ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНЫХ ГАЗЭТ (20–21.04.2011)

Усё больш праблемаў для беларусаў

20 красавіка 2011 г. іспанская газэта “АВС” паведаміла, што ў Кіеве адбыўся саміт шэрагу кіраўнікоў дзяржаваў з удзелам генсека ААН Пан Гі-Муна і старшыні Эўракамісіі Барозу. Было прынята рашэньне выдзеліць Украіне рэкордную суму ў 550 мільёнаў эўра для ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Наш камэнтар: Вядома, што ўдзельнікі канфэрэнцыі паставілі ўмову прэзыдэнту Украіны не дапускаць на канфэрэнцыю Лукашэнку. Ніхто ня хоча бачыць гэтую фігуру, ніхто ня хоча сядзець побач зь ім. У выніку на канфэрэнцыі нават не было пастаўлена пытаньне пра дапамогу Беларусі, якая найбольш пацярпела ад катастрофы. (Хаця трэба прызнаць, што калі б лукашысты і атрымалі якія мільёны эўра, то ўсё б раскралі і змарнавалі на чарговы “лядовы палац”). Існаваньне лукашысцкага рэжыму стварае ўсё больш праблемаў для нашай краіны і народу.

Алесь Хадасевіч

“У яго проста псіхіка лабільная”

21 красавіка 2011 г. ангельская газэта “Independent” паведаміла пра публікацыю кнігі ўспамінаў маскоўскага мэдыка Мяснікова. Ён удзельнічаў ва ўскрыцьці цела Сталіна. Мяснікоў канстатаваў атэрасклероз мозга ў Сталіна. З гэтага мэдык зрабіў выснову, што Сталін “згубіў паняцьці дабра і зла”. Напісана таксама пра шызафрэнію. Гэта, на думку аўтара, шмат што тлумачыць у палітычнай дзейнасьці Сталіна і падзеях эпохі.

Наш камэнтар: Псіхічна хворы чалавек начале дзяржавы — няшчасьце для народаў. На жаль, наш народ таксама жыве ў такі пэрыяд. Калі ў 1994 г. група “маладых ваўкоў” (Ганчар, Лебедько, Булахаў, Сініцын і інш.) вяла да ўлады Лукашэнку, дэпутаты-фронтаўцы казалі ім: “Што вы робіце, вы ня бачыце, што ён хворы?” “Ваўкі” пасьмейваліся і казалі: “Ды не, у яго проста псіхіка лабільная”. Яны нібыта ня ведалі, што лабільнасьць (няўстойлівасьць) псіхікі ёсьць адной з галоўных прыкметаў душэўнай хваробы. Цяпер наш народ дорага расплочваецца за злачынную палітыку авантурнікаў, кіраваных Масквой (ды-й яны, хітруны, таксама).

Юрка Марозаў

Вялікі кантраст

20 красавіка 2011 г. французкая газэта “Liberation” напісала пра візіт у Парыж старшыні Нацыянальнага пераходнага ўраду Лівіі Мустафы Абдэльджэліла. Праз месяц пасьля пачатку бамбардаваньняў заходняй кааліцыяй прадстаўнікі Лівіі патрабуюць павялічыць ціск на рэжым Кадафі і прапануюць хаўрусьнікам распачаць наземныя апэрацыі.

Наш камэнтар: Які кантраст паміж канкрэтнымі зваротамі і канкрэтнай дзейнасьцю дэлегацыі лівійскіх паўстанцаў і імітатарствам мілінкевічаў-вінцучкоў-лебедько. Апошнія аб'езьдзілі ўвесь Захад, зьбіраючы шалёныя гранты. І ў выніку поўны правал псэўдаапазыцыі, дэмаралізацыя і прафанацыя імітатараў. Нанесена вялікая шкода Беларусі. Пакуль беларускае змаганьне за волю і незалежнасьць ня будзе ачышчана ад гэтай фальшывай публікі, ня будзе прагрэсу ў барацьбе.

Алесь Хадасевіч

Пасылаюць ваенных дарадцаў у Лівію

20 красавіка 2011 г. італьянская газэта “La Stampa” паведаміла, што Італія і Францыя вырашылі паслаць сваіх ваенных дарадцаў у Лівію, якія будуць кіраваць дзеяньнямі паўстанцкіх атрадаў.

