ЛУБЯНКА БАВІЦЦА Ў КРЫЖАНОСЦАЎ

Здавалася б, і няхай у замежнай (хаця і суседняй) краіне нехта гуляецца ў крыжовыя выправы і наладжвае чарговы перадзел маёмасьці. Нам што? У нас свой “герб і флаг”, свой “гімн” пра “сцяг перамог”. Але нам наканавана сачыць за маскоўскай сцэнай, яе салістамі і яе масоўкамі. Таму што ўласна мяжы няма, а суседняя імпэрыя даўно ўжо брутальна ўлезла ў наш нацыянальны дом і ўзяла наш народ у закладнікі. Пад савецкім “гербам і флагам” РБ крымінальная групоўка маскоўскіх васалаў зьдзяйсьняе акупацыйны рэжым. Так што сачыць належыць, інакш мы не разьбярэмся да канца, што адбываецца з намі і нашай Беларусьсю.

Тым больш, што там разгортваецца спэктакль, генэральная рэпэтыцыя якога прайшла ў нас (і як лічыць лукашэнкаўскі рэжым, з посьпехам). Хаця ў нас, у прыватнасьці на экранах БТ, акцёрскія маналогі былі значна больш драматычнымі і паводле Станіслаўскага. “Кандыдаты” абяцалі дэмакратычную Беларусь “через несколько дней”, “прогнать этого преступніка і вора”, “нужно прідті на выборы всем і мы победім” і г.д. (На гэтыя фальшывыя маналогі “купіліся” многія тысячы беларусаў і (забыўшыся пра байкот) пайшлі 19 сьнежня 2010 года галасаваць за падстаўных “кандыдатаў”).

Такіх маналогаў падстаўных гаварыльшчыкаў па расейскіх тэлеканалах яшчэ няма. Ёсьць пакуль інтэлектуальна-рэклямныя артыкулы пра “сапраўднага прэзыдэнта” Медведева, які з крыжам у руках вырашыў пагнаць чэкістаў прэч ад “грошаправода “Дружба”. Але час яшчэ ёсьць. Мяркуем, што на расейскіх тэлеканалах мы ўбачым яшчэ шмат чаго.

Расейскі аналітык з Амэрыкі А. Піянткоўскі ядавіта іранізуе і нават сьмяецца з прымітыўнага разьмеркаваньня роляў у крамлёўска-лубянскім перадвыбарчым спэктаклі. І проста пытаецца: а хто зь іх не з гэбэ, хто не з Лубянкі, хто не чэкіст? Можа Ельцын або Беразоўскі? Можа Медведев не адтуль, а зь нейкага піцерскага запаведніка “сістэмных лібэралаў”? Аналітык сьмяецца і цытуе класікаў “сістэмнага лібэралізма”.

Але ў фінале свайго аналітычнага фэльетону ён раптам мяняе тон і праклінае абедзьве фракцыі мярзотнікаў адной і той жа крымінальнай імпэрскай кодлы. Таму што яны аднолькавыя па сваёй сутнасьці — пачвары, якія захапілі ўладу ў няшчаснай імпэрыі і маёмасьць абрабаваных народаў. Для захаваньня сістэмы крымінальнай улады ім вельмі важна, каб людзі паверылі ў іхны перадвыбарчы спэктакль і занялі месцы ў электаральнай зале, прышлі б на “выбарчыя ўчасткі”. А за каго будуць галасаваць падманутыя маналогамі выбаршчыкі, абсалютна няважна. Усё ў Крамлі будзе вырашана да электаральнай трагікамэдыі, так як гэта было вырашана ў бункеры ў Лукашэнкі напярэдадні 19 сьнежня.

Трэба беларусам трымацца далей ад расейскага вулкана і крамлёўскіх вулканолагаў, якія самаўпэўнена скачуць на яго вяршыне, мяркуючы, што стыхія ў іх пад поўным кантролем.

