25 ГАДОЎ ЧАРНОБЫЛЯ. ПЕРШЫ ПАЎРАСПАД (ВІДЭА)
26 красавіка 1986 года а палове на другую ночы выбухнуў адзін з рэактараў Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, разьмешчанай на мяжы Беларусі і Украіны (на украінскім баку). Велізарная колькасьць радыяактыўнага рэчыва паднялася ў атмасфэру, разносілася ветрам, асядала на людзей, зямлю, траву і дрэвы, кандэнсавалася ў аблоках і хмарах.
У радыюсе 30-ці кілёмэтраў ад станцыі камуністы першым чынам пачалі ратаваць і выганяць за межы вызначанай зоны калгасныя статкі жывёлы. Потым сталі вывозіць адтуль людзей. Тым часам радыяцыя сыпалася на ўсю краіну. Камуністычнае начальства ведала, што насамрэч адбылося, але насельніцтву Беларусі не паведамлялі. Саветы засакрэцілі сьмерць. Міналі дні, ніякіх захадаў па інфармаваньні насельніцтва краіны не рабілася, ніхто толкам нічога ня ведаў, акрамя чутак пра непаладкі на АЭС і нейкую аварыю. У Гомлі і ў Берасьці, па ўсёй Гомельшчыне камуністычнае начальства сабрала мноства дзяцей на першамайскую дэманстрацыю (рабілі выгляд, што ўсё стабільна і небясьпекі няма). Па ўсёй Беларусі адбываліся першамайскія масавыя ўрачыстасьці, дзяжурныя клікуны крычалі з трыбун “слава КПСС”.
Увесь сьвет ужо ведаў пра катастрофу, і ўрады стараліся дапамагчы сваім народам пазьбегнуць першага радыяцыйнага ўдару. Нічога не рабілі (больш таго — забаранялі рабіць) толькі ў Беларусі.
Праз два тыдні пасьля выбуху выступіў па тэлебачаньні М. Гарбачоў і прызнаў, што адбылася “аварыя” на Чарнобыльскай АЭС. Тут жа прапагандысты сталі ўсіх супакойваць, што нічога сур'ёзнага ня сталася, што хутка ўсё нармалізуецца, пагрозы жыцьцю і здароўю людзей няма. Пасьля гэтага настала доўгая і трывожная афіцыйная ціша.
Сутнасьць жа “аварыі” была добра вядомая вярхоўнаму камуністычнаму кіраўніцтву. Нагадаю агульнавядомыя зьвесткі. Адразу пасьля выбуху ўтвараецца шмат лёгкіх ізатопаў ёду-131. Яны трапляюць высока ў атмасфэру і, дзякуючы сваёй лёгкасьці, доўга знаходзяцца ў паветры і пераносяцца на вялікія адлегласьці. (Цяжэйшыя доўгажывучыя ізатопы цэзія, стронцыя, плутонія і інш. мэталаў хутчэй ападаюць на зямлю.)
У гэты час, які называецца “першым ёдным ударам”, вельмі важна (па інструкцыі) на працягу першых трох месяцаў зачыняць вокны, форткі і старацца менш зьяўляцца на вуліцы. Асабліва гэта датычыць дзяцей, якія больш датклівыя да радыяцыі.
Такія месячныя карантыны пасьля катастрофы для дзяцей абавязковыя. Пэрыяд паўраспаду радыяактыўнага ёду-131 складае 8 дзён. За месяц карантыну ёдзістая радыяцыя памяншаецца ў паветры ў 16 разоў і праз нейкі час зьнікае. У гэты пэрыяд важна яшчэ, каб людзі прымалі ўнутр прэпараты ёдзістага калію (ёдзіда калія — KJ). Гэтая соль дзейнічае як пратэктар і не дазваляе накаплівацца радыяактыўнаму ёду ў шчытападобнай залозе і ў цэлым у арганізме. Калій-ёд распаўсюджаны ў фармакалогіі і фатаграфіі. Яго ёсьць шмат, ён танны, вытворчасьць яго нескладаная, а для прафілактычнага ўжываньня чалавеку патрэбныя мікрадозы. Імгненна забясьпечыць усё насельніцтва Беларусі ёдзідам калія — ў той час гэта была не праблема. Можна было б уратаваць здароўе і жыцьцё цэлага пакаленьня. Але гэтага прынцыпова і сьведама не было зроблена. Тое, што натварылі ў 1986 годзе кіруючыя камуністы ў Беларусі (Сьлюнькоў, Камай і інш.) — гэта ёсьць злачынства супраць нацыі. Сігналы вучоных камуністы не прымалі пад увагу, не хацелі нічога слухаць, ім важна было захаваць непарушнасьць і “чысьціню” сваёй улады і дэмагогіі.
