АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (01–03.04.2011)

Адкрыцьё нарвэжцаў

1 красавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што нарвэжцы знайшлі ў Барэнцавым моры радовішча нафты і газу. Гэта ёсьць самая вялікая знаходка ва ўсім сьвеце за апошняе дзесяцігоддзе. Радовішча знаходзіцца за 200 км ад берага Нарвэгіі.

Наш камэнтар: Ня верыцца, што вялікае радовішча было знойдзена літаральна заўчора. Такія пошукі і адкрыцьці робяцца на працягу доўгага часу. Нарвэжцы шукалі, адкрылі і ціхенька маўчалі. А тым часам іхны прэм'ер падпісаў пару месяцаў таму памежнае пагадненьне з Расеяй, якое не маглі заключыць больш за паўстагоддзя. Падпісалі і паведамілі, што ў нарвэжскіх межах засталіся каласальныя нафта-газавыя радовішчы. Малайцы нарвэжцы, абставілі крамлёўскіх жулікаў! Як кажа нарвэжскае прыслоўе: “Det er ingen skam, hvis han har ingen skam i livet” (“Няма сораму з тым, хто сам ня мае сораму”).

Алесь Хадасевіч


Яшчэ адна “лапша” наіўным заходнікам

2 красавіка 2011 г. славацкая газэта “Pravda” напісала пра прыгоды менскай жыхаркі Натальлі Каляды пасьля затрыманьня ўвечары 19 сьнежня летась на плошчы Незалежнасьці: “Каляду аддалі пад суд, але ёй пашэнціла: (распавядае Н. Каляда) — “Яны дапусьцілі памылку. Судзілі мяне пад маім імем, а прысуд вынесьлі пад іншым, так што мусілі мяне выпусьціць”. З мужам і сынам яна пад фальшывым імем ад'ехала ў Расею, а адтуль яны вылецелі ў ЗША, куды яны ўжо даўно заплянавалі падарожжа”.

Наш камэнтар: Такую лухту пра “памылкі” лукашэнкаўскага суду, як яе выпусьцілі “пасьля памылкі” і пра фальшывыя імёны Каляда з сваім мужам Халезіным (сумнавядомы дзеяч “Хартыі-97”) могуць распавядаць толькі на Захадзе (дарэчы яны гэта актыўна робяць, нават у Сэнаце ЗША).

(А мы памятаем гэтую Каляду яшчэ год 10 таму, калі яна працавала ў “Амэрыканскім цэнтры” пры амбасадзе ЗША. Амэрыканцы яе вылічылі і звольнілі разам з цэлай групай там працуючых. Аж глядзім — яна зноў у Амэрыцы, тэатрам цікавіцца.)

Беларусы, прачытаўшы тэкст з расповедаў гэтай Каляды, адразу зразумеюць і адчуюць, што ён пахне падробкай. Можна сабе ўявіць, што распавядаюць гэтыя “дзеячы” пра нашу Беларусь у цывілізаваных краінах. Але аказваецца, што яны ўсё заранёў заплянавалі і выканалі свой плян.

Юрка Марозаў


Пішуць абы напісаць

2 красавіка 2011 г. латвійская газэта “Diena” пісала пра Беларусь і Лукашэнку. Цытуем: “А. Лукашэнка апынуўся ў прэзыдэнцкім крэсьле ў 1994 годзе пасьля апошніх прызнаных справядлівымі выбараў, на якіх ён нечакана перамог тадышняга прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча. (...) Жыцьцёвы ўзровень насельніцтва вырас пры ім не нашмат, але іхныя даходы былі стабільнымі, таму бальшыня беларусаў ня бачыла альтэрнатывы А. Лукашэнку на пасадзе прэзыдэнта. Іх таксама не хвалюе, што тыя, хто гаворыць супраць Бацькі, рэгулярна трапляюць ў турму. У 2006 годзе на рэфэрэндуме народ падтрымаў адмену абмежаваньня прэзыдэнцкай улады двума тэрмінамі. Апазыцыя ўжо на працягу гадоў спрабуе дамагчыся зыходу А. Лукашэнкі, але да гэтай пары яе сілы былі надта малымі, каб наладзіць такую рэвалюцыю, як ва Украіне і Грузіі”.

