ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНЫХ ГАЗЭТ (25–27.03.2011)

Падзеі ў Сірыі

25 сакавіка 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” напісала пра народныя дэманстрацыі ў Сірыі. У гарадах Хама, Дамаск і Тэл тысячы людзей дэманструюць на вуліцах пад нацыянальнымі сьцягамі і крычаць “Свабода!” Дэманстранты выказваюць сваю салідарнасьць з патрыётамі, якія выступілі супраць дыктатуры Асада ў горадзе Дэра і панесьлі цяжкія страты ў сутычках з паліцыяй і спэцслужбамі.

Наш камэнтар: Агульнанародная салідарнасьць — умова перамогі рэвалюцыі.

Алесь Хадасевіч


У Лібіі

25 сакавіка 2011 г. бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла, што паўстанцы зноў занялі горад Адждабія, які знаходзіцца ў 150 км ад Бэнгазі. Баі супраць сілаў Кадафі працягваюцца.

Наш камэнтар: Калі тыдзень таму пачаўся моцны контрнаступ дыктатуры, паўстанцы вымушаны былі адступіць і пакінуць шэраг вызваленых ужо гарадоў. Але рэвалюцыя працягвала супраціўленьне дыктатуры, людзі верылі ў перамогу і змагаліся. І вось народ зноў перакульвае рэжым. Вельмі важна верыць у перамогу.

Алесь Хадасевіч


Салідарнасьць

26 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала, што пасьля пятнічнай малітвы тысячы людзей сабраліся на цэнтральнай плошчы Бэнгазі. Яны ўздымалі нацыянальныя сьцягі і сьцягі краінаў міжнароднай кааліцыі, якая падтрымала змаганьне супраць дыктатуры Кадафі. Людзі выказвалі падзяку амэрыканскім і эўрапейскім хаўрусьнікам. Казалі таксама, што Кадафі ўжо не прадстаўляе Лібію.

Наш камэнтар: Што значыць, калі заходнікі падтрымалі не лібійскіх вінцучкоў-мілінкевічаў, а сапраўдныя патрыятычныя сілы рэвалюцыі. Ёсьць і перамога над дыктатурай, ёсьць і народная ўдзячнасьць дэмакратычнаму сьвету за падтрымку ў змаганьні. Так фармуецца міжнародная салідарнасьць людзей і народаў, а не грантаўская спэкуляцыя з агентурай і прадажнымі дзялкамі.

Юрка Марозаў


Лубянскія шцірліцы

25 сакавіка 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” паведаміла з Масквы. Там неназваны высокапастаўлены прадстаўнік расейскай выведкі паведаміў агенцыі “РІА-Новості” пра пляны НАТО. Ён заявіў, што на красавік або травень падрыхтавана наземная апэрацыя НАТО ў Лібіі, калі ня ўдасца ліквідаваць рэжым Кадафі паветранымі бамбардоўкамі.

Наш камэнтар: Гэта ж якія шцірліцы! Няхай бы лепш на сваёй Лубянцы і ў сваім Акварыюме назвалі дату паўстаньняў народаў, паняволеных маскоўскім гэбізмам. Падобна, што шцірліцаў палохае пэрспэктыва паветраных і наземных апэрацый, якія разгорнуцца ў гэтай сытуацыі.

Юрка Марозаў


Лубянскі балбатун

26 cакавіка 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала пра выступ Я. Прымакова ў парляманце Аўстрыі. Былы начальнік зьнешняй выведкі, міністар замежных справаў і прэм'ер РФ заявіў сярод іншага, што ў будучыні Расея можа стацца сябрам Эўразьвязу. Далей ён апісваў бізнэсовыя адносіны з аўстрыйскімі фірмамі і пэрспэктывы расейскай эканомікі.

Наш камэнтар: Калі ў 1949 г. утваралася НАТО, то сталінскія міністры і візыцёры на Захадзе на поўным сур'ёзе выступалі пра магчымае далучэньне СССР да вайсковага блоку (яны маўляў не разумелі, што НАТО ўтваралася якраз як абарончы альянс супраць СССР). Цяпер вядомы прадстаўнік слабаразьвітай, але агрэсіўнай РФ расказвае баечкі ў гасьцях у чужым парляманце. Тым часам расейская ваеншчына праводзіць рэзкае павелічэньне колькасьці стратэгічных ракет (накіраваных на Захад). Каго прымаковы, — гэтыя новыя молатавы-дзеканозавы, — хочуць надурыць сваёй балбатнёй?

