ЗАМЕЖНЫ ДРУК (14.04.2011)

Лекцыя для менскай хунты

14 красавіка 2011 г. іспанская газэта “АВС” напісала пра суд у Буэнас-Айрэсе над былым прэзыдэнтам Аргенціны Біньнёнэ і ягонымі супольнікамі па хунце, якая валадарыла ў краіне ў 1976-83 гг. Біньнёнэ, ягоны начальнік паліцыі Паці і былы агент ваеннай выведкі Радрыгес былі асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня за катаваньні людзей, незаконныя арышты і зьнікненьне людзей.

Наш камэнтар: І праз трыццаць гадоў пасьля падзеньня хунты народ і ўлады адлоўліваюць начальнікаў хунты, судзяць і караюць іх. Лекцыя для мясцовай хунты.

Алесь Хадасевіч


Абрыд усім

14 красавіка 2011 г. французкая газэта “Le Figaro” апублікавала вялікі артыкул пра тэракт у Меснку. Газэта цытавала намгенпракурора Шведа, паведаміла пра рэжым цьвёрдай рукі Лукашэнкі, пра Алеся Міхалевіча, які атрымаў прытулак у Чэхіі, апублікавала здымкі з станцыі “Кастрычніцкая” і г.д.

Наш камэнтар: А пра нешта важнае газэта так і не напісала. Людзі ў Беларусі і ва ўсім сьвеце, аднак, пытаюцца: як гэта так? Чаму начальнік рэжыму наведаў руіны станцыі мэтро праз дзьве гадзіны пасьля выбуху ды яшчэ са сваім пазашлюбным дзіцём? Можа ён ведаў, што ім нічога не пагражае? Чаму начальнік рэжыму дагэтуль не наведаў параненых у шпіталях?

Зразумела, што параненыя выказалі б яму ўсё, што пра яго і ягоны рэжым думаюць. Маглі б і мыліцамі закідаць. Абрыднуў усім.

Алесь Хадасевіч


У бункеры ня ўдасца адсядзецца

14 красавіка 2011 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” паведаміла, што французкія спэцчасткі арыштавалі Ларэна Гбагбо, экс-прэзыдэнта Берага Сланавіны (Кот Д'Івуара), які хаваўся ў сваім бункеры ў сталіцы краіны Абіджане. Па ўсёй краіне і ў сталіцы апошнімі тыднямі адбываліся баі. Сілы Гбагбо абараняліся вакол ягонага бункера.

Наш камэнтар: Французкім жаўнерам удалося выратаваць ненавіснага дыктатара-узурпатара ад народнай расправы, яны ўзялі яго пад ахову да суда. Усе ўзурпатары прэзыдэнцкай ўлады павінны, аднак, памятаць, што ў бункеры ім ня ўдасца камфортна адседзецца ад судовай адказнасьці.

Алесь Хадасевіч


Рускі рэжым удасканальваецца

14 красавіка 2011 г. ангельская газэта “Telegraphe” напісала пра карупцыю ў расейскай паліцыі. Падчас рассьледваньня справы аб забойстве першага намесьніка дырэктара Цэнтральнага банка Расеі А. Казлова высьветлілася, што ў справу ўблытана група афіцэраў маскоўскай паліцыі. Яны прадавалі кілерам нумары мабільных тэлефэнаў іхных ахвяраў, што дапамагала забойцам знайсьці ахвяры і забіць іх. Газэта цытуе словы Ігара Трунова, адваката, які займаўся справай забойства Казлова: “Карупцыя і ўдзел праваахоўных чыноў ў незаконнай дзейнасьці шырока распаўсюджаны. Вазьміце любую крымінальную справу і вы знойдзеце іх у ролі пасрэдніка або супольніка. На вялікі жаль, яны дзеляцца інфармацыяй і гандлююць сваім службовым становішчам і сваёй уладай”.

Наш камэнтар: “Русская демократія”, як бачым, усё больш удасканальваецца.

Юрка Марозаў


Блытанікі

14 красавіка 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала здымкі і выказваньні сп. Шведа, якія былі прадэманстраваныя па БТ: як тэрарыст закладае пад лаву сумку з бомбай, як ён ходзіць па станцыі мэтро “Кастрычніцкая”.

Наш камэнтар: У беларусаў узьнікла пытаньне: чаму? Чаму дзяжурныя, убачыўшы на маніторах, як нейкі чалавек закладае сумку пад лаву і сыходзіць, не спынілі і не затрымалі яго? Чаму гэтыя кадры “выцягнулі з загашніка” пазьней, калі ўсплыла вэрсія пра электрыка і токара, якія быццам бы падрывалі бомбы ў Віцебску і Менску з 2005 па 2011 гг.?

Ніхто ня верыць фальшываму рэжыму.

Юрка Марозаў


За імі будучыня

14 красавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што лідэр ісламскай супольнасьці Расеі Талгата Таджудзін хоча, каб у расейскім гэрбе зьявіўся паўмесяц. Вышэйшы муфці мяркуе, што такім чынам Фэдэрацыя стане айчынай як хрысьціянаў, так і мусульманаў.

Наш камэнтар: Цалкам лагічная і сваечасовая прапанова. Расейскае насельніцтва імкліва вымірае ад п'янства і дэмаралізацыі. Народы мусульманскага веравызнаньня працуюць, разьвіваюць свае культуры, маюць вялікія сем'і. За імі сапраўды будучыня на “шірокіх просторах Русі”.

Алесь Хадасевіч