Але гэтага было мала для камуністычных магільшчыкаў Беларусі. Неўзабаве пасьля Чарнобыльскай катастрофы камуністычная намэнклятура БССР пачала дамагацца пабудовы атамнай электрастанцыі на Віцебшчыне. Таемна (як звычайна) быў выбраны праект і месца пабудовы, і ўжо гатовыя былі прыступіць да працы. Але паднялася грамадзкасьць Віцебшчыны, стварылася арганізацыйна-пратэстная група, ініцыятарам якой стаў малады журналіст Сяргей Навумчык, сабралі тысячы подпісаў людзей супраць пабудовы АЭС, пачаліся акцыі і пратэсты і ... народ перамог. Ужо ў 1988 годзе капээсэсьнікі вымушаныя былі адмовіцца ад будаўніцтва АЭС на Віцебшчыне. Арганізацыйна-ініцыятыўная група ўлілася ў БНФ, а актывістаў яе народ выбраў у дэпутаты Вярхоўнага Савета.
У кастрычніку 1988 года ў Беларусі ўтварыўся Народны Фронт, які ўзначаліў змаганьне за праўду пра Чарнобыльскую катастрофу. Пачалася сапраўдная і выніковая барацьба з засакрэчаным чарнобыльскім генацыдам. Беларускія вучоныя і Беларускі Народны Фронт аб'ядналі тут свае сілы, і камуністычная хлусьня пачала трашчэць. Была арганізаваная сэрыя экалягічных мітынгаў, выпускаліся інфармацыйныя матэрыялы, улёткі, дзякуючы гарбачоўскай “галоснасьці” шмат што ўдавалася надрукаваць у газэтах і часопісах, пісаліся звароты, запіскі і прапановы і адсылаліся па інстанцыях, мы салідарызаваліся зь лекарамі, эколагамі, чарнобыльскімі ліквідатарамі, БНФ распаўсюджваў інструкцыі для людзей, як ратавацца ад радыяцыі.
У красавіку 1989 года Фронт стварыў арганізацыю “Дзеці Чарнобыля” з мэтай дапамогі атручаным радыяцыяй хворым беларускім дзецям. Першым старшынём яе стаў Мікола Купава, потым арганізацыю ўзначаліў Генадзь Грушавы, і праца набыла шырокі міжнародны размах. Побач утварыліся іншыя фронтаўскія арганізацыі: “Чарнобыльскі камітэт” у Магілёве (кіраўнік Натальля Рослава) і Чарнобыльскі фонд “Сакавік” у Менску пад кіраўніцтвам Марыі Міцкевіч. Неўзабаве ўтварыліся чарнобыльскія арганізацыі за мяжой сярод беларускай эміграцыі. Найбольш знаныя — гэта арганізацыя ў Англіі (дзейнасьць айца Аляксандра Надсана) і ў Канадзе (дзейнасьць Івонкі Сурвілы). Да чарнобыльскай дабрачыннасьці падключылася арганізацыя Бацькаўшчына і яе аддзелы. Беларусы ва ўсім сьвеце пачалі ратаваць беларускіх дзяцей — будучыню нацыі.
У гэтым жа 1989 годзе 26 красавіка у трэцюю гадавіну трагедыі Фронт арганізаваў на цяперашняй плошчы Незалежнасьці ў Менску (тады плошчы Леніна) надзвычайнае па сіле эмацыйнага ўражаньня мерапрыемства — “Гадзіну смутку і маўчаньня па ахвярах Чарнобыля”. Акцыю не дазволілі камуністычныя ўлады. Але Фронт праігнараваў забарону, спадзеючыся на масавую падтрымку народа. Так яно і сталася. На плошчу прыйшло 10-15 тысячаў людзей з лёзунгамі і транспарантамі на чорным палатне, на якіх былі словы і лічбы пра Чарнобыльскую сьмерць. Цэлую гадзіну пасьля адзінай кароткай прамовы і малітвы людзі стаялі моўчкі з запаленымі сьвечкамі. Кожныя 5-7 секунд у поўнай цішыні званіў “Чарнобыльскі Звон” (выраблены спэцыяльна дзеля гэтага дня). Ніхто ня рушыўся, не азіраўся. І так на працягу гадзіны.
