БЕЛАРУСАЎ УЖО НЕ ПАДМАНЕШ БАЛБАТНЁЙ

Напярэдадні 1 траўня Лукашэнка выдаў зварот-віншаваньне народу Беларусі. Зразумела, беларускіх працоўных ён віншаваў на акупанцкай мове. Цытуем “поздравленіе”:

“Дорогие соотечественники! (...) Благодаря стараниям и талантам белорусов хорошеют наши города и сёла, строятся современные производства, развивается социальная сфера, укрепляется независимость родного Отечества. Сегодня перед нами стоит новая задача — переход к инновационной модели развития экономики и страны в целом. От предприимчивости и инициативности каждого конкретного человека во многом зависит будущее Беларуси. Убеждён, что объединив усилия, мы преодолеем любые трудности и преграды. (...)”

Хто пазнаёміўся з гэтым тэкстам, магчыма, уздыхнуў з аблягченьнем: хаця б гэтым разам абышлося без крімінальнай лексікі, “казлоў” і “вашывых”. Але ня трэба расслабляцца. Крымінальная лексіка пачынае сыпацца, калі галоўны начальнік адрываецца ад паперкі і ўваходзіць у свой звычайны стан, вызначаны ў класічнай літаратуры як “Остапа понесло”. Як кажуць, яшчэ ня вечар, наслухаемся ў сувязі з “сьвятам працы” яшчэ шмат чаго ад хамаватага калгаснага прамоўцы.

Пра крызіс, чэргі, адчай людзей, пра 600 тысячаў чалавек, якія раптам сталіся беспрацоўнымі толькі ў апошнія дні, — пра ўсё гэта ў “віншаваньні”, вядома ж няма ані слова. Крывадушная балбатня з высокай трыбуны звонка адбіваецца ад сьценаў дамоў, платоў і агароджаў згаданых гарадоў і вёсак, людзі ўжо не зьвяртаюць на яе асаблівай увагі і ня вераць яе фальшывым тэзісам.

Але прыслухоўвацца да таго, што гучыць, і задумвацца над тым, што адбываецца, безумоўна, трэба. Вось хаця б такі факт. Лукашэнка, як кажуць дзеці, “не вылазіць з тэлевізара”. Ён пагражае, лаецца, абяцае, лётае на верталёце і самалёце, утаймоўвае туркмэнскіх коней і г.д. Ён бярэ на сябе ўсю увагу нашага і міжнароднага грамадзтва. Усе з трывогай і цікаўнасьцю чакаюць, а што ён заявіць сёньня? Які яшчэ аддасьць загад на “преодоленіе преград”?

І неяк нікому не прыходзіць у галаву, што ў рэжымнай структуры ёсьць яшчэ асобы, у прынцыпе адказныя за падзеі ў краіне. Напрыклад, прэм'ер Мясьніковіч... Чым займаецца, што заяўляе гэты дзеяч? Трэба прызнаць, што сп. Мясьніковіч — майстар удаваць шэрага кардынала. Гэткі Рышэлье нашай эпохі, які не пярэчыць прыдуркаватаму Луі і публічна ня ўлазіць у спрэчкі з мушкецёрамі.

Апошняе зь вельмі рэдкіх паведамленьняў пра менскага “кардынала” паступіла днямі з Салігорска. Там прэм'ер Мясьніковіч закладваў капсулу ў фундамэнт будоўлі фабрыкі штучных угнаеньняў. Ён заклаў капсулу і сказаў некалькі словаў пра карыснасьць угнаеньняў у гаспадарцы. І ўсё! Проста спартанская нешматслоўнасьць, некаторым павучыцца трэба! Цікава, што і прэм'ер краіны ані словам не згадвае пра разбуральны крызіс, пра абрабаваных нашых людзей, што мітусяцца па чэргах каля абменьнікаў. Наагул, ні пра што ані словам. Нібыта ня мае да гэтых падзеяў ніякіх адносінаў. Гэта ж трэба адпрацаваць такую манеру!

Сапраўдныя аналітыкі (не з падстаўных або аплочаных Масквой і рэжымам) кваліфікуюць гэтыя паводзіны першых асобаў рэжыму як класічнае разьмеркаваньне роляў. На сцэне арганізаваны тэатр аднаго акцёра. Выканаўца ролі апантана любіць гэты жанр, яму ня трэба падпеўкі і падтанцоўкі, ён даўно ўжо прагнаў з будкі ўсіх суфлёраў. Ён нават ня сочыць за рэакцыяй ў залі, ён, як Нэрон, трынькае на сваёй ліры і сапраўды верыць, што ён алімпійскі бог. Рэжысёры гэтага тэатрыка разумеюць, што канец трыньканьню настане і ў даволі хуткім часе. Гнеў расчараванай публікі абрынецца тады на абрыдлага выканаўцу... Вось тады і надыйдзе час ціхіх і нешматслоўных істотаў, што падчас спэктакля ў рэжымным балагане не выходзілі на сцэну, а ціха закладвалі капсулы і ўраўнаважана тэарэтызавалі пра ўгнаеньні. Менавіта яны, на думку рэжысёраў, будуць арганізоўваць пераходны пэрыяд ад лукашызма да чагосьці наступнага ў акупацыным існаваньні Беларусі.

