ЗАМЕЖНЫ ДРУК (01–03.05.2011)

Здабывае той, хто змагаецца

1 траўня 2011 г. славацкая газэта “Novy Cas” паведаміла, што з гэтага дня Нямеччына і Аўстрыя адкрываюць свой працоўны рынак для славакаў, а таксама грамадзянаў шэрагу іншых краінаў Эўразьвязу.

Наш камэнтар: Сярод гэтых краінаў ёсьць і нашыя суседзі — Польшча і балтыйскія краіны. Беларусы будуць сядзець на дзіравым караблі ізаляванага ад сьвету антыбеларускага рэжыму, а нашы суседзі будуць свабодна выбіраць месца працы і зарабляць грошы для сваіх сем'яў. Аналітыкі кажуць, што толькі ў Нямеччыне ёсьць 1 мільён вакансіяў на працоўных месцах. Змагаючыся за волю, народы дамагліся свабоды выбару. Той, хто не змагаецца, жыве пустымі і шкоднымі ілюзіямі ў паратунак драўляным расейскім рублём.

Алесь Хадасевіч


Тое, пра што яны павінны памятаць

2 траўня 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” паведаміла пра ліквідацыю амэрыканскай спэцчасткай Асамы Бен Ладэна, тэрарыста нумар 1 у сьвеце, і пра сьвяткаваньне на вуліцах Вашынгтона і Нью Ёрка. Газэта апублікавла здымак: на месцы тэракта, які адбыўся 11 верасьня 2001 г., пасярод радаснага натоўпу стаіць мужчына і высака трымае самаробны плакат: “Сьпіце спакойна, ахвяры тэракту. Госпад з вамі”.

Наш камэнтар: Зло пакарана. Гэтаму радуюцца людзі. Забойцы людзей і народаў панясуць заслужанае пакараньне і ніхто ня будзе спачуваць ім, усе будуць толькі радвацца. Пра гэта павінны памятаць таксама забойцы і гвалтаўнікі беларускага народу.

Юрка Марозаў


Дзень памяці

2 траўня 2011 г. бэльгійская газэта “La Libre Belgique” напісала пра Дзень Памяці ахвяраў Шаа (Галакосту) у Ізраілі. А 10.00 па ўсёй краіне завылі сірэны, спыніўся рух людзей і машын, адбыліся вайсковыя і рэлігійныя цырымоніі. Па радыё і тэлебачаньню апошнімі днямі перадаюць праграмы, прысьвечаныя Галакосту, выступаюць сьведкі і ўдзельнікі трагічных падзеяў. Цэнтральныя мерапрыемствы адбыліся з удзелам кіраўніцтва краіны ў Музэі Яд Вашэм у Ерузаліме.

Наш камэнтар: Пасьля ліквідацыі акупацыйнага рэжыму ў нашай краіне таксама будзе ўшаноўвацца памяць ахвяраў і пакутнікаў нашага народу. Без гэтай памяці немагчымае дастойнае і шчасьлівае жыцьцё сёньняшняга і будучых пакаленьняў. Будзе ўтвораны адмысловы Музэй беларускага нацыянальнага супраціву і пакутніцтва, паўстануць помнікі, будуць створаны кнігі і фільмы на гэтую тэму.

Алесь Хадасевіч


Балотнае царства

2 траўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “На вуліцах Масквы — Сталін і дэмакраты”. Артыкул прысьвечаны першатравеньскім маніфэстацыям у Маскве. Калёна камуністаў несла партрэты Сталіна. “Рух Салідарнасьць” Б. Нямцова сабраў 500 чалавек, якія крычалі: “Далоў уладу чэкістаў! Далоў уладу жулікаў і злачынцаў! Расея без Пуціна! Са-лі-дар-насьць!”

Наш камэнтар: Гэтыя мікраскапічныя (як на 12-мільённую Маскву) мерапрыемствы адлюстроўваюць сацыяльна-палітычную адключанасьць абсалютнай бальшыні расейцаў ад грамадзкай дзейнасьці. Акрамя таго, у нямцоўскай “Салідарнасьці” можна было б спытаць: а што, сп. Нямцоў падчас сваёй кар'еры не быў кіраваны чэкістамі? Не КГБ утварыла гэтую пацешную маскоўскую пародыю на польскую “Салідарнасьць” (у якой у 1980 годзе злучыліся былі ў змаганьні супраць камуны і расейскай акупацыі мільёны палякаў)?

Алесь Хадасевіч


Расплочваюцца за дурату і пыху

3 траўня 2011 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала пра зварот, зь якім выступіў Хаўрус паліцэйскіх інстытуцый дзяржаваў Паўночнай Рады (Nordic Council — Данія, Швэцыя, Нарвэгія, Фінляндыя). Адмыслоўцы па барацьбе са злачыннасьцю заклікаюць міністраў юстыцыі гэтых краін адмяніць Шангенскія Пагадненьні і аднавіць памежны кантроль на межах з Эстоніяй, Латвіяй і Летувой. Як кажуць паліцыянты, 80% ад аб'ёму ўсёй арганізаванай злачыннасьці ў іхных краінах зьдзяйсьняецца тымі, хто прыбывае з балтыйскіх краін.

Наш камэнтар: А папярэджвалі беларускія патрыёты, што нельга даваць права расейскім неграмадзянам-асаднікам, якія сотнямі тысячаў жывуць у балтыйскіх краінах, права ўязджаць у Эўропу. Але заходнікам хацелася зрабіць прыемнае Маскве і падтрымаць “правы чалавека” для акупанцкіх асаднікаў, якія ўжо 20 гадоў абцяжарваюць балтыйскія дзяржавы і ня хочуць вяртацца ў сваю Расею (але так ненавідзяць “лабусаў”). У адносінах да беларусаў заходнікі нешта ня ўспомнілі пра “правы чалавека” і вольны ўзезд на Захад. Вось цяпер расплочваюцца за сваю дурату і пыху. Першымі залемантавалі паліцэйскія чыны, якія не даюць рады расейскаму расперазанаму крыміналу.

Юрка Марозаў


Башар Асад прысьпешвае свой канец

3 траўня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала: “Ізраільскі міністар абароны Эхуд Барак сёньня заявіў, што сірыйскі прэзыдэнт Башар Асад ўжываньнем гвалту супраць суайчыньнікаў прысьпешыў ўласнае падзеньне”.

Наш камэнтар: Эхуд Барак, выдатны аналітык і чалавек з вялікім армейскім досьведам, ведае, што гаворыць. Калі дыктатар пасылае супраць мірных дэманстрацыяў армію з танкамі, забівае людзей, то гэта толькі набліжае разьвязку — ліквідацыю дыктатуры і дыктатара. Калі армію выкарыстоўваюць супраць ўласнага народу — гэта канец антынароднага рэжыму.

Алесь Хадасевіч