Жалобнае маўчаньне тысячаў чалавек пад гукі самотнага звону выклікалі ў людзей навокал (пешаходаў на ходніках, што спыняліся, як укапаныя) вялікае ўзрушэньне. Людзі стаялі вакол у вокнах дамоў, на бальконах, у праёмах дзьвярэй, моўчкі, задумаўшыся і назіралі. Менгарвыканкам адмовіўся потым нават ад свайго абавязковага судовага перасьледу нас (кіраўніцтва БНФ) як арганізатараў несанкцыянаванага мерапрыемства (хоць спробы і былі), разумеючы, што інакш ён будзе дрэнна выглядаць перад абліччам менчан (улада і тады была антыбеларускай, але нармальнай у пляне псіхікі).
Пра Чарнобыльскую трагедыю загаварылі ўсе. 30-га верасьня 1989 года Фронт праводзіць грандыёзнае шэсьце праз увесь Менск — ад Гадзіньнікавага завода да плошчы Леніна (Незалежнасьці). Гэта быў першы Чарнобыльскі Шлях. Спэцыяльна з Масквы прыехаў Алесь Адамовіч, расейскі акадэмік Веліхаў, былі беларускія вучоныя, фізікі і эколягі (спадары Несьцярэнка, Нікітчанка, Пятраеў, Канопля, акадэмік Ліштван і інш).
Міліцыя, АМАП перакрылі тады ўсе дарогі на Менск з Гомельскай, Берасьцейскай, Магілёўскай вобласьцяў. Тысячы людзей не змаглі прыйсьці (некаторыя йшлі адмыслова групамі пешшу) і прыехаць у сталіцу, трапіўшы ў міліцэйскае акружэньне. І тым ня менш, першы Чарнобыльскі Шлях (таксама несанкцыяваны, потым судзіліся) сабраў больш за 30 тысячаў чалавек.
Пасьля грандыёзнага маршу і мітынгу на плошчы адбылася ў Чырвоным касьцёле вялікая прэсавая канфэрэнцыя фронтаўцаў, вучоных і грамадзкіх дзеячоў.
Тут жа неўзабаве, у кастрычніку, Фронт арганізоўвае і склікае ў Менску міжнародны грамадзкі Чарнобыльскі трыбунал. Прысутнічалі юрысты, палітыкі, грамадзкія дзеячы і спэцыялісты зь Беларусі, Украіны, Малдовы, краінаў Балтыі, Расеі і іншых. Трыбунал адбываўся ў Чырвоным касьцёле на працягу двух дзён. Спачатку была акадэмія, выступалі з дакладамі спэцыялісты і палітыкі. Потым быў сфармаваны трыбунал, які заслухаў сьведкаў трагедыі — людзей з радыяцыйных зонаў, пацярпелых ад уладаў і ад Чарнобыльскай катастрофы. Пасьля праслухоўваньня сьведкаў быў вердыкт трыбунала, аформлены ў адпаведных дакумантах, якія потым шырока разаслалі людзям, арганізацыям, кіраўніцтву і па ўсіх інстанцыях.
У 1989 годзе засакрэчанасьць сутнасьці і вынікаў Чарнобыльскай катастрофы была ўзарвана Народным Фронтам, таямніца абвалілася. Грамадзтва пачало патрабаваць прыняцьця тэрміновых ахоўных захадаў дзеля здароўя людзей, заклікала да суду над камуністычнымі вінавайцамі трагедыі.
На хвалі змаганьня некалькі дзясяткаў фронтаўцаў, нягледзячы на ўсе камуністычныя рагаткі ўладаў, былі абраныя ў Вярхоўны Савет БССР. Дэпутацкя Апазыцыя БНФ у Вярхоўным Савеце паставіла пытаньне аб стварэньні ахоўнага чарнобыльскага заканадаўства, аб адсяленьні людзей з зонаў высокай радыяцыі, аб забесьпячэньні іх лякарствамі і чыстым харчаваньнем, аб сацыяльных ільготах для пацярпелых і г. д., а таксама аб прыцягненьні да адказнасьці кіруючых камуністаў, вінаватых у непрыняцьці захадаў, у занечышчэньні тэрыторыяў і страце здароўя насельніцтва.