Наш камэнтар: Ну, як вам аналіз?! Крута! — як кажуць маладыя. І гэта ёсьць разважанкі не лібэральных заходніх спэцоў, якія ніколі не былі ў Беларусі. Гэта — тэарэтызаваньні “спэцоў” з суседняй з Беларусьсю краіны, учорашніх “савецкіх людзей” (да якіх на барыкады ў Рызе ў 1991 годзе езьдзілі беларускія фронтаўцы). “Спэцоў”, для якіх драбніцай было б падарожжа хаця б на 1-2 дні ў нашу краіну, каб агледзецца, паразмаўляць з людзьмі. Вось праявы ляноты, псэўдаінфармацыйнага кабінэтнага эгалітарызму і местачковай самаўпэўненасьці. У выніку на працягу гадоў яны нячыста маніпулююць грамадзкай думкай у Латвіі. А ў Рызе рэгулярна водзяць свае палітычныя карагоды дзеячыкі псэўдаапазыцыі з Менску.

Алесь Хадасевіч


Скарысталі дурняў

2 красавіка 2011 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” паведаміла пра жартоўныя баі падушкамі ў шэрагу гарадоў плянэты. Вялікі “бой” адбыўся ў Нью Ёрку, ніхто гэтым разам не пацярпеў.

Наш камэнтар: Баі падушкамі традыцыйна адбываюцца бліжэй да “дня дурняў” 1 красавіка і зьяўляюцца легкадумнай забавай маладых людзей. Кантралюемыя гэбоўскай канторай дурні каторы год спрабуюць наладзіць баі падушкамі ў Менску. Але яны прыўрочваюць забаву да дзён беларускай вайсковай славы — 8 верасьня (Аршанская бітва) і 15 ліпеня (Грунвальдская бітва). Дурням і тым, хто стаіць за дурнямі, важна, каб наша слава мела вадэвільнае адценьне. Нармальная, патрыятычная моладзь не далучаецца да дурняў.

Юрка Марозаў


Упадак турызму

3 красавіка 2011 г. бэльгійская газэта “Le Soir” напісала пра турызм у Фландрыі. Пасьля пэўнага спаду турыстычнай актыўнасьці ў выніку эканамічнага крызісу турыстычная справа пачала наладжвацца. Летась у Фландрыі адпачывалі і падарожнічалі больш за 10 мільёнаў мясцовых і замежных турыстаў.

Наш камэнтар: Нагадаем, што насельніцтва ўсяе Бэльгіі (гэта Фландрыя і Валонія) складае 10 мільёнаў чалавек, блізка па лічбе да колькасьці насельніцтва ў Беларусі. Турыстычная індустрыя капітальна правалена пад антынацыянальным рэжымам у Беларусі. Практычна ніхто ў Беларусь не прыязджае. Прыдуркаватая слава лукашызма, недаразьвітасьць гатэльнай інфраструктуры, маразм “ін'язаўскай” абслугі, адсутнасьць рэклямнай інфармацыі на замежных мовах, жудасны стан большасьці помнікаў культуры — усё гэта не прываблівае гасьцей у нашу акупаваную ворагам краіну. “Чупа-чупс” (“національная бібліотека”) і іншыя “арэны” і “лядовыя палацы” збуялага лукашызму не прывабліваюць людзей.

Юрка Марозаў


Афрыканцы ў Італіі

3 красавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра падзеі на італьянскай высьпе Лампэдуза, на якую штодня прыбываюць сотні і тысячы туніскіх уцекачоў. Дваццаць маладых тунісцаў, каб зьвярнуць на сябе ўвагу разграмілі і падпалілі будынак мясцовай парафіі. Так яны адудзячылі ксяндзу, які прытуліў іх. Маладыя патрабавалі такім чынам вывезьці іх на Сіцылію. Пагром спыніла толькі паліцыя.

Наш камэнтар: А што ўласна ўцякаць з Тунісу, дзе перамагла народная рэвалюцыя, дзе трэба адбудоўваць вызваленую ад дыктатуры радзіму? Зразумела, што ўцякаюць тысячы асобаў, ласых да чужога багацьця і шалёных грошай. Яны адпаведна і паводзяць сябе з тымі, хто спрабуе аказаць ім дапамогу.

Юрка Марозаў