АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (28.03.2011)

У Сірыі громяць рэжым

28 сакавіка 2011 г. іспанская газэта “АВС” паведаміла пра народныя выступы ў Сірыі. У горадзе Латакія тысячы дэманстрантаў біліся з паліцыяй і спэцслужбамі рэжыму. Людзі разграмалі і спалілі цэнтральны паліцэйскі камісарыят і сядзібу рэжымнай партыі Баас. Прадстаўнічка рэжыму заявіла, што адмяняецца рэжым надзвычайнага становішча, які дзейнічае ў Сірыі з 1963 года. Яна, аднак, не прадставіла ніякіх дакумэнтальных доказаў гэтага рашэньня. Народ працягвае змаганьне.

Наш камэнтар: У СМІ шэрагу заходніх краінаў сірыйскія эмігранты, што жывуць там, распавядаюць пра рэжым Асада. Як на працягу дзесяцігоддзяў зь людзей зьдзекваліся паліцэйшчына і гэбоўшчына рэжыму, як забівалі, вязьнілі і білі без прычыны і без суда і сьледства. Распавядаюць пра жудасную карупцыю кіруючай прэзыдэнцкай партыі і пыху начальства.

Так што няхай не зьдзіўляецца крывавы рэжым, што народ граміць ягоныя сядзібы і карае ягоных начальнікаў.

Юрка Марозаў


Перамагае французкі Фронт

28 сакавіка 2011 г. французкая газэта “Tribune” напісала: “Праз трыццаць гадоў галасаваньню людзей за Нацыянальны Фронт паспрыялі больш чым крызіс непрыняцьце іміграцыі насельніцтва з Магрэба і субсахарскай Афрыкі. Гэтаму галасаваньню паспрыялі таксама манэўры левых, якія пры ўладзе, тактыка дэстабілізаваных правых і няспынныя правалы ў барацьбе з беспрацоўем”. Журналістка Валеры Сэгон аналізуе прычыны чарговай перамогі Нацыянальнага Фронту Францыі пад кіраўніцтвам Марын Ле Пэн на апошніх мясцовых выбарах.

Наш камэнтар: Французы галасуюць за нацыяналістаў, за патрыётаў. Брусэльскія бюракраты-жулікі ўжо трусяцца і робяць пад сябе ад думкі пра поўную перамогу Фронту ў адной з ключавых краінаў Эўропы. Французкія фронтаўцы ўжо папярэдзілі, што ня будуць цярпець, каб на іхнай радзіме гаспадарыла брусэльская мафія.

Алесь Хадасевіч


Як эўрагніль, дык у Беларусь

28 сакавіка 2011 г. славацкая газэта “SME” пісала пра Адрыяна Севярына, эўрадэпутата ад Румыніі, якога злавілі на карупцыі. Ён выйшаў з сяброўства сваёй Сацыял-дэмакратычнай партыі Румыніі, але адмовіўся падаць у адстаўку з Эўрапарляманту. Журналісты ангельскай газэты “Sundy Times” прадставіліся былі лабістамі і запрапанавалі 60 эўрадэпутатам хабар у 100 тысячаў эўра за спрыяньне зьменам у эўрапейскіх законах. Злавіліся на гачок аўстрыяк Штрасэр і славенец Талер, а таксама Севярын. Штрасэр і Талер выйшлі з эўрадэпутацтва.

Наш камэнтар: Але нахабнік! Па ўсім сьвеце былі паказаны відэакадры, зробленыя схаванай камэрай, як былы спэцдакладчык Эўразьвязу па Беларусі Севярын згаджаецца прыняць 100 тысячаў эўра і “выканаць замову”. А яму хоць бы што. Ну чаму ад эўраструктураў кантраляваць Беларусь заўсёды пасылаюць цынічных жулікаў або цынічных немцаў? Што за няшчасьце? Чаму сюды сьпіхваюць гніль?

Алесь Хадасевіч


Сказанае і недасказанае

28 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала інтэрв'ю з Ганнай Дынэр, экспэрткай Польскага Інстытута Міжнародных Справаў. Інтэрв'ю ў цэлым пасьвечана плянам пабудовы АЭС у Беларусі і страху з гэтай нагоды ў летувісаў, якія ўжо нават распрацоўваюць плян эвакуацыі Вільні на выпадак аварыі на АЭС. Цытуем некаторыя выказваньні Г. Дынэр: “У Беларусі такая пабудова цяжкая. Па-першае, гэта быў бы чарговы крэдыт, а Беларусь ёсьць дэ факта банкрутам. (...) У гульню была ўключана таксама карупцыя. Зразумела, ніхто нікога за руку не схапіў, але мы можам уявіць сабе сытуацыю, у якой абалонка рэактара будуецца, напрыклад, з бэтону горшай якасьці”.

