НАВЯЗВАНЬНЕ БАЛЬШАВІЦКАГА МАРАЗМУ

На тэлеканалах постсавецкіх краін ёсьць хранікальная рубрыка: без камэнтароў, як артэфакт паказваюць тэлепраграмы і перш за ўсё выпускі навінаў 1979-га, 1985-га і іншых гадоў. Камэнтаваць сапраўды ня трэба, кандовы стыль і хлусьня маскоўска-бальшавіцкай прапаганды ў мясцовым выкананьні гавораць пра эпоху самы за сябе. У Беларусі такая “тэленастальжы” была б не да месца. Навошта па БТ дэманстраваць таварыша Брэжнява, “калгаснае шчасьце”, піянэраў, камсамольцаў і г.д., калі без усялякай “настальжы” гэтага поўна ёсьць у нашай сёньняшняй рэчаіснасьці? Нават мясцовы “самый выдаюшчійся політдеятель нашей эпохі” усур'ёз зьбіраецца пабіць брэжняўскі рэкорд знаходжаньня пры ўладзе (18 гадоў). Вось, да прыкладу, сюжэт з БТ ад 5 траўня сёлета. Гучыць тэкст:

“Наследие страны Советов, гордый профиль Ленина на значке, пионерский галстук на шее и бравый клич в сердце каждого советского ребёнка — “Всегда готов!”. Ветераны — пионеры Великой Отечественной — повязали галстуки пионерам нового дня. Наш кореспондент Дарья Корешкова приняла участие в торжественной линейке...”

На экране паказваюць гэты бальшавіцкі рытуал. Здаецца, вось зараз зараве піянэрначальства: “К борьбе за дело Коммунистической партии будьте готовы!”... Але не зараўлі, і за тое дзякуй. Пацешна ўспомніць, як на прыканцы 1980-х пры позьнім Гарбачове быў скарэктаваны гэты піянэрскі дэвіз-покліч на новую рэдакцыю: “За Родину, добро и справедливость будьте готовы!” Карэкцыя, аднак, не дапамагла, усё пасыпалася разам з “советской родіной” і КПСС.

На працягу некалькіх гадоў у незалежнай Беларусі ніхто нават не ўспамінаў пра “піянэрыю”. Але недзе ў 1996 годзе настаўнікі ў акупанцка-русскоязычной школе РБ раптам пачалі раздаваць хатнія заданьні дзецям у малодшых клясах. Малыя прыносілі ў сем'і запісачкі з тэкстам: “Пусть ваши родители расскажут вам о традициях пионерии, о красном галстуке, о том, как было величаво и весело”. Старэйшыя школьнікі перадавалі бацькам запісачкі пра “успаміны аб камсамоле”. Фронтаўцы прыносілі гэтыя запісачкі ў сядзібу БНФ, чыталі іх разам, сьмяяліся і складалі пацешныя вершы пра бальшавіцкія дзіцячыя арганізацыі. Але потым стала не да сьмеху. На працягу некалькіх наступных гадоў антыбеларускі рэжым правёў працэс рэанімацыі выкапняў, зьявіліся і піянэрыя з зялёнай стужачкай на чырвоным гальштуку і камсамолія БРСМ, пачалася грубая індактрынацыя-русіфікацыя беларускай дзятвы і моладзі.

Так “весело і велічаво” у іх дагэтуль не атрымліваецца, але шкоды і дэзарыентацыі рэжымшчыкі натварылі шмат. Прамаскоўскаму рэжыму вельмі важна было не дапусьціць укараненьня ў нашай краіне сапраўдных, дэмакратычных, нацыянальных, хрысьціянскіх па сутнасьці дзіцячых і маладзёвых арганізацый. Ідэалогія антыбеларускай здрады можа базавацца толькі на бальшавізме і маскальшчыне. Беларускія бацькі, якія здольныя думаць, не дапускаюць уцягваньня сваіх дзяцей у лукашыстоўскія дзіцячканторы. Многім бацькам пагражалі выключэньнем дзяцей з навучальных установаў, калі сын або дачка ня ўступяць у БРСМ, і яны саступілі гвалту. Многім, на жаль, “усё да лямпачкі” і яны не пярэчаць лукашыстоўскай індактрынацыі сваіх нашчадкаў пад “гордым профілем Леніна”.

Набліжэньне чарговай гадавіны заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны ў Эўропе (“День победы”) выклікала інтэнсіфікацыю прамываньня дзіцячых мазгоў у самых гнюсных — сталінскіх формах. Самым нават малым — першаклясьнікам — настаўнікі кажуць у школе: “Немцы плохие, дети. А Сталин хороший, он всех победил и всех спас. Только советский народ сражался и победил...” Прызнацца, нават у Расеі (ня кажучы ўжо пра іншыя краіны) сталінская апрацоўка дзіцячай сьвядомасьці не праводзіцца так татальна і выраблена. Зьнішчальнікам Беларусі вельмі важна, каб нашы дзеці палюбілі Сталіна і сталіншчыну. Да чаго яны рыхтуюць наша маладое пакаленьне?

Мумія бальшавізма з чырвоным гальштукам на шыі хапаецца за жывых і цягне іх у сваю змрочную піраміду пад чырвонай зоркай. Беларусам трэба жагнацца і гнаць ад сябе маскоўскіх нячысьцікаў. Трэба абараніць нашу моладзь ад чырвонага д'ябла.

Янка Базыль