У 1991 годзе, пасьля цяжкай барацьбы з камуністычнай бальшынёй у парляманце, што цягнулася больш за год, заканадаўства па Чарнобылю было прынятае. Гэта было вялікае дасягненьне Фронта і іншых дэмакратычных дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня.
Не ўдалося, праўда, аддаць пад суд камуністычных кіраўнікоў (бо камуністы валодалі бальшынёй галасоў у Вярхоўным Савеце), але была створана дэпутацкая камісія, якая выявіла вінаватых, раскрыла іхнюю ролю і злачынныя справы паказала ўсім.
Звышподласьць і антыбеларускасьць кіраўніцтва так званай КПБ-КПСС выразна ілюструе той факт, што калі трагедыя Чарнобыля ўскалыхнула ўвесь сьвет, МАГАТЭ прапанавала тром рэспублікам (Беларусі, Украіне і Расеі) вялікую грашовую дапамогу дзеля ратаваньня людзей ад радыяцыі, але менскія камуністычныя бонзы адмовіліся ад гэтай дапамогі, жадаючы па-халуйску дагадзіць Маскве (сказалі, маўляў, мы самы справімся). Тады грошы МАГАТЭ, выдзеленыя Беларусі, забрала Масква, а беларусы засталіся на сваіх папялішчах.
Чарнобыль — гэта няшчасьце двух народаў: беларусаў і ўкраінцаў. (Радыяцыя на Браншчыне ў РСФСР выяўлена там, дзе жывуць беларусы.) Для беларусаў, аднак, яно перарасло ў трагедыю нацыі. Чвэрць тэрыторыі краіны аказалася моцна засьмечанай радыёактыўнымі доўгажывучымі ізатопамі цэзію, стронцыю, плутонію і інш. Чвэрць ворнай зямлі выключана з сельскагаспадарчага выкарыстаньня. Пэрыяд паўраспаду асноўных ізатопаў цэзія-137 і стронцыя-90 у сярэднім 30 гадоў. Але ёсьць ізатопы, якія будуць існаваць тысячы год. Больш таго, у выніку распаду і ўзаемадзеяньня існуючых ізатопаў уранавай групы ўтвараецца новы радыёактыўны ізатоп амэрыцый-241, і радыяцыйны фон у месцах яго ўтварэньня павялічваецца (у 2,4 разы за сто гадоў).
Радыяцыя (асабліва першы ёдны ўдар) моцна падарвала здароўе беларусаў. Асабліва адмоўна дзейнічае на рэпрадуктыўную функцыю мужчын і жанчын. Выміраньне беларускага насельніцтва напрасткі зьвязана з вынікакмі Чарнобыльскай катастрофы і з палітыкай “Чарнобыльскага генацыду”, якую сьведама праводзіць антыбеларускі рэжым Лукашэнкі (выкарыстаньне забруджаных земляў, ліквідацыя ільготаў і дапамогі пацярпелым, накіраваньне моладзі на працу ў радыяцыйныя зоны, распаўсюджваньне радыяцыйна забруджаных прадуктаў і г. д.).
У час аварыі на ЧАЭС вецер дзьмуў на Беларусь. 70% усёй выкінутай радыяцыі ў час выбуху апусьцілася на беларускую тэрыторыю. Радыяактыўныя хмары, аднак, маглі пайсьці далёка, аж у Ледавіты акіян, выпадаючы малымі дозамі і рассейваючыся над вялікімі тэрыторыямі (што і сталася з тых хмараў, якія прайшлі праз Эўропу). Шкода ад іх зрабілася не малая. Гэта была плынная (не пастаянная) крыніца радыяцыі, ападкі выпадалі плямамі рознай канцэнтрацыі. Існаваў шанец, што воблакі дасягнуць бязьлюдных прастораў акіяна і там канчаткова разьвеюцца. Аднак тут з боку Масквы быў зьдзейсьнены яшчэ адзін акт злачынства супроць беларусаў.
