САНКЦЫІ ПАВІННЫ БЫЦЬ ТОЛЬКІ НА АРЫШТ

(Травеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” І Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

8 траўня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ (публікуецца). З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі.

На працягу шэрагу гадоў патрыёты-фронтаўцы папярэджвалі наша грамадзтва, што палітыка акупацыйнага прамаскоўскага рэжыму згубная для нашага народу і краіны. Многія суграмадзяне былі заняты сваімі штодзённымі справамі і не заўважалі гэтых папярэджваньняў. Некаторыя нават жылі ў рамках сацыяльнай ілюзіі: “я нікога не чапаю і мяне не зачэпяць”.

Цяперашні глыбокі сацыяльна-эканамічны крызіс зачапіў усіх без выключэньня, не разьбіраючы. Агаломшаныя падзеямі людзі шукаюць адказу на шэраг пытаньняў, ад якіх яны ўхіляліся доўгія гады. Абавязкам беларускіх патрыётаў ёсьць паставіць гэтыя пытаньні і даць адказ на іх. Патрыятычны авангард нашай нацыі павінен мабілізаваць усё грамадзтва на супраціў палітыцы зьнішчэньня Беларусі і беларусаў. Трэба растлумачыць нашым людзям, што шкодна і немэтазгодна ўдзельнічаць у любых гульнях, якія навязвае антыбеларуская дыктатура, што нельга гуляць па правілах дыктатуры. Настае час грамадзкай патрыятычнай ініцыятывы — Беларускай Салідарнасьці.

Аднак, у сьвядомасьці некаторых людзей жыве ўяўленьне аб тым, што “трэба перачакаць крызіс і ня рухацца, каб не было яшчэ горш”. Людзі баяцца страціць працоўнае месца, сродкі да існаваньня і выжываньня. Трэба растлумачыць грамадзтву, што ў гэтай сытуацыі пасыўнае стаўленьне да ўласных праблемаў адлюстроўвае мару ворагаў Беларусі, якія б хацелі як мага хутчэй падпарадкаваць Беларусь і ліквідаваць на нашай зямлі ўсё жывое і чалавечае. Трэба супраціўляцца ўсім народам палітыцы зьнішчэньня. Тым больш, што станоўчыя зьмены (перш за ўсё ліквідацыя рэжыму) у нашым сацыяльна-палітычным жыцьці абавязкава выклікаюць станоўчыя працэсы ў эканаміцы Беларусі.

Будзе распачата мадэрнізацыя і рэструктурызацыя прадпрыемстваў, утвораныя новы працоўныя месцы, работнікі атрымаюць заробкі, адэкватныя іхнаму прафэсіяналізму і аб'ёму працы. Нацыянальнае кіраўніцтва краіны спыніць штучную, навязаную нам арыентацыю беларускай эканомікі на гнілую гаспадарку Расеі і адновіць эканамічныя сувязі з цывілізаванымі заходнімі краінамі. Будзе спынена злачынная палітыка пабудовы непатрэбных “лядовых палацаў” і раскраданьня народных сродкаў. Адным словам, пасьля ліквідацыі акупацыі пачнецца Адраджэньне Беларусі. Але ўсё гэта не адбудзецца само сабой. Патрэбная сумесная праца, сумеснае змаганьне, салідарнасьць беларусаў і дух перамогі над злом.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі, што нідзе людзі ня вераць у рэжымную вэрсію тэракту ў менскім мэтро. Беларусы спачуваюць “маладым людзям, якіх падставілі і абвінавачваюць у злачынстве, якое зьдзейсьнілі не яны”. Людзі ўсё больш выразна разумеюць, што наша грамадзтва знаходзіцца пад уладай тэрарыстычнага рэжыму. Паўсюль структуркі псэўдаапазыцыі гукаюць пра неабходнасьць увядзеньня эканамічных санкцый супраць Беларусі. Аднак, элемэнтарны аналіз паказвае, што санкцыі супраць беларускай эканомікі ўдараць не па рэжыму, а па мільёнах простых беларусаў. Заходнія санкцыі павінны быць толькі такімі: міжнародны ордэр на прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці А. Лукашэнкі і адкрыцьцё межаў для беларускіх работнікаў, якія маглі б сумленнай працай зарабляць сродкі для сваіх сем'яў у цывілізаваных гаспадарках Захаду. Усё астатняе, што патрабуе падстаўная псэўдаапазыцыя, прадыктавана маскоўскім ворагам і адпавядае інтарэсам зьнішчальнікаў Беларусі.

Сойм разгледзеў плян мерапрыемстваў па дзейнасьці Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

8 траўня 2011 г.