І не яны, а зусім іншыя асобы агучылі агульныя рысы гэтага праекта. Пасол Расеі ў Менску Сурыкаў у адкрытую заклікаў да распродажу беларускай народнай маёмасьці расейскім капіталістам. Маўляў, толькі ў такім выпадку мы дамо крэдыты Лукашэнку. У падрабязнасьці маскоўскага праекту ўлезла асоба, якая часам і раней агучвала тое, што рыхтавалася супраць Беларусі. Генсек ЛДП РБ сп. Гайдукевіч так і сказаў на нядаўнім зьезьдзе сваёй гэбоўскай партыі: “Нужно отправлять правительство в отставку, проводить девальвацию и вводить российский рубль”. На гэтым зьезьдзе шмат чаго было сказана і пра неабходнасьць “воссоедіняться” з Расеяй. У паветры запахла смажаным духам расейскай акупацыі нашай краіны.

І адразу на сцэне зьявілася постаць з пэўнай інтэлігентнай рэпутацыяй і прышпіленым на лацкан пінжака бляшаным жупелам “беларускага рэдактара”. Усе пазналі В. Булгакава, рэдактара часопіса “Архэ”. Таго самага “Архэ”, дзе друкуецца пазаштатнік КГБ РБ, зьнішчальнік Беларусі Ганс-Георг Вік. На хвалях Радыё Свабоды пан рэдактар разважаў не пра літаратуру, а пра палітыку і эканоміку. Цытуем:

“Я ня думаю, што эканамічны крызіс падштурхне Беларусь да нейкай радыкальнай інтэграцыі з Расеяй. (...) Гайдукевіч цяпер пазыцыі беларускай улады ніякім чынам не адлюстроўвае. Пасьля таго, што мела месца ў 2010 годзе, цяжка гаварыць пра новы віток беларуска-расейскай інтэграцыі. Пасьля “Хроснага бацькі” 1, 2 і 3, пасьля відэазвароту прэзыдэнта Мядзведзева ў сваім відэаблогу, пасьля мэдыявойнаў, якія адбываліся ўвесь 2010 год, нейкія сур'ёзныя палітычныя ініцыятывы па збліжэньні ў кароткачасовай пэрспэктыве будуць, на мой погляд, абсалютна немагчымымі”.

Цікава, што пра палітычныя працэсы Свабода запрасіла выказацца не палітыка або палітолага, а менавіта “рэдактара”. Можа для таго, каб прагучала больш верагодна, з “самых нетраў пісьмовай культуры”? Тады трэба нагадаць, што асобы, якія называюць антыбеларускі рэжым “беларускай уладай”, прадстаўляюць не беларускую культуру, а нешта зусім іншае. Будучыня пакажа, наколькі яны былі самастойнымі ў сваіх “стратэгічных” разважаньнях. Побач з “рэдактарамі” лапідарныя заявы сп. Гайдукевіча выглядаюць як некая сапраўдная, шчырая антыбеларуская пазыцыя. А ў “рэдактараў” усё выконваецца пад нібыта беларускім прыкрыцьцём, але выглядае фальшывым заспакаеньнем перад захопам, які нам рыхтуе Масква.

Нашы людзі, аднак, ужо разабраліся, што йдзецца не пра “інтэграцыю”, а пра брутальны захоп нашай Дзяржавы імпэрыяй. Што “хроснага бацьку” могуць у любы час адсунуць у бок, каб арганізаваць “збліжэньне”.

Што ж рабіць беларусам пасярод гэтых імпэрскіх заяваў і псэўдаапазыцыйнай хлусьні? Па-першае, ня трэба верыць абяцанкам, што расейскі рубель прынясе ажыўленьне нашай эканоміцы і бізнэсу. Захоп беларускіх прадпрыемстваў расейскім бандыцкім капіталам азначае імгненнае выкідваньне сотняў тысячаў работнікаў на вуліцу. Увядзеньне драўлянага расейскага рубля будзе азначаць поўнае падпарадкаваньне нашай эканомікі крамлёўскай камандзе, якая вельмі эфэктыўна зьнішчае ўласны народ. У нашых людзей проста ня будзе на руках грошай, каб купляць беларускія тавары ў беларускіх вытворцаў. Усе адэкватныя эканамісты даюць самыя змрочныя прагнозы пэрспэктыве ўвядзеньня расейскага рубля ў Беларусі.

Па-другое, ня трэба ўпадаць у адчай. Крымінальны балаган, арганізаваны на нашай зямлі, — штучная і чужая нам зьява. Салідарны народ, які хоча нармальнага жыцьця, дасьць рады каб вызваліць сваю краіну ад крымінальнікаў і іхных паслугачоў. Нельга дапусьціць, каб пад сурдзінку крывадушных абяцанак быў завершаны працэс абрабаваньня нашай краіны. Трэба ўсім разам спыняць гэтую бандыцкую акцыю і гнаць бандытаў з нашай сьвятой зямлі.

Янка Базыль