БЕЛАРУСКАЯ АРМІЯ НЯ ХОЧА СТРАЛЯЦЬ У СВОЙ НАРОД

На працягу апошняга тыдня фронтаўцы Прадстаўнікі Беларускай Салідарнасьці праводзілі апытаньне ў Менску. Людзі зьвярталіся да беларусаў у пагонах. Пыталіся, ці ня брыдка вайскоўцам мець такога галоўнакамандуючага, які мае мякка кажучы нестабільную псіхіку? Аказваецца, гэта ўсе даўно ўжо заўважылі ў беларускім войску, але ня ведаюць, што з гэтым няшчасьцем рабіць. Афіцэрскі корпус асабліва раздражняе неабходнасьць маршыраваць і рабіць рапарты перад згаданым начальнікам і ягоным малым пазашлюбным дзіцем, апранутым у пацешную маршальскую ўніформачку. Беларускі мэнталітэт і наша нацыянальная мілітарная традыцыя не дапускаюць такога абыходжаньня з вайсковай этыкай. Нельга блытаць дзіцячы садок і гульню “у казакоў-разбойнікаў” з армейскім жыцьцём, яго буднямі і сьвятамі. Гэтым рэжым зьневажае абаронцаў Айчыны.

Вайскоўцам сорамна за думкі і лексіку “галоўнакамандуючага”. Людзі не забыліся, як ён публічна ўсхваляў Гітлера ў 1996 годзе. Гаворачы, узурпатар прэзыдэнцкай улады зьбіваецца на жаргон вулічнай шпаны і нават на крымінальную “феню”. Усе ўражаны апошнім ягоным “спічам” пра “нягоднікаў”, “казлоў” і “вашывых”. Прафэсійныя вайскоўцы зразумелі, чаму Украіна адмовілася ад правядзеньня сумесных украінска-беларускіх вайсковых вучэньняў. Цяпер беларускай арміі прыйдзецца супрацоўнічаць выключна з расейскай арміяй. Больш сяброў і саюзьнікаў вакол Беларусі няма. Вось вынік крымінальнай лексікі, крымінальнай палітыкі і дзікіх па сэнсу і форме заяваў галоўнага начальніка.

Падобна, што такі стан вельмі задавальняе Маскву. Людзі мяркуюць, што менавіта Масква і кіруе паводзінамі гэтага чалавека з няўстойлівай псіхікай.

Размаўляючы з афіцэрамі, субяседнікі нагадвалі нядаўнія заявы Лукашэнкі аб тым, што ён не задумваючыся накіруе армію супраць народу, калі адчуе хістаньне пад сваёй уладай. Беларускія афіцэры адназначна заявілі, што страляць у свой народ ня будуць. Яны не забываюць, што армія зьяўляецца часткай народа.

Самай цяжкой тэмай была наступная. Людзі выказвалі меркаваньне, што антынародная дыктатура таксама ведае пра настроі ў войску і таму спадзяецца на ўзброены паратунак з імпэрскай Масквы. І пыталіся ў вайскоўцаў: а што тады, як адрэагуюць на нашэсьце маскоўскай арды беларускія вайскоўцы? Гэтыя словы выклікалі шок. Бачна было, што афіцэры не дапускалі такой думкі. Але жыцьцё дыктуе неабходнасьць задумвацца над самымі вострымі пытаньнямі нашага нацыянальна-дзяржаўнага існаваньня. Беларусы і ў войску і ў цывільным стане павінны быць гатовыя да самага драматычнага разьвіцьця падзеяў. І не забывацца, што мы на сваёй зямлі, якую мы нікому не аддамо.

Юрка Марозаў