Алесь Хадасевіч


Успаміны пра саветаў

26 сакавіка 2011 г. румынская газэта “Adevarul” апублікавала сэрыю фотаздымкаў і ўспамінаў бэсарабцаў з Малдовы, якія служылі былі ў савецкай арміі. Мужчыны, якім цяпер за шэсьцьдзесят, распавядаюць пра холад, голад, зьдзекі ў арміі, пра маразм і дзікасьць нораваў. Як прымушалі размаўляць толькі па-расейску.

Наш камэнтар: У Малдове і ў Беларусі вырасла ўжо цэлае пакаленьне, якое не хадзіла ў маскоўскую армію (“непобедімую і легендарную”). Цяпер маладым сапраўды цяжка ўявіць сабе, што бацькоў і дзядоў завозілі на вайсковых цягніках за тысячы кілёмэтраў ад радзімы. У казармах зьбіраўся стракаты “інтэрнацыянал”, як на наступны дзень пасьля разбурэньня Вавілонскай вежы. У батальёнах часам служылі разам па 20-30 розных нацыянальнасьцяў. Беларусы заўсёды мелі добрыя адносіны з малдаванамі. На жаль, нашы хлопцы рэдка размаўлялі між сабой на роднай мове, не сьпявалі родныя песьні. А вось усе астатнія (акрамя, зразумела, расейцаў, якіх усе лічылі дзікімі) заўсёды падтрымлівалі і баранілі сваіх, гучалі родныя мовы і песьні. Некаторыя зь беларусаў, уражаныя нацыянальнай салідарнасьцю і далучнасьцю да роднай культуры і мовы прадстаўнікоў іншых народаў, рабілі для сябе важныя жыцьцёвыя высновы, задумваліся над прычынамі савецкай дэнацыяналізацыі ў БССР. Вяртаючыся на радзіму, яны больш цанілі сваё, роднае. Многія зь іх змагаліся потым у шэрагах Беларускага Народнага Фронту.

Алесь Хадасевіч


Кепская дэмаграфія

27 cакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Колькасьць расейцаў драматычна зьніжаецца. Кастрычніцкі перапіс, першыя вынікі якога толькі што падала “Россійская Газета”, паказваюць, што колькасьць жыхароў іхнай краіны складае 142,9 млн — на 2,3 млн менш, чым восем гадоў таму. Гэта фатальны вынік. Колькасьць насельніцтва, які, — расейцы любяць з гонарам падкрэсьліваць, — займае адну сёмую частку сушы, не зьніжалася ў такім тэмпе нават ў цяжкія 90-я гады мінулага стагоддзя. Паміж 1989 г., калі быў праведзены апошні перапіс у СССР, і 2002 г., калі адбыўся першы расейскі перапіс, Расейская Фэдэрацыя згубіла 1,8 млн жыхароў. Тады штогод убывала каля 150 тыс. расейцаў . А ў дзьвюхтысячных гадах штогадовае зьмяншэньне склала больш за 200 тысячаў. Экспэрты папярэджваюць, што далей будзе толькі горш. Зараз у Расеі няма каму нараджаць дзяцей. У дарослы ўзрост уступае пакаленьне глыбокага дэмаграфічнага крызісу 90-х гадоў. А ўзрост выміраньня ў сваю чаргу дасягае пакаленьне пасьляваеннага ўздыму на пераломе 40-х і 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Хуткае падзеньне колькасьці расейцаў выклікана перш за ўсё тым, што мужчыны ў Расеі паміраюць адносна маладымі — сярэдняя працягласьць іхняга жыцьця складае ўсяго каля 60 гадоў. Прычынай ёсьць вялізнае спажываньне алкаголю, якое ўвесь час расьце і сёньня складае каля 18 літраў чыстага сьірту на жыхара краіны штогод”.

Наш камэнтар: Палякі, на жаль, не разабраліся ў дэталях. Для іх расейцы — гэта ўсе, што жывуць у імпэрыі. А вядома, што вымірае менавіта так званы “велікорусскій этнос”. Культурныя народы, што трымаюцца сваёй традыцыі і супраціўляюцца русіфікацыі (татары, башкіры, бураты і г.д.), маюць вялікія сем'і, не сьпіваюцца, працуюць, ствараюць культурныя каштоўнасьці. За імі бліжэйшая будучыня. А згаданы “этнос” імкліва сьпіваецца над разьбітай ночвай сваёй імпэрыі.

Юрка Марозаў