ЗАМЕЖНЫ ДРУК (09.04.2011)

Ад гэтага ён не паздаравее

10 красавіка 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла пра першы відэазварот скінутага прэзыдэнта Эгіпту Мубарака да народу. Ён абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачваньні ў злоўжываньні ўладай. Мубарак сказаў, што “кампанія, якая праводзіцца супраць яго, абражае яго і ягоную сям'ю...”

Наш камэнтар: Скінуты дыктатар, які давёў вялікую краіну да крызісу і рэвалюцыі, “абразіўся”. Вядома, што кожная антынародная дыктатура вельмі абразьлівая. Напрыклад, у лукашэнкаўскіх “палатках” рыхтуецца закон, паводле якога нельга будзе называць нікога псіхічна хворым. Зразумела, што такім чынам псэўдапарлямант дыктатуры хоча абараніць свайго начальніка. Усе ведаюць, што ён сур'ёзна хворы, але сказаць пра гэта цяпер будзе забаронена. Але ад такіх захадаў яшчэ ня выздаравеў ніводзін дыктатар.

Алесь Хадасевіч


Маргінальнае зацікаўленьне

9 красавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” даволі шматслоўна апісала выставу, што адкрылася ў Менску пад назовам “Сакавіцкія каты”. Творы з выявамі катоў выставілі беларускія мастакі і студэнты. Ёсьць нават дабрачынны збор з продажу работ.

Наш камэнтар: Адным словам, “жізнь нормалізуется”, як кажуць прадстаўнікі антыбеларускага рэжыму. Нешта польскія журналісты не заўважаюць, як насельніцтва ў Беларусі (замест таго, каб бавіцца на вернісажах) кінулася скупляць вялікія колькасьці цукру, алею і мыла — даўно вядомы “ваенна-крызісны нацюрморт”. Пра гэта “назіральнікі” з суседняй краіны не напісалі, іх зацікавіла нешта маргінальнае зь Беларусі, ахопленай крызісам. Бывае.

Дарэчы, арганізатары выставы пра катоў не маглі пазьбегнуць гнюснага прыёмчыка зьдзеку зь беларускай мовы. У вагонах менскага мэтро разьвешаны плакацікі пра выставу. Пададзены тытул “Мартаўскія каты” і далей усё на акупанцкай мове. Як бачым, у нібыта беларускім назове наўмысна (слоўнікаў жа хапае, нават у Сеціве) зрабілі “памылку”. Местачковая багема ізгаляецца. Пакуль што беспакарана.

Алесь Хадасевіч


Арыентацыя на Маскву

9 красавіка 2011 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул пад тытулам “Крызіс узбагаціў кіеўскіх міністраў”. Урад прэм'ера Азарава поўны мільянэраў. Міністры робяць свае мільёны ў галінах, у якіх яны працуюць у якасьці міністраў. Нават прэзыдэнт Януковіч прызнаў, што праблема карупцыі ёсьць “сістэматычная”.

Наш камэнтар: Прамаскоўскі рэжым ва Украіне прыняў карупцыйную крымінальную мадэль з Масквы, дзе яна далёка ўдасканалена ў большых маштабах. Усё цалкам лагічна.

Алесь Хадасевіч


Разумеюць, але сваім розумам

9 красавіка 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” на аснове выказваньняў некалькіх расейскіх сацыёлагаў зрабіла “агульны сацыяльны партрэт статыстычнага расейца”. Гэты агульны расеец ляжыць на канапе, п'е гарэлку з гарбатай, заядае хлебам з маслам, ні ў што ня ўмешваецца, пасылае жонку па сацыяльную дапамогу. Апісваецца, як пасьля палітычнай актыўнасьці пачатку 90-х гадоў настала пасіўнасьць ва ўсім разуверанага народу. Рэвалюцыйных памкненьняў няма, усе хочуць жыць спакойна. За панаваньня Пуціна з выбаршчыкаў усе зрабіліся “падданымі”.

Наш камэнтар: Як заўсёды, заходнія “аналітыкі” тэарэтызуюць пра Расею, як пра монанацыянальную дзяржаву. Усе, маўляў, рускія і ўсе п'юць. А вядома, што шэраг паняволеных Масквой народаў адраджаюць свае каштоўнасьці і сваю нацыянальную моц. Ім няма часу ляжаць на канапе, яны рыхтуюцца да моманту, калі гнілая турма народаў захістаецца і паваліцца. Колькі будзе тады (у чарговы раз) неспадзевак для заходніх “тэарэтыкаў”!

Юрка Марозаў


Не схаваюцца

10 красавіка 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул, прысьвечаны 50-годдзю пачатку судовага працэсу над Адольфам Эйхманам, адным з галоўных арганізатараў Галакосту. У 1961 г. ён быў знойдзены ў Аргенціне, дзе хаваўся пад фальшывым імем, і захоплены ізраільскімі спэцслужбамі. Злачынцу судзілі ў Тэль-Авіве, а потым пакаралі сьмерцю.

Наш камэнтар: Зло павінна быць пакарана, злачынцы павінны стаць перад судом. Зьнішчальнікі беларускага народу таксама не схаваюцца ад суда і пакараньня. Для арганізатараў генацыду беларускага народу ня будзе тэрміну даўніны злачынства.

Юрка Марозаў


“Ня вераць у афіцыйную вэрсію”

10 красавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што ў гадавіну катастрофы прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам сотні палякаў сабраліся ў касьцёлах Нью Ёрка. Людзі скандавалі: “Далоў Туска!”, “Хочам праўды!”, трымалі транспарант “Учора Катынь, сёньня Смаленск, а што заўтра?”

Наш камэнтар: Людзі ня вераць у афіцыйную вэрсію катастрофы: што, маўляў, “было кепскае надвор'е” і г.д. Польскі народ адэкватна кваліфікуе трагедыю як палітычнае забойства, збдзейсьненае рукамі спрадвечнага ворага.

Алесь Хадасевіч


Хвіліна маўчаньня ў Японіі

10 красавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала, што роўна праз месяц пасьля катастрофы ўся Японія ўшанавала хвілінай маўчаньня ахвяры няшчасьця.

Наш камэнтар: Так робяць цывілізаваны народ і цывілізаваны ўрад.

Беларусы добра памятаюць, як пасьля Чарнобыльскай катастрофы ігралі аркестры, людзей гналі на парады, савецкая гэбельсаўшчына надрывалася ў “праслаўленьні герояў” і “все в порядке, товарішчі”. Толькі змаганьне Беларускага Народнага Фронту праламала гэты мур хлусьні і фальшу.

Алесь Хадасевіч