АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (16–19.04.2011.)
Ён не “ідыёт”, ён вар'ят
16 красавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” цытавала Лукашэнку: “Я не ідыёт, калі бяру на сябе адказнасьць і заяўляю, што злачынства было раскрыта...”
Наш камэнтар: Ніхто, ніхто ня верыць фальшываму. Ды-й злачынства яшчэ не раскрыта
Юрка Марозаў
Цацкаюцца з Кадафі
16 красавіка 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала, што ўрад ЗША шукае краіну, якая магла б прыняць у сябе палкоўніка Кадафі. Ён рызыкуе патрапіць пад перасьлед Міжнароднага крымінальнага суда за тое, што страляў у свой народ.
Наш камэнтар: Тыран не спыняецца, штодня забівае людзей. А тым часам цывілізаваныя краіны прапануюць яму ратавацца і пакінуць народ у спакоі. Але тыраны, якія не спыняюцца ў сваіх злачынствах, павінны быць пакараны.
Алесь Хадасевіч
Вар'ятня “ідыёта”
16 красавіка 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра арышт “невядомай колькасьці супрацоўнікаў паліцыі і пэрсаналу мэтро” у Менску. Лукашэнка загадаў “дапытваць іх, як крымінальнікаў”. Газэта цытуе Лукашэнку: “Я не ідыёт...”
Наш камэнтар: Адчуваецца, што дзеяньні антычалавечага рэжыму пасьля тэракта ўразілі аналітыкаў і журналістаў СМІ многіх краін. Сэнтэнцыя пра ідыятызм стала цытатай дня па ўсім сьвеце. Людзі ў цывілізаваных краінах спачуваюць беларусам, што жывуць пад цяжарам ідыёцкай улады.
Алесь Хадасевіч
Загадкавы “тэракт”
16 красавіка 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” таксама пісала пра “ідыёта” у выкананьні Лукашэнкі падчас ягонага выступу на БТ ў суботу.
Наш камэнтар: Пры ўсіх намаганьнях рэжыму не ўдалося заткнуць людзям рот і прымусіць пагадзіцца з фальшывай канцэпцыяй тэракта. Беларускія вайскоўцы, якія прайшлі аўганскую вайну, аналізуюць трагедыю. Яны кажуць, што калі б адбыўся звычайны выбух 7 кг траціла, то ня тое, што станцыя мэтро, а ўвесь будынак над станцыяй быў бы цалкам разбураны. Мяркуючы па варонцы ад выбуха, выбух быў адмыслова ськіраваны ўніз. Мабыць з мэтай абмежаванай колькасьці ахвяраў. Мэдработнікі, якія працавалі на месцы трагедыі, распавядаюць, што сьмяротных ахвяраў было значна больш, чым пададзеная ўладамі лічба. Тое ж тычыцца і цяжка параненых людзей, якія знаходзіліся ў крытычным стане.
Работнікаў мэтро зьдзівіла, што многіх зь іх раніцай 11 красавіка выклікалі на працу ў іхны выходны дзень. Людзей таксама зьдзівіла імгненнае зьяўленьне вялікай колькасьці амонаўцаў на станцыі “Кастрычніцкая” і ў падземным пераходзе на станцыю “Купалаўская” літаральна ў першыя ж хвіліны пасьля выбуху. Людзі маюць уражаньне, што ўлада ведала заранёў, што адбудзецца ў гэтым месцы. Стала вядома таксама, што параненым у шпіталях падсоўваюць паперы аб атрыманьні кампэнсацыі. Людзі падпісваюць іх. А потым аказваецца, што з абяцанай рэжымам сумы ім выплочваюць 30-40%. Злачынства працягваецца.
Юрка Марозаў
“Сапраўдныя фіны” перамагаюць
17 красавіка 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла пра перамогу на парляманцкіх выбарах у Фінляндыі партыі “Сапраўдныя фіны”. Партыя ўзяла 19% галасоў і заняла трэцяе месца па выніках выбараў. У параўнаньні з папярэднімі выбарамі “Сапраўдныя фіны” у чатыры разы павялічылі свае вынікі. Партыя зойме месцы ва ўрадзе.
Наш камэнтар: “Сапраўдных фінаў” у многіх эўрапейскіх газэтах называюць “папулістамі” і “эўраскептыкамі”. А народ усё больш падтрымлівае іх, стомлены эўрамаразмам і лібэральным хаосам. Нацыяналісты бароняць радзіму ад брусэльскага балагану.
Алесь Хадасевіч
Рашыд Амар — галоўнакамандуючым туніскай арміі
18 красавіка 2011 г. славацкая газэта “SME” паведаміла, што 60-гадовага генэрала Рашыда Амара прызначылі новым галоўнакамандуючым туніскай арміі. Амара народ называе героям рэвалюцыі. Генэрал адмовіўся выконваць загад былога прэзыдэнта Бэн Алі страляць па мірных дэманстрантах.
Наш камэнтар: Рэвалюцыйны народ заўсёды ацэніць сапраўдных патрыётаў у арміі, якія не выконваюць злачынныя загады злачыннай улады.
