25-Я ЎГОДКІ ЧАРНОБЫЛЯ Ў МЕНСКУ

Менгарвыканкам адмовіў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі — БНФ у правяденьні антыатамнай акцыі 27-га красавіка ў сувязі з 25 гадавінай Чарнобыльскай катастрофы. Мерапрыемства плянавалася ў рэчышчы тэматыкі “Чарнобыльскі шлях”. Гэта чарговая забарона. У апошні час улады не дазваляюць КХП — БНФ праводзіць ніякіх мерапрыемстваў.

26 красавіка сябры і прыхільнікі Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ прышлі ў Курапаты, каб ушанаваць памяць ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы у Народным мэмарыяле.

У гэты ж дзень адбылася дазволеная уладамі акцыя, якую арганізоўвалі рэшткі псэўдаапазыцыі пад наглядам міліцыі (і асабовым даглядам рэчаў і кішэняў ўсіх ўдзельнікаў) на пл. Бангалор (“сабачніку”) у Менску.

У Курапатах лунаў сьвяты нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг. Людзі заслухалі зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Фронту і Партыі — “25 гадоў Чарнобыля. Першы паўраспад” (публікуецца).

Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі і іншыя ўдзельнікі мерапрыемства. Выступоўцы казалі ня толькі пра трагічныя падзеі, якія адбыліся ў Беларусі 25 гадоў таму. Яны падкрэсьлівалі, што злачынства супраць нашага народу працягваецца, набывае ўсё больш жудасныя формы. Антыбеларускі рэжым зрабіў мільёны беларусаў закладнікамі антыгуманнага экспэрымэнту.

Вышэйшае начальства, якое разам з сваімі сем'ямі харчуецца экалагічна чыстымі прадуктамі, забясьпечвае распаўсюджваньне па ўсёй Беларусі атручаных радыяцыяй прадуктаў харчаваньня, што выраблены ў чарнобыльскіх раёнах Беларусі. Гэтыя асобы нясуць асабістую крымінальную адказнасьць за зьдзяйсьненьне гэтай крымінальнай палітыкі. Яны абавязкава будуць прыцягнуты да суду і пакараны ў адпаведнасьці з Законам за арганізацыю генацыду беларускага народа. Цяпер рэжым па камандзе з імпэрскай Масквы распачынае наступны крымінальны акт атамнай трагедыі — будаўніцтва новай АЭС на тэрыторыі Беларусі. Усё большай колькасьці людзей становіцца зразумелым: калі ня будзе ліквідаваны гэты злачынны рэжым, нашаму народу пагражае пагібель.

Выступоўцы казалі аб тым, што супрацьпаставіцца злу трэба ўсім народам, злучыўшыся ў Беларускую Салідарнасьць. Нельга дазволіць, каб акупанты нявечылі нашу культуру і зямлю, абрабоўвалі наш народ, разбуралі нашу эканоміку і Дзяржаву, праводзілі асьвенцымскі экспэрымэнт над нашымі дзецьмі. Цынічны, сатанінскі рэжым, які знаходзіцца на ўтрыманьні імпэрскай Масквы, спрабуе новымі злачынствамі запалохаць беларусаў. Але людзі ўжо адмаўляюцца жыць у страху, наша моладзь ня хоча цярпець над сабой гвалту купкі неадукаваных і бессаромных асобаў. У злачыннага рэжыму няма нават блізкай пэрспэктывы. А ў змагарнага беларускага народу ёсьць адзін шлях — шлях вызваленьня і нармалізацыі свайго нацыянальна-дзяржаўнага, чалавечага жыцьця.

Людзі ўсклалі да курапацкіх крыжоў кветкі, запалілі зьнічкі. На прыканцы ўсе сьпявалі гімн “Магутны Божа”. Мерапрыемства працягвалася паўтары надзіны. У канцы пачала падцягвацца і гуртавцца міліцыя, але спазьніліся — акцыя скончылася.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

26 красавіка 2011 г.