“ТОЛЬКО ПРЭДУПРЭЖДАЕМ — НІЧЭГО БЕЛОРУССКОГО”

У бясконцых прасторах “Чупа-чупса” (“національной бібліотекі”) у Менску часам адбываюцца цікавыя падзеі. Вядома, што культурнае жыцьцё цепліцца нават ва ўмовах самых вычварных формаў акупацыі. Калі ўваходзіш у шкляны шэдэўр лукашызма, то вышэй за ўсё вісіць расцяжка-транспарант, на якой па-расейску напісаны лёзунг: нешта пра “Грэцыю класічную і паэтычную”. 25 сакавіка сёлета ў “шэдэўры” гучалі грэцкая музыка і сьпевы, адбыўся вернісаж жывапісных і графічных твораў грэцкіх мастакоў.

Самае цікавае, што ўсё было прадстаўлена ў выкананьні мясцовых элінаў — грамадзянаў Беларусі. Мерапрыемствы праводзіліся пад эгідай культурніцкага аб'яднаньня грэцкай меншасьці ў Беларусі, якое называецца “Пэлапанэс”. На выставе ёсьць шэраг краявідаў, выкананых па-аматарску, але з шчырай любоўю да беларускай прыроды. А пачынаецца экспазыцыя з сэрыі партрэтаў выдатных дзеячаў Элінскай рэвалюцыі 1821-30 гадоў, якая вызваліла грэцкі народ ад асманскага іга. Мерапрыемствы былі прысьвечаны 190-годдзю пачатку паўстаньня, 25 Сакавіка — найвялікшаму нацыянальна-дзяржаўнаму сьвяту сучаснай Грэцыі, Дню Незалежнасьці.

З гістарычных партрэтаў глядзяць дзеячы Вялікай Ідэі (як грэкі называлі сваё змаганьне за вызваленьне роднай зямлі ад захопнікаў і за сваю нацыянальную дзяржаўнасьць). Гэта мужчыны і жанчыны — паэты, мысьляры, палкаводцы, рэвалюцыянэры. У партрэтныя кампазыцыі ўключаны батальныя эпізоды, якія надаюць драматызм творам: бітвы грэцкай арміі і флёту, гераічныя атакі і абароны вялікай рэвалюцыі. Паўсюль гучаць фарбы нацыянальнай грэцкай сымволікі: блакітнага крыжа на белым фоне. Надпісы па-грэцку і ... па-расейску.

Чытачоў бібліятэкі далучылі да цікавых мясцовых праяваў грэцкай культуры і традыцыі. Беларускі наведвальнік хадзіў, глядзеў, слухаў і ўсё думаў — а чым жа яшчэ прыкметны гэты дзень, які ёсьць важным для грэцкага народу? І ўспамінаў, што гэта ёсьць дзень паліцэйскіх рэпрэсіяў і адміністрацыйных забаронаў, гэбельсаўскай тэлехлусьні і русіфікатарскага шабасу ў акупаванай Беларусі. Дзень, калі, напрыклад, у Віцебску быў асуджаны патрыёт-фронтавец Сяргей Каваленка. Кінуты за краты за тое, што ішоў праз родны горад, трымаючы ў руках вялікія нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі і віншаваў землякоў з Днём Волі, сьвятам беларускай дзяржаўнасьці. Дзень, калі ўся паліцэйшчына і гэбоўшчына лукашызма стаіць напагатове, каб біць, арыштоўваць, зьневажаць беларусаў на іхнай роднай зямлі.

Грэцкую меншасьць у Беларусі рэжым не баіцца. Грэкі сьвяткуюць нацыянальнае сьвята пад роднай сымволікай і на роднай мове. Іхная сымволіка была забаронена і за яе каралі пад чужынскім асманскім ігам. Цяпер гэта вольная і дэмакратычная краіна. Але ніхто не падарыў грэкам ані волі, ані дэмакратыі. Усё гэта адваявана ў народнай барацьбе. Усё было ўладкавана, як таго хацелі грэкі, толькі пасьля таго, як турэцкіх акупантаў і мясцовых здраднікаў пагналі з роднай зямлі. Калі грэкі змагаліся, то іх падтрымалі народы і ўрады — Брытанія, нават Расея, якія ваявалі супраць турэцкіх захопнікаў.

Рэжым баіцца беларусаў, ненавідзіць беларусаў — нашу мову, нашы сьвятыні, нашу мову і Дзяржаву. Рэжым наладзіць любыя сьвяткаваньні любых народаў, дазволіць ім разьвесіць расьцяжкі, выкананыя на акупанцкай расейскай мове, дасьць памяшканьні і гукаўзмацняльную апаратуру. Толькі... “Только, прэдупрэждаем, товарішчі, нічего белорусского...”

Пасьля ліквідацыі рэжыму акупацыі ў нашай краіне будзе ўшанаваная памяць змагароў за нашу Волю і Незалежнасьць. 25 Сакавіка ўвесь народ будзе сьвяткаваць сваё найвялікшае сьвята. І ніякая русіфікатарская пачвара не будзе блытацца ў нас пад нагамі.

Янка Базыль