ФАЛЬШЫВЫЯ ПАВОДЗІНЫ МАСКВЫ

24 красавіка расейскі тэлеканал НТВ паказаў сюжэт пра тэракт у менскім мэтро. Маскоўскія журналісты размаўлялі з людзьмі ў Віцебску і самы ўголас рабілі свае высновы. Найбольш запомнілася інфармацыя аднаго з суседзяў маладых людзей, які паведаміў, што іх ужо затрымлівалі і дапытвалі ў сувязі з тэрактам ўноч на 4 ліпеня 2008 г. у Менску. Тады ж улады разьбіраліся і з іхнай імправізаванай хімічнай лабараторыяй. (Такім чынам, у 2008 г. іхныя хатнія хімічныя экспэрымэнты не прывялі да арышту, але ў картатэку спэцслужбаў яны патрапілі).

Цікава было таксама паслухаць вэтэрана спэцназу палкоўніка ў адстаўцы Барадача, які з сваёй эміграцыі заявіў, што мяркуючы па фактах, улады затрымалі невінаватых людзей і спрабуюць беспадстаўна асудзіць іх за злачынства, якое яны не зьдзяйсьнялі. НТВ падкрэсьліла думку аб тым, што арыштаваныя невінаватыя. Як сказала жонка аднаго зь іх: “Калі б я патрапіла туды, то таксама ва ўсім бы “сазналася”...” НТВ ня верыць, што ўлады кажуць праўду. Больш таго, расейскае тэлебачаньне зрабіла намёк, што рэжыму вельмі патрэбны быў гэты тэракт. Не выпадкова, што гэты сюжэт ня быў паказаны на тэрыторыі Беларусі, а быў заменены мясцовым сюжэтам на іншую тэму.

На расейскім тэлебачаньні не бывае нічога выпадковага. І расейскі рэжым (“расейская дэмакратыя”) мае вельмі вызначаныя рамкі. Паўстаюць пытаньні: чаму Маскве так выгадна гэтым разам разважаць аб несправядліва арыштаваных людзях, якія не зьяўляюцца злачынцамі, і чаму так важна было сказаць пра жорсткасьць і фальшывасьць рэжыму, які хавае ад грамадзтва праўду?

У сувязі з тым, што апошнім часам такія адкрыцьці пра сутнасьць і прыроду лукашызма робяцца ў Маскве не ўпершыню, можна меркаваць, што Масква выкарыстоўвае менскую трагедыю і неадэкватныя паводзіны ўладаў як адзін з спосабаў дэскрыдытацыі антыбеларускай дыктатуры. Такім чынам, менскі рэжым падвешваецца яшчэ на адну нітачку залежнасьці ад маскоўскай мэтраполіі, якая можа раптам ўзяць ды без усялякіх намёкаў паведаміць поўную праўду аб тым, хто на самой справе забіў беларускіх людзей у мэтро.

У Менску мэдыкі ўжо распавялі, што аднаго з абвінавачваемых ужо носяць на допыты на насілках. Чалавек даведзены да такога стану, калі сапраўды “ва ўсім прызнаешся”. У самым Віцебску, ніхто ня верыць у вэрсію ўладаў, людзі ў адкрытую спачуваюць арыштаваным і кажуць, што “іх падставілі”.

Па ўсім бачна, што тэракт не запалохаў беларускае грамадзтва. Наадварот, гэтае злачынства шмат каму расплюшчыла вочы і шмат каго прымусіла рабіць высновы на тэму драматычнага становішча, у якім апынуліся мільёны беларусаў.

Янка Базыль