці на шлях, што вядзе ў жыцьцё.

Зянон ПАЗЬНЯК

9 траўня 2011 г.