Алесь Хадасевіч
Пасьпешныя і нецярплівыя разважаньні
19 красавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Крах Беларусі”. Цытуем газэту: “Адрэзаная ад замежных крэдытаў краіна знаходзіцца на ўскрайку эканамічнай катастрофы. Беларусы выкупляюць валюту, цукар, муку, крупы. Каб ратаваць скуру, рэжым Аляксандра Лукашэнкі стварае атмасфэру абложанай крэпасьці і лічыць на дапамогу Масквы. На вуліцы Менску зноў выйшлі нябачаныя прынамсі ад 10 гадоў валютчыкі. Людзі б'юцца за месцы ў чэргах ў нешматлікія абменьнікі, якія яшчэ дзейнічаюць. Крах валютнага рынку тармозіць слабую беларускую прамысловасьць, бо фірмы ня могуць купіць замежныя запчасткі. Беларусаў ахапіла паніка, пра якую маўчаць афіцыйныя СМІ. Паніку напэўна ўзмоцняць учорашнія паведамленьні галоўных расейскіх газэт аб тым, што з дня на дзень Лукашэнка будзе вымушаны правесьці магутную дэвальвацыю зайчыка.
(...) Як піша “Незавісімая”, Масква хоча, каб Менск прадаў расейскім фірмам долі ў найбольш прывабных беларускіх прадпрыемствах, такіх як сыстэма газаправодаў, вытворчасьць штучных угнаеньняў або менскія аўтамабільныя прадпрыемствы. Расея — гэта апошняя надзея Лукашэнкі на тое, каб пазьбегнуць краху. Як сьцьвярджае былы міністар эканомікі Яўгеній Ясін, Масква будзе дапамагаць сёньняшняму прэзыдэнту, пакуль ня знойдзе замену дыктатару. Пры гэтым няма ілюзій што да Лукашэнкі, а крамлёўскія вяльможы ў прыватных размовах “характарызуюць яго як маньяка і параноіка” — напісаў штотыднёвік “Власть”.
Сам Лукашэнка віну за недахопы ў крамах і дэфіцыт валюты ськідвае на грамадзянаў. — І навошта яны кінуліся ў абменьнікі? Мы ж жывём на беларускія рублі, а яны выкупілі вялізныя колькасьці валюты — зьдзіўляўся дыктатар. І тлумачыў, што даляры патрэбныя дзяржаве, каб купіць дарагі газ з Расеі і лекі. Лукашэнка, каб адцягнуць увагу грамадзтва ад эканамічных праблем, імкнецца максімальна выкарыстаць тэракт у мэтро ў Менску, дзе бомба тыдзень таму забіла 13 чалавек і параніла амаль дзьвесьце”.
Наш камэнтар: Польская газэта вымалёўвае амаль адэкватную карціну беларускай драмы. Што праўда, палякі няздольныя зразумець некаторыя дэталі. Напрыклад, вядома, што не былі зачынены і функцыянуюць усе пункты абмену валюты, што і да панікі. Толькі яны нічога не прадаюць. Менавіта каля іх і стаяць стомленыя чэргі.
Не адчуваецца таксама спачуваньня праблемам суседзяў. Такое ўражаньне, што “крах Беларусі” (як яны сабе пішуць) будзе выгадным для Польшчы (у трактоўцы газэты). Было б зразумела, калі б напісалі пра “крах рэжыму”. Аж тут вось яно што. Да таго ж, трэба было б згадаць, як на працягу гадоў у Польшчы вадзілі палітычныя карагоды і ўдавалі з сябе “барцоў” прадстаўнікі прамаскоўскай псэўдапазыцыі з Беларусі, якія, як вядома, усё правалілі. Яны і дагэтуль камфортна пачуваюцца ў сваіх бюро ў Варшаве.
Юрка Марозаў
“Махавік фальшыўкі ўсё круціцца...”
19 красавіка славацкая газэта “Pravda” пісала пра Беларусь. Яна паведаміла, што ў Віцебску, адкуль паходзяць арыштаваныя нібыта выканаўцы тэракту ў менскім мэтро, людзі пабілі каменьнямі шыбы ў кватэрах, дзе жывуць іхныя сем'і. Міліцыя ўзяла пад ахову жыльлё і сем'і тэрарыстаў. У сутарэньнях дома спэцслужбы знайшлі лабараторыю, дзе была зроблена бомба.
Наш камэнтар: Вядома, што ніводзін журналіст гэтай газэты, ніводзін славацкі журналіст наогул не наведваў апошнімі днямі нашу краіну. Зьвесткі пра біцьцё шыбаў у Віцебску яны атрымалі з агенцыяў, што распаўсюджваюць інфармацыю зь Беларусі па сваіх міжнародных каналах. Вядома таксама, што ніхто ў Віцебску шыбаў ня біў і сем'ям арыштаваных маладых людзей не пагражаў (наш народ ніколі так ня робіць). Вядома, што суседзі выказалі спачуваньне гэтым сем'ям (гэта ёсьць традыцыя нашага народу), бо ня вераць афіцыйнай прапагандзе. У Сеціве ўжо распаўсюджаны здымкі сутарэньняў гэтага дома. Звычайныя савецкія-постсавецкія сутарэньні — брудныя, занядбаныя, задушлівыя. І ніякай лабараторыі... Міліцыя стаіць каля пад'ездаў гэтага дома, каб не дапусьціць журналістаў да сем'яў арыштаваных. Вось такая ёсьць віцебская рэчаіснасьць.
Але лубянская кантора круціцца. Ужо і ў шырокі сьвет выкінула сваю фальшывую сэнсацыю. На яе з гатоўнасьцю ловяцца заходнія лапухі. Махавік фальшыўкі яшчэ ўсё круціцца...
Юрка Марозаў