Наш камэнтар: Калі народ змагаецца за волю, заўсёды знойдуцца краіны, якія падтрымаюць яго.

Алесь Хадасевіч

Сквапнасьць. Труцяць за грошы

20 красавіка 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Грыбы з “Польшчы”. Журналіст распавядае пра шкоду, якую прынесла Беларусі Чарнобыльская катастрофа, пра рэжымны плян новай АЭС у Астраўцы, цытуе Варонежцава, “фізіка з палітычнымі амбіцыямі”. На прыканцы артыкула журналіст пераказвае размову з сялянамі ў Ветцы, што знаходзіцца ў моцна забруджанай зоне каля Гомеля. Людзі распавялі, як штогод у мясцовыя лясы прыязджаюць польскія грузавікі і забіраюць вялікія колькасьці грыбоў і ягад. Потым у Польшчы іх кансэрвуюць і пішуць на слоіках “польскі прадукт” ды прадаюць у Беларусі. Артыкул завяршаецца рытарычным пытаньнем: “А можа і ня толькі ў Беларусі?”

Наш камэнтар: Даўно вядома, што атручаныя радыяцыяй грыбы лісічкі і ягады з Чарнобыльскай зоны распаўсюджваюцца па ўсёй Эўропе. Прычым, ня толькі ў польскіх слоіках. Немцы вагонамі вывозяць гэты прадукт проста з Беларусі і прадаюць у эўрапейскіх рэстаранах па вялікіх коштах. Адчуваецца, што інфармацыя пра гэтае злачынства пачала ўрэшце прасочвацца ў заходніх грамадзтвах.

Юрка Марозаў

Масква здае хаўрусьнікаў

20 красавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала з Масквы. Газэта “Ізвестія” паведаміла, што ў памяшканьнях амбасады РБ у Маскве дзейнічае казіно, хаця з 2009 г. гульнявы бізнэс быў афіцыйна выдалены на ўскраіны краіны. МЗС РБ абвергнуў гэтую інфармацыю.

Наш камэнтар: Рэжымныя “дыпламаты” дзейнічалі і дзейнічаюць, абапіраючыся на запаветы свайго начальніка. Дастаткова працытаваць Лукашэнкаў выступ перад “палаткамі” 21 красавіка сёлета: “Наша діпломатія должна быть творческой, я бы сказал, предпріімчівой...”

Пра “падпольнае” казіно ў амбасадзе лукашыстоўскага рэжыму ведала ўся Масква. Там зьбіраўся не абы хто, а вельмі “крутыя асобы”. Цікава, чаму менавіта цяпер спатрэбілася гэтая чарговая доза маскоўскай дэскрыдытацыі лукашэнкаўскага рэжыму?

Юрка Марозаў

“Каво вы хатите абмануть?”

21 красавіка 2011 г. славацкая газэта “SME” пісала пра выступ прэм'ера РФ Пуціна перад Дзярждумай. Сярод іншага ён паабяцаў, што ў 2020 г. Расея будзе ў пяцёрцы самых індустрыяльна разьвітых краін.

Наш камэнтар: Чарговыя крамлёўскія абяцанкі. Хрушчоў абяцаў камунізм у 1980 годзе. Але замест камунізма ў абяцаную дату пачалася Аўганская вайна. Гарбачоў абяцаў дэмакратыю і свабоду (“перастройку” і “гласнасьць”). Маскоўскія студэнты хадзілі тады на мітынгі з плакацікамі “Обгоним и перегоним Африку!” Каго гэтым разам хоча надурыць крамлёўска-лубянская мафійная кодла?

Алесь Хадасевіч

Украіна ўваходзіць у прота-лукашысцкую стадыю

21 красавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што парлямант Украіны пастанавіў, што можна карыстацца чырвоным сьцягам побач з дзяржаўным сьцягам Украіны 9 траўня. Маўляў, гэта ёсьць “сьцяг перамогі савецкага народу”. Газэта нагадвае, што чырвоны сьцяг вельмі ж нагадвае сьцяг СССР.

Наш камэнтар: Наступным крокам антыўкраінскіх сілаў трэба чакаць замену нацыянальна-дзяржаўнага сьцяга на чырвоную шмату. Барацьба за Украіну ўваходзіць у новую (лукашысцкую) стадыю. Прамаскоўскія “пераможцы” пачалі ў адкрытую куражыцца.

Алесь Хадасевіч