Наш камэнтар: Вось і прагучала ў адной з буйнейшых польскіх газэт канстатацыя для мільёнаў людзей: “Беларусь ёсьць дэ факта банкрутам”. Канстатацыя зроблена варшаўскім спэцом па нашых беларускіх справах. Толькі чамусьці спэц распавядае пра страхі летувісаў. А Польшча не баіцца “мірнага атаму Лукашэнкі”, які “будзе кантраляваць Расея” (як сказала ў інтэрв'ю Г. Дынэр)? Цікава, што спэц не згадала аб тым, што і сам рэжым Лукашэнкі мягка кажучы “кантралюецца Расеяй”. Не згадала яна, што супраць гэтага рэжыму вядуць змаганьне беларускія патрыёты. Яна не згадала таксама, што ў Варшаве актыўна дзейнічаюць дзеячы з Беларусі, якіх мягка кажучы “кантралюе Расея” і якіх польскія спэцы прадстаўляюць “барцамі за дэмакратыю”.

Ад усяго сказанага, несказанага і недасказанага польскімі спэцамі застаецца ўражаньне нейкай афёры. А, як вядома, афёра на фоне нацыянальнай драмы ў суседзяў не абяцае нічога добрага для самых арганізатараў афёры.

Юрка Марозаў


“Прапануем польскім таварышам”

28 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Комсомольская правда” працягвае апраўдваць Сталіна”. Польская газэта напісала: “Комсомольская правда” — гэта адна з найпапулярнейшых газэт у Расеі. Яна выходзіць у амаль усіх рэгіёнах Расейскай Фэдэрацыі, а таксама ў некаторых іншых рэспубліках былога СССР”. Далей газэта распавядае, як гісторык Жукаў сьцьвярджае, што польскіх афіцэраў у Катыні забілі ў 1941 г. немцы, а не НКВД.

Наш камэнтар: Мы не зьдзіўляемся публікацыям у “Камсамолцы”. Гэта ж жоўтая газэта. А палякі зьдзіўляюцца. Дык мы прапануем ім задумацца, што такое ёсьць “Комсамольская правда”.

Нагадваем, што Бюро па дэмакратыі ў Беларусі з сядзібай у Варшаве ўзначальвае такая сп. Юлія Слуцкая. Яна шэраг гадоў была шэф-рэдактаркай газэты “Комсомольская правда в Белоруссіі”, дзе было надрукавана шмат чаго. Цяпер гэтая асоба (якая не валодае беларускай мовай) прадстаўляе “беларускую дэмакратыю” у Польшчы. Прапануем польскім товарішчам уключыць маскоўскага гісторыка Жукава ў склад Бюро пад кіраўніцтвам сп. Слуцкай. Будзе поўны тандэм пад чырвоным сьцягам “Комсомольской правды”. Самае галоўнае — чысьціня стылю!

Юрка Марозаў


Почырк ворагаў чалавецтва

28 сакавіка 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала зьвесткі, распаўсюджаныя з Масквы. Масква сьцьвярджае, што ў выніку апэрацыі спэцназаў у лесе ў Інгушэціі былі забіты 17 інгушскіх баевікоў. Масква “спадзяецца, што ёй удалося ліквідаваць вядомага тэрарыста Доку Умарава”. У апэрацыі быў забіты таксама “памагаты” Аслан Чачоеў, які прыносіў баевікам ежу і вопратку.

Наш камэнтар: Партызанскага камандзёра Умарава Масква забівае ўжо раз 35-ты і ўсё ніяк ня можа забіць. Цяжка ваяваць з народам, які падтрымлівае сваіх партызанаў і носіць ім ежу і вопратку. За апошняе “злачынства” паводле расейскіх акупантаў таксама належыцца сьмерць. Вядома, што акупанты забіваюць выпадковых людзей, а потым дэманструюць іхныя трупы як доказ пасьпяховай аблавы. Гэтым цяпер таксама актыўна займаецца ў Лібіі злачынец Кадафі. Аднолькавы почырк ворагаў чалавецтва.

Юрка Марозаў