Публікуем артыкул А. Піянткоўскага з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

Чубайсісты супраць чэкістаў

Артыкул “Медведев — сапраўдны прэзыдэнт” у “Новой газете” я прачытаў на адным дыханьні як геніяльную першакрасавіцкую пародыю на Андрэя Калесьнікава, які даўно падрабляе ў партыі бабла ў ролі сакратара па ідэалогіі на грамадзкіх пачатках. І толькі ў самым канцы зацемкі я знайшоў здрадніцкія лічбачкі — 31.03.2011. Так гэты ясельны энтузіязм, аказваецца, не чытанкі патрабуе з акцёра, а поўнай пагібелі ўсур'ёз:

“Прэзыдэнт абвяшчае крыжовую выправу на “капіталізм сяброў” і наганяе страчанае... Першыя тры гады кіраваньня Медведева былі поўнымі рэвалюцыйных заяваў і нават дзеяньняў: узяць хаця б умераную палітычную рэформу, кантроль за падзеямі вакол Хімкінскага лесу і інш.

...”Рабі сваю справу і няхай будзе, што будзе”. Такая пазыцыя азначае наступ на ўсім фронце ня толькі на сітэму “капіталізма сяброў”, але і на самага галоўнага “сябра” Медведева, які пабудаваў у Расеі і свой асабісты “капіталізм”, — Пуціна... Дзімітры Медведев вырашыў дэмантаваць грошаправод “Дружба”.

Ап'яняючае веснавое паветра медведевскай свабоды, якая лепш, чым несвабода, адыграла дрэнны жарт з прафэсарам Калесьнікавым-Плейшнэрам. Ён прагаворваецца надта шмат аб чым, я б нават сказаў — аб патаемным:

“Па сутнасьці справы, йдзецца аб паўторнай прыватызацыі Расеі, пасьля таго, як яна была перахоплена чэкістамі і “заведзена” у дзяржкампаніі або кампаніі з дзяржаўным удзелам”.

“Пасьля таго, як яна была перахоплена чэкістамі” — запомніце гэтыя цудоўныя словы таленавіцейшага публіцыста нашай эпохі. Ніхто да яго ня здолеў так ярка і так дакладна выказаць усю сутнасьць “дэмакратычных” прэтэнзіяў сістэмных лібэралаў да дзейснай улады.

А да 2000 года, пакуль усё было схоплена алігархамі ельцынска-чубайсаўскага памёту, гэта быў, мабыць, не злодзейскі “капіталізм сяброў”, на які так бязьлітасна і так справядліва навальваецца Калесьнікаў, а нейкі зусім іншы — народны капіталізм. Напрыклад, той, пра які пасьля выбараў 1996 года з такім непрыхаваным гонарам і цяплынёй казаў Б. Беразоўскі:

“Мы, сем вядучых бізнэсмэнаў Расеі, нанялі А. Чубайса як мэнэджэра прэзыдэнцкай кампаніі, уклалі вялізныя грошы і забясьпечылі абраньне Б. Ельцына. Цяпер мы атрымалі права ісьці ва ўрад, займаць там вядучыя пасады і зьбіраць плён нашай перамогі”.

І адкуль наогул узяліся гэтыя крывавыя чэкісты, якія перахапілі нейкую маёмасьць у чубайсістаў, на беласьнежных шатах якіх не было аніводнай бруднай плямы? Яны што, зьдзейсьнілі дзяржаўны пераварот? Не, гэта чубайсісты самы за руку прывялі іх ва ўладу, каб тыя абаранялі іх ад ярасьці народнай. Дарэчы, пасадзіць на трон сарцірнага падпалкоўніка было зусім няпроста. Давялося для гэтага забіць дзясяткі тысячаў людзей у далёкай правінцыі. Зразумела, “во імя возрожденія россійской арміі” і “раді продолженія курса ліберальных реформ”.

І вось кароткія высновы з красавіцкіх тэзісаў сп. Калесьнікава. З імем Медведева на вуснах зацятыя мярзотнікі 90-х пайшлі крыжовай выправай на зацятых мярзотнікаў 2000-х.

Чума на абодва вашыя дамы і на абедзьве вашыя пачвары адной крыві.

Іх “адыдуць” разам, і зь імі — усю вашу загрэбаную сістэму ЧуЧэ.

Андрэй Піянткоўскі

Крыніца: http://www.grani.ru/opinion/piontkovsky/m.187473.html

Пераклад з расейскай В. Буйвала