Маскоўцы вырашылі апусьціць радыяцыйныя воблакі на зямлю, але не на сваю выбраную расейскую тэрыторыю, а на беларускую, на галовы беларусаў, нічога не кажучы нават камуністычнаму кіраўніцтву Беларусі, скарыстаўшы адсутнасьць незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай краіны. Яны стварылі спэцыяльную эскадрыльлю, задача якой была распыліць адпаведнае рэчыва ў хмарах над Магілёўскай і Гомельскай вобласьцямі і апусьціць такім чынам радыяцыйныя хмары на Беларусь. У выніку на Магілёўшчыне і Гомельшчыне, за 200 кілёмэтраў ад Чарнобыля, радыяцыя сталася канцэнтраванай і вялікай, як у 30-кілёмэтровай зоне каля атамнай электрастанцыі.
Нічога ня ведаючы, што адбываецца, людзі пачалі хварэць (найперш дзеці). Злачынства Масква строга засакрэціла. Але невытлумачальна высокую радыяцыю на Магілёўшчыне і Гомельшчыне выявілі нашыя вучоныя, а Народны Фронт неўзабаве раскрыў і даведаўся, хто гэта зрабіў. Пасьля распаду СССР расейцы пачалі цынічна пісаць пра тыя падзеі і ўсхваляць лётчыкаў, якія выконвалі заказ КПСС. Лётчыкаў адзначылі дзяржаўнымі ўзнагародамі.
У 2006 годзе ў Нью-Ёрк прыехала зь Лёндану здымачная група Бі-Бі-Сі, каб узяць у мяне відэа-інтэрв'ю пра змаганьне з Чарнобыльскай катастрофай. Я расказаў ім пра асаджэньне радыяцыйных хмараў над Беларусяй, даў матэрыялы, прозьвішчы лётчыкаў, месцы іхняга пражываньня. Група паехала ў Маскву і запісала адзінага на той час жывога “героя” злачынства над Магілёўшчынай, нейкага Аляксея Грушына. У 2007 годзе фільм пад назовам “Гульня ў Бога з надвор'ем” (з цыклу “Навука пра супершторм”) зьявіўся ў Сеціве і моцна зьбянтэжыў некаторых цемрашалаў у Расеі і лукашысцкай Беларусі. Пачаліся абвяржэньні ды фальшывыя разважаньні ў электронным друку.
У гэтым кіно тым часам было дакумэнтальна зафіксавана наўпроставае сьведчаньне пра расейскае злачынства. А. Грушын, думаючы, што яго здымаюць як героя, надзеў мундзір з урадавымі ўзнагародамі і сьведчыў шчыра пра свае “подзьвігі”. Ён сказаў, што дзейнічаў тады сьведама і перакананы, што так і трэба было рабіць, бо інакш хмары маглі павярнуцца на Расею, “...і тады пацярпелі б мільёны людзей”, — патлумачыў Грушын.
10-га красавіка я паказваў фільм у залі Беларускага сабора сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку. Гэтыя варварскія словы выканаўцы злачыннага загаду пра матывацыю яго паводзін, відаць, найбольш уразілі прысутных. Мушу зазначыць, што сьведчаньне Грушына, — гэта не прызнаньне цыніка. Тут разважаньні савецкага фундамэнталіста. Грушын — звычайны і тыповы савецкі расеяц, выхаваны ў шчарбатай псіхалёгіі расейскага вайсковага шавінізму, для якога “людзі” — гэта расейцы, астатнія — “чуркі”, “лабусы”, “хахлы”, “бульбашы”, “амэрыкосы”, “пшэкі”, “піндосы” і г. д., а значыць на іх можна спусьціць рыдыяцыйныя хмары, каб не пацярпелі “людзі”.
Адзначу таксама, што рускія лётчыкі, якія зрабілі гэтае злачынства, ня ведалі, што іх паслалі ў хмары на сьмерць. Па сутнасьці, гэта былі сьмертнікі. Іх выкарысталі, і яны павінны былі хутка памерці ад радыяцыі, каб ніхто нічога ня ведаў. У 2006 годзе жывым заставаўся толькі А. Грушын, якога журналісты Бі-Бі-Сі пасьпелі зьняць і запісаць. Цяпер і ён ужо не жыве.
