ЗАМЕЖНЫ ДРУК (23–24.03.2011)

Дзікі рэжым

23 сакавіка 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” паведаміла з Лівіі. Кадафі выступіў з гаўбца свайго бункера ў Трыпалі і заявіў: “Лівійскі народ гэта наша супрацьпаветраная абарона”. Французкае камандваньне заявіла, што авіяцыя рэжыму Кадафі практычна разгромлена. Горад Місурата змагаецца ў абкружэньні войскаў Кадафі. Там ёсьць сур'ёзныя цяжкасьці з забесьпячэньнем мэдыкамэнтамі і вадой. Танкі Кадафі абстралялі мясцовы шпіталь, загінула шмат людзей.

Наш камэнтар: Маскоўская прапаганда, а за ёю і гэбэльсаўцы з БТ надрываюцца ў “разоблаченіях”: маўляў, заходнія хаўрусьнікі сваімі бамбардоўкамі забіваюць мірных лівійцаў. Тым часам бесчалавечны прамаскоўскі рэжым Кадафі выстаўляе цывільнае насельніцтва ў якасьці жывога шчыта ды яшчэ выхваляецца гэтым злачынствам. Кадафіеўцы вядуць агонь па мірнаму насельніцтву ў вызваленых паўстанцамі гарадах. Дзікі рэжым павінен быць ліквідаваны.

Алесь Хадасевіч


“Дапамагаюць тым, хто змагаецца за волю”

23 сакавіка 2011 г. славацкая газэта “SME” нагадала, што 12 гадоў таму на Сэрбію ўпалі першыя бомбы НАТО. 24 сакавіка 1999 года войскі НАТО пачалі бамбардоўкі ваенных баз і аб'ектаў рэжыму Мілошавіча. Бамбардоўкі працягваліся 11 тыдняў. У выніку міжнароднага ўмяшальніцтва дыктатарскі рэжым абваліўся.

Наш камэнтар: З 1991 года, калі абвалілася югаслаўская імпэрыя, імпэрскі белградскі рэжым зьнішчаў людзей і народы, спрабуючы вярнуць сваё панаваньне. Шмат зьдзекаў нацярпеліся над сабой і міжнародныя вайсковыя аддзелы, якія былі ўведзены ў былую Югаславію пад эгідай ААН (ім забаронена было страляць па сэрбскіх забойцах).

У 1998 годзе рэжым Мілошавіча выдаліў сотні тысячаў албанцаў з Косава, суправаджаючы гэтую акцыю генацыдам. Албанцы ня мелі лепшай рэпутацыі ў заходніх краінах (яны любяць красьці, маюць разгалінаваную мафію і шмат крымінальных злачынцаў “на душу насельніцтва”). Але Захад усяроўна ўступіўся за албанскі народ, які ўтварыў паралельныя структуры ў Косаве і не падпарадкоўваўся сэрбскаму гвалту. Албанская партызанская армія змагалася супраць сэрбскіх акупантаў. За “нелюбімых” албанцаў заходняя авіяцыя ўшчэнт разбамбіла вайсковыя і адміністрацыйныя структуры Мілошавіча. Пасьля гэтай паразы сэрбы перакулілі дыктатуру і выдалі Мілошавіча Міжнароднаму трыбуналу ў Гаазе. Гэта была вялікая лекцыя ўсім дыктатарам і ўсім паняволеным народам. Народы дапамагаюць толькі тым, хто змагаецца за сваю волю.

Алесь Хадасевіч


Чарговы раз “усіх здаў”

23 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала інтэрв'ю з Я. Раманчуком, які браў удзел у канфэрэнцыі ў Варшаве на тэму “дэмакратызацыі Беларусі”. Варта працытаваць месцы з расповеду “нашага Ярэка”:

“Журналіст: Чаму апазыцыя ня мела адзінага кандыдата на прэзыдэнта?

Раманчук: На працягу амаль усяго 2010 года мы казалі пра неабходнасьць выстаўленьня адзінага агульнага кандыдата, так як у 2006 г. Тады такім кандыдатам быў Аляксандр Мілінкевіч. Некалькі разоў мы рабілі спробы паразумецца, на жаль, безвынікова. Гэтыя спробы зрываў менавіта Мілінкевіч. У траўні Эўрапейская Аб'яднаная Партыя пераконвала зрабіць гэтак прадстаўнікоў нашых цэнтраправых — маёй АГП, хадэцыі, Беларускага Народнага Фронту і групоўкі Мілінкевіча. Мілінкевіч быў супраць. Здавалася, што ён сам будзе кандыдаваць. Але нешта здарылася, ня вельмі вядома што. Мілінкевіч вярнуўся з Польшчы і заявіў, што кандыдаваць ня будзе. За восем месяцаў перад выбарамі нечакана зьявіўся іншы кандыдат — Уладзімер Някляеў. Ён меў шмат грошай, быў прадстаўлены ў Крамлі. Ёсьць меркаваньні, што польская дыпламатыя вырашыла яго падтрымаць і прымусіла Мілінкевіча адмовіцца ад удзелу ў выбарах. Някляеў адсунуў яго, спрабаваў адсунуць і мяне. Ходзяць чуткі, што Лукашэнка хацеў, каб былі зарэгістраваны тры кандыдаты на прэзыдэнта: ён, “ліцэнзіяваны апазыцыянэр” Сяргей Гайдукевіч і менавіта Някляеў. Потым ён вырашыў