ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНЫХ ГАЗЭТ (15.04.2011 Г.)

Беларусы ўсё бачаць

15 красавіка польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра выказваньні Лукашэнкі наконт таго, што эканамічны і фінансавы крызіс разам з выбухам у мэтро ёсьць “зьвеньнямі аднаго ланцуга”. Ён запэўніваў, што вырашыць усе праблемы і казаў, што “яны даўно нам пагражалі”. Марэк Буцько, былы польскі дыпламат, які працаваў у Беларусі сказаў газэце: “Апошнімі днямі настала драматычнае пагаршэньне фінансавай сытуацыі людзей. У абменьніках няма даляраў, людзі цяпер штурмуюць абменьнікі. Цэны на харчовыя тавары з гадзіны на гадзіну растуць угару. Ёсьць эканамічны крах і я думаю, што гэты выбух сапраўды адцягне ўвагу ад таго, што адбываецца астатнімі днямі з беларускай эканомікай”.

Наш камэнтар: Беларусы ўсё задаюць пытаньне: а каго меў на ўвазе Лукашэнка, хто гэтыя “яны”, што “даўно нам пагражалі”? Можа “токар і сьлесар” (якіх схапілі “ворганы”) даўно нам пагражалі?

Польскага дыпламата Марэка Буцько беларусы добра запомнілі як выдатнага прафэсіянала і аналітыка, які працаваў у Менску дзеля паляпшэньня беларуска-польскіх сувязяў. Але гэтым разам лагічныя высновы не апраўдваюцца. Тэракт у сталіцы не засьціў вочы беларусам. Яны не перасталі бачыць і ацэньваць тое, што зь імі адбываецца ў выніку правальнай, антынацыяльнай палітыкі рэжыму. Наш народ таксама ўбачыў сувязь паміж жудасным злачынствам і глыбокім крызісам. Убачыў, як рэжым спрабуе запалохаць людзей і прымусіць іх маўчаць і цярпець.

Юрка Марозаў


Левае дзікунства

15 красавіка 2011 г. польская газэта “Zycie Warszawy” паведамляла з Італіі. 18 дэпутатаў правай партыі “Народ Свабоды” запатрабавалі стварэньня парляманцкай камісіі, якая б выдаліла з школьных падручнікаў прапаганду і ўсхваленьне камунізму. У італьянскіх школах настаўнік можа самастойна абіраць любы з шэрагу падручнікаў па гісторыі. Яны і выбіраюць. Напрыклад, падручнік “Элемэнты гісторыі — ХХ стагоддзе” аўтарства А. Камэры і Р. Фабіці. Там напісана, што ГУЛАГ быў “утапічнай спробай імгненнага ажыцьцяўленьня найсьвяцейшых ідэалаў камунізму: патрабаваньня роўнасьці, якая вядзе да свабоды”. Таму, як сьцьвярджаюць аўтары, іх нельга параўноўваць з гітлерскімі канцлягярамі. У падручніку “Найноўшая гісторыя” аўтарства П. Арталевы і М.Рэвэлі напісана, што культ Сталіна ў адрозьненьні ад падобных зьяваў у таталітарных краінах і ЗША ўзьнік з глыбокай патрэбы адчуваньня ўпэўненасьці і стабільнасьці савецкага грамадзтва. Зьнішчэньне 5 мільёнаў “кулакоў”, паводле падручніка, “можна інтэрпрытаваць як сьведчаньне нязломнай волі да ўсталяваньня роўнасьці ў грамадзтве”.

Наш камэнтар: Вельмі адэкватныя пратэст і патрабаваньне італьянскіх правых палітыкаў. Вычварэнская левізна, якая дзесяцігоддзямі кармілася з рук Крамля-Лубянкі, працягвае сваю дэмаралізатарскую справу на Захадзе. Лібэральная гідра не супакойваецца, усхваляе ГУЛАГ, гадзіць у галовы людзей.

Алесь Хадасевіч


Сьпяшаюцца ўсіх абдурыць

15 красавіка 2011 г. румынская газэта “Adevarul” напісала аб тым, што ў Менску арыштаваныя тры асобы, якія зьдзейсьнілі тэракт у мэтро. Лукашэнка загадаў дапытаць у справе тэракта прадстаўнікоў апазыцыі.