Мінула 25 гадоў пасьля катастрофы. Праз 8 гадоў заканчваецца першы паўраспад цэзія-137 , і праз тры гады — стронцыя-90, і радыяцыя ад іх зьменшыцца на палову. Яшчэ праз 30 гадоў яна ўжо будзе меншая ў чатыры разы. Можа нават усяго праз 60 гадоў мы ўжо пачнем вяртацца туды, дзе вечна былі і дзе мы цяпер часова адсутныя. Гэтая наша, цяпер хворая, але запаведная зямля, чакае нас. Патрэбная толькі адна ўмова — каб мы былі, каб засталіся (і ня толькі фізічна).
Для мяне даўно было зразумела, што краіны з малой тэрыторыяй не павінны будаваць атамныя электрастанцыі. У атамнай станцыі ў прынцыпе не існуе гарантыі супраць катастрофы. Выбухнуць можа кожная АЭС у выніку зьбегу прыродных, сацыяльных, вытворчых, індывідуальных і тэхналягічных абставінаў. Чарнобыльская ўзарвалася ў выніку фатальнага супадзеньня вытворчых, тэхналягічных, палітычных і індывідуальных чыньнікаў. Фукусіма — выбухнула толькі ад прыродных і тэхналягічных прычын.
Краіна зь вялікай тэрыторыяй лягчэй можа перажыць атамную катастрофу АЭС, бо нават самая разбуральная ядзерная аварыя не накрые ўсю плошчу і, адпаведна, усю нацыю (папуляцыю). Тым часам для якой-небудзь мініятурнай Бэльгіі, напрыклад (якая памерам меншая за нашу Берасьцейскую вобласьць), Чарнобыль стаў бы адначасна агульнай катастрофай нацыі. У прынцыпе небясьпечна будаваць АЭС у Прыбалтыйскіх краінах, гэта вялікая рызыка.
Беларусь па тэрыторыі большая за тры прыбалтыйскія краіны ўзятыя разам, але свой вельмі абмежаваны тэрытарыяльны рэсурс яна ўжо вычарпала пасьля Чарнобыля. Пабудова атамнай станцыі на другім канцы краіны (у Астраўцы) па дыяганалі ад Чарнобыльскай — гэта праграмаваньне магчымасьці поўнай нацыянальнай катастрофы, зьнікненьне нацыі з твару зямлі. (Я ўжо не кажу тут пра небясьпечныя геафізічныя і крайне не карысныя для Беларусі эканамічныя, экалягічныя, сацыяльна-палітычныя аспэкты праектаваньня АЭС у Астраўцы.) Ужо не сакрэт, што людзі, якія яе нам навязваюць і праектуюць, усё тое якраз і маюць на ўвазе, закладваюць бомбу пад будучыню Беларусі. Энэргетыка тут зьява прагматычная і ў гэтым аспэкце — другасная.
З усіх энэргетык атамная энэргетыка мае найменшую супрацьаварыйную гарантыю і найбольшую верагоднасьць катастрафічнай аварыі. Прытым катастрафічная аварыя на АЭС зьяўляецца разбуральнай і небясьпечнай ня толькі для асяроддзя, але і для чалавецтва, вынікі яе, як правіла, непапраўныя.
За паўстагоддзе існаваньня атамнай энэргетыкі былі дзясяткі аварый і непаладак. Тры вялікія катастрофы з расплаўленьнем актыўнай зоны рэактара, выкідам радыёнуклідаў у асяроддзе і эвакуацыяй насельніцтва адбыліся на сёньняшні дзень у межах апошніх 30-ці гадоў. Статыстычная заканамернасьць паказвае, што праз 20-25 гадоў на зямлі зноў можа адбыцца катастрофа на АЭС, кшталту Чарнобыльскай і Фукусімы. З павелічэньнем колькасьці АЭС гэтая верагоднасьць сьціскаецца, аварыйнасьць павінна стаць больш частай.
