ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: ЛУКАШЭНКА ДЗЕЙНІЧАЕ, ЯК КАДАФІ

Пракамэнтаваць тэракт у менскім мэтро мы папрасілі старшыню Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка. Былы старшыня парлямэнцкай апазыцыі ў Вярхоўным савеце прадстаўляе сваю вэрсію трагічных падзей у Менску й прагназуе, што чакае Беларусь у бліжэйшай будучыні.

Зянон Станіслававіч, якой была ваша першая рэакцыя й першыя думкі, калі Вы пачулі пра выбух у Менску?

З. Пазьняк: Адчуваньне, што гэта не было нечаканасьцю. Ведаючы псіхалёгію гэтай асобы й гэтай улады, чакалася, што зробяць нейкую пакасьць. Пасьля першага аналізу я прыйшоў да высновы, што гэта ня ёсьць міжнародны тэрарызм. Міжнародны тэрарызм — гэта палітычны тэрарызм, які ставіць на мэце пэўныя мэты й калі зроблены замах, то яны аб'яўляюць, хто й дзеля чаго гэта зрабіў. Іначай няма сэнсу гэтага рабіць. Гэты мэтад паказвае, што гэта ўнутраны тэрарызм, зьвязаны з уладамі. Улады ніколі не аб'яўляюць аб сваіх тэрарыстычных актах. Гэта почырк ФСБ і почырк сёньняшняй улады.

Але якая карысьць гэтай уладзе ад замахаў, калі яны ўсімі сіламі спрабавалі захаваць імідж стабільнай і бясьпечнай краіны?

З. Пазьняк: Я ўжо сутыкаўся з такім мэтадам у 1995 годзе, калі Лукашэнка увёў войскі ў парлямэнт. Усё было падрыхтавана так, каб потым гэта зьвярнуць на нас, дэпутатаў, маўляў, яны былі п'яныя, нешта там вырабілі. У залі параскідалі бутэлькі з гарэлкай, наркотыкі, але яны праваліліся. Уначы мы зьвярнуліся ў Генпракуратуру і ўзбудзілі крымінальную справу. Мы яго апярэдзілі, адным словам. Справу павінны былі ўзбуджаць супраць нас і гэтыя здымкі, паклёп, павінны былі быць выкінутыя ў СМІ. Гэта такі мэтад. Я ведаю псіхалёгію гэтых людзей, гэта ў іхным стылі. Гэта іхны почырк. Наступныя падзеі ўсё гэта добра пакажуць. А ўсе размовы пра выгаду... Ведаеце, гэтыя людзі думаюць такімі бандыцкімі катэгорыямі, што ведаючы іхны стыль мысьленьня, мне не хацелася б гэта зараз паўтараць. Зьнікалі людзі, Захаранка й іншыя... Вядома ж, хто гэтым займаўся. Нармальны розум да гэтага не дадумаецца, а гэты псіхапатычны розум да гэтага дадумацца можа.

Я паглядзеў відэа, як ён выступаў, як ён сябе паводзіў, што гаварыў і, добра ведаючы гэтую істоту, я адразу адчуваю фальш там, дзе ён ёсьць. Я пяць гадоў назіраў за ім у Вярхоўным Савеце і ўсе мы, дэпутаты Вярхоўнага савета, добра ведаем гэтую істоту. Гэта ўсё гучала зь яго вуснаў гэтаксама фальшыва, як і выступ 19-20 сьнежня, пасьля правакацыі, якую сам устроіў, і потым фактычна прызнаўся ў гэтым. Далейшыя падзеі прывядуць і факты. Лічу, што самае дакладнае вызначэньне гэтай афёры Лукашэнкі даў Уладзімер Барадач. Прафэсіянал адразу глянуў у корань.

Што, паводле Вас, станецца цяпер з апанэнтамі ўлады, той часткай апазыцыі, якая захавалася?

З. Пазьняк: Гэта вайна не супраць апазыцыі, гэта вайна супраць беларускага народу. Гэта вайна абвешчана ўжо даўно, і 19-га сьнежня — гэта была адна атака, цяпер — гэта другая атака. Яе выкарыстаюць для таго, каб татальна зьнішчыць грамадзянскую супольнасьць. Зараз адбіткі пальцаў будуць браць ня толькі ў мужчын, але і ў жанчын зь дзецьмі. Наш народ нішчаць Чарнобылем, тэлебачаньнем, закрыцьцём школ і ўсёй гэтай шызафрэнічнай хлусьнёй, якая ліецца з усіх бакоў. Паслухайце, як ён гаворыць: “Мужікі, мы должны дать адектваный ответ”. Што гэта за размова? Гэта турэмная размова крымінальнікаў у маліне.

Грамадзтва павінна быць падрыхтаванае да рэпрэсій. Яны й так ідуць увесь час, а зараз будуць узмоцненыя. Вось дзеля чаго гэта ўсё рабілася. Зьнішчыць, як зьнішчаў Кадафі. Гэта адкрытая вайна супраць народа.

У беларускім грамадзтве яшчэ не сасьпела рэвалюцыйная сытуацыя. Яна сьпее дзесяцігодзьдзямі. У беларускага грамадзтва няма прававога мэханізму зьмены ўлады. Яны яго зьнішчылі. Грамадзтва мае толькі адну дарогу — рэвалюцыя. Іначай на Беларусі ўлада зьменена быць ня можа. Няма такіх шляхоў. Для таго, каб гэта адбылося, грамадзтва павінна сасьпець. І яны гэта разумеюць. Таму, калі яны бачаць рост такіх настрояў, яны пачынаюць душыць. Нашае грамадзтва павінна пазбавіцца ад гэтага псіхапата. Ён ня мусіць быць ва ўладзе. Калі ён будзе і далей, то будуць ахвяры, дэфолт і катастрофа. Гэта ненармальная, дзікая, варварская ўлада й прычынай гэтага зьяўляецца, фактычна, адзін чалавек. Іначай будзе бяда й катастрофа. Вось яна ўжо й пачалася.

Размаўляў Д. Гурневіч

13.04.2011

Крыніца: http://www2.polskieradio.pl/zagranica/by/news/artykul153358.html