Наш камэнтар: Добра было б, каб газэты розных краінаў паведамілі таксама пра рэакцыю ў беларускім грамадзтве. Ніхто ня верыць у “бліскучую апэратыўнасьць ворганаў”. Многія людзі выказваюць спачуваньне арыштаваным, “якіх падставілі”. Вось такі ўзровень грамадзкага даверу ўладзе і спэцслужбам.

Дарэчы, апошнія пачалі актыўна дзейнічаць у працоўных калектывах. Гэбоўская агентура і (даўно ідэнтыфікаваныя людзьмі) стукачы пачалі гукаць: “Всё надо сделать быстро. Быстро арестовалі, быстро судіть і поскорее расстрелять!” У тым жа духу выступіў па БТ падчас “ток-шоў” і прадстаўнік КГБ РБ. Ягоны імпэт нават не падтрымаў прысутны на “ток-шоў” прадстаўнік пракуратуры.

Што гэта яны так сьпяшаюцца?

Юрка Марозаў


Мубарак за сваё адкажа

15 красавіка 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” паведаміла пра заяву эгіпецкіх уладаў. Скінутаму рэвалюцыяй прэзыдэнту Мубараку пагражае прысуд да сьмяротнага пакараньня за расправу над дэманстрантамі. Падчас грамадзкіх выступаў у Эгіпце было забіта каля 800 чалавек.

Наш камэнтар: Дыктатар, які забівае свой народ, павінен панесьці заслужанае пакараньне. Кожны дыктатар.

Юрка Марозаў


Расплата за пасыўнасьць

15 красавіка 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул, прысьвечаны 50-годдзю баёў у Сьвіной бухце на Кубе. 17 красавіка 1961 года 1500 байцоў антыкамуністычных атрадаў высадзіліся на кубінскі бераг і ўступілі ў бой з кастраўскай арміяй. Яны пацярпелі паразу.

Наш камэнтар: Кастраўская армія, якой кіравалі савецкія афіцэры, была мацней за атрады кубінскіх антыкастрыстаў, якія прыплылі з ЗША. Але асноўнай прычынай паразы было тое, што народ не падтрымаў антыкастраўскія атрады. Людзі яшчэ мелі веру ў кастраўскую дэмагагічную “рамантыку”. Пасіўнасьць людзей у лёсавызначальны момант гісторыі аплочана кубінскім народам 50 гадамі бальшавіцкага маразму, эканамічнага правалу і поўным расчараваньнем маладога пакаленьня.

Алесь Хадасевіч


У Варшаве настваралі “бюро за белорусскую демократію” — всё по-русскі

15 красавіка 2011 г. славацкая газэта “SME” апублікавала ў рубрыцы “Нэкралог” тэкст і фота, прысьвечаныя Гансу-Ёахіму Цыдгэ. Ён быў адным з вядучых кіраўнікоў службы контрвыведкі ФРГ. А ў 1985 г. нечакана уцёк у ГДР, дзе здаў усю інфармацыю ў Штазі. Тадышні канцлер ФРГ Коль назваў гэты эпізод катастрофай. Пасьля развалу ГДР у 1989 г. Цыдгэ ўцёк у Маскву, дзе і жыў да сваёй сьмерці 6.04.2011 г.

Наш камэнтар: Фальшывая агентура — няшчасьце для любой краіны. Напрыклад, вядома, што ў Варшаве атабарылася адразу тры розных “бюро за белорусскую демократію” — з камфортнымі памяшканьнямі, аргтэхнікай, штатам “барцоў” і сакратарак. Адно кіруецца сп. Мілінкевічам, другое сп. Слуцкай (былая шэф-рэдактарка “Комсомольской правды в Белоруссіі”). У трэцяй кажуць, што яны “просто за демократію”. Адным словам, “Рогі і капыты” у некалькіх варыяцыях — апэльсіны ў грантаўскіх бочках можна адгружаць суткамі, творчы “расьпіл грантаў” забясьпечаны. І рэжым ня будзе пакрыўджаны. Цікава, што бюро запрашае да супрацоўніцтва польскіх патрыётаў, якія хацелі б сапраўды дапамагчы народу Беларусі. Калі палякі пытаюцца пра іншыя “белорусскіе бюро”, то гаспадары кажуць, што “нешта чулі”, але “ніколі не былі там”. Падобна, што яны ўсіх — і польскіх і беларускіх патрыётаў — лічаць за наіўных.

Цікава, куды будуць уцякаць гэтыя “бюро” пасьля правалу дыктатуры ў Беларусі? Мабыць, таксама ў Маскву.

Юрка Марозаў