Тут заўважу, што распрацоўшчыкі АЭС, некаторыя адэпты МАГАТЭ ды расейскага РОСАТОМ заўсёды прыводзяць фантастычна мінімальныя долі малой верагоднасьці катастрофы на АЭС. На гэтыя лічбы ня трэба зьвяртаць увагі, яны ўзятыя са столі, нічым не абгрунтаваныя і ёсьць тыповай і нахабнай прыдумкай для прастакоў. Напрыклад, аўтары РОСАТОМу ў гэтым годзе пішуць, што імі “...закладзена ў сучасныя праекты верагоднасьць найбольш цяжкай рэактарнай аварыі — з расплаўленьнем актыўнай зоны і выхадам значнай колькасьці накопленых у рэактары радыёактыўных матэрыялаў у зьнешняе асяроддзе (што патрабуе эвакуацыі насельніцтва). Такая аварыя была ўсяго адна — Чарнобыльская. З прычыны недапушчальнасьці такіх аварый у прынцыпе (яшчэ адна такая аварыя назаўсёды вывядзе атамную энэргетыку за рамкі грамадзкай прыймальнасьці) гадавая верагоднасьць такой аварыі для аднаго энэргаблёку прынята 10 у “мінус“ 8-й ступені”. (Крыніца: http://www.blogi.rosatom.ru/baltaes/kak-ocenivayutsya-riski-tyazhelyx-avarij-na-sovremennyx-i-perspektivnyx-aes/)
Гэты адметны па свайму алагізму тэкст быў напісаны да аварыі на Фукусіме. Сцьвярджаючы, што Чарнобыльская катастрофа “была ўсяго адна”, лічбе 10 у мінус 8-ай ступені надавалі бачнасьць тэорыі, бо яна ўмяшчалася ў прыдуманую “верагоднасьць” адной катастрофы для адной АЭС раз ў сто мільёнаў гадоў (10 у мінус 8-й ст.), маўляў, адна ўжо адбылася і больш ня будзе.
Удакладню, што для атамнай энэргетычнай сістэмы Зямлі (500 АЭС) гэта азначала б верагоднасьць адной катастрофы АЭС адзін раз у 200 тысяч гадоў. Практычна, усе гэтыя прыдуманыя лічбы ня маюць ніякага значэньня. Катастрафічная аварыя на Фукусіме перакуліла дагары нагамі ўсю гэтую лічбавую ліпу, бо пачала працаваць рэальная статыстыка, зьявіліся статыстычныя каардынаты працэсу. (Хаця яны ўжо існавалі і раней — акрамя Чарнобыля, была вельмі сур'ёзная аварыя на Тры-Майл-Айленд у ЗША у 1979 годзе з усімі прыкметамі катастрофы.) Улічым таксама выпадак на атамным комплексе Сэлафілд у Уіндскэйле (Англія) у 1957 годзе, калі рэакцыя выйшла там з-пад кантролю і рэактары залілі вадой, рызыкуючы і разумеючы, што можа стацца выбух (кшталту Чарнобыльскага), пасьля якога па разьліках ад радыяцыі маглі б памерці каля аднаго мільёна чалавек. На шчасьце, Бог зжаліўся над Англіяй.
Атамная энэргетыка маральна скончылася пасьля Чарнобыля. Расейцы, як бачым, пішуць, што для гэтага трэба “яшчэ адна такая Чарнобыльская аварыя” (думаючы, што яе ня будзе). Але выбухнула Фукусіма, і будуць выбухаць іншыя. Атамная энэргетыка ўжо даўно ператварылася ў злачынства супраць чалавецтва, створаная людзьмі безадказнымі і недалёкімі, якія добрымі пажаданьнямі вымошчвалі дарогу ў пекла.
Мушу нагадаць, што ў канцы 80-х, калі адчынілася разбуральная пэрспэктыва Чарнобыльскай катастрофы для беларусаў і калі гаварылі аб магчымасьці паўторнага, ужо ядравага выбуху на ЧАЭС, мы, фронтаўцы, шукалі выйсьця, прапрацоўвалі розныя варыянты выратаваньня беларусаў. Адзін зь іх быў — далучэньне Смаленшчыны да Беларусі (дзе беларускае насельніцтва пад Расеяй зменшылася месцамі ў 10 разоў, вобласьць апусьцела а ўрадлівыя землі зарасталі хмызамі). Меркавалася, што калі далучыць Смаленшчыну, то можна было б перасяліць туды людзей з Чарнобыльскай зоны Гомельшчыны і Магілёўшчыны. Яны адрадзілі б там жыцьцё і гаспадарку, толькі б даць ім волю, зямлю і падтрымку.
У траўні 1990 г. дэпутацкая дэлегацыя Апазыцыі БНФ была ў Маскве ў Вярхоўным Савеце РСФСР. Па гэтым пытаньні было спатканьне з дэпутатамі і кіраўніцтвам Смаленскай, Бранскай і Арлоўскай вобласьцяў РСФСР (ад Беларусі былі мы з Алегам Трусавым). Кіраўнік Смаленскай вобласьці спадар Арлоў тады ня толькі цалкам, але з зацікаўленасьцю падтрымаў нашу ідэю. Прытым (сам расеяц з Белгарадзкай вобласьці) выявіў веданьне беларускай гісторыі і таго, што Смаленск — старажытны беларускі горад. Ён разумеў, што павінна было стацца палітычнае рашэньне на ўзроўні Ельцына, Гарбачова і парляманта, і гатовы быў яго падтрымаць.
Далей трэба было размаўляць з кіраўнікамі Беларусі (на той час з Першым сакратаром ЦК КПБ А. Малафеевым і старшынёй Вярхоўнага Савета М. Дземянцеям). З гэтымі асобамі, якія тады ў прынцыпе не дапускалі гаворкі пра незалежнасьць Беларусі, размаўляць пра Смаленшчыну і Чарнобыль было бяссэнсава. Але трэба было. Далейшыя бурныя падзеі, аднак, зьмянілі абставіны, і пытаньне аб “чарнобыльскай” Смаленшчыне больш не ўзьнікала.
На выпадак паўторнага (ядзернага) выбуху Чарнобыля і агульнанацыянальнай атамнай катастрофы ў Фронце разглядалі розныя варыянты выратаваньня. Звышзадача — нацыя мусіць выжыць. Але ўсе цалкам магчымыя варыянты захаваньня і выжываньня былі б для беларусаў супэрцяжкімі і толькі верагоднымі, бо для выжываньня мусіла б існаваць моцная народная кансалідацыя на аснове ўсьвядомленай нацыянальнай агульнасьці традыцыяў і культуры. Менавіта дзякуючы гэтаму выжывалі ў халодных казахскіх стэпах выселеныя Сталінам народы і вярнулі потым сваю радзіму. Пры адсутнасьці культурна-нацыянальнага пасіянарнага цэмэнту катастрофа ператварае супольнасьць у бездапаможны натоўп.
Адзін з неверагодных варыянтаў захаваньня і выжываньня нацыі пры абшырнай ядзернай катастрофе, які мы абмяркоўвалі ў разважаньнях, — гэта кампактнае перасяленьне часткі беларусаў на пустыя слаба заселеныя землі Канады пры ўмове прызнаньня культурна-нацыянальнай аўтаноміі беларускай супольнасьці на ўзроўні існаваньня асобнай канадзкай правінцыі. У 1991 годзе дэпутацкая дэлегацыя Апазыцыі БНФ (Ул. Заблоцкі, Л. Баршчэўскі, З. Пазьняк) была ў Канадзе. Мы спрабавалі высьветліць між іншым меркаваньні канадзкіх палітыкаў пра гэты сцэнар. Яны дапускалі яго як магчымы (хоць і мала верагодны).
Я лічыў, аднак, такі варыянт цалкам не рэальным і не падтрымліваў такую ідэю, мяркуючы, што яна можа быць канструктыўнай для немцаў, партугальцаў, габрэяў, нават для курдаў, словам, для ўсіх, толькі не для нас, беларусаў. Жыцьцё на Захадзе і назіраньні за беларусамі на чужыне ўмацавалі мяне ў гэтай думцы.
Мы можам існаваць і спраўдзіцца як нацыя толькі ў Беларусі, толькі на сваёй зямлі і толькі ў сваёй мове. Наша зямля — гэта нашая калыска, наш карабель, які трымае нас разам, побач і прымушае задумвацца аб супольным існаваньні. За бортам мы выжываем, як людзі — кожны сабе — і зьнікаем, як нацыянальная супольнасьць людзей.
Мы ўсе павінны вельмі берагчы наш карабель, рыхтаваць яго ў вечнае плаваньне, не раскладаць агонь на палубе, не дзяўбаць карабельнае дно, не выбіраць капітанам вар'ята.
25 гадоў — гэта цэлае пакаленьне. Чарнобыль нас нішчыць і нябачна існуе разам з намі, прымушае і вучыць нас выжываць, клапаціцца пра будучыню і здароўе, супраціўляцца і думаць аб народным сваім існаваньні.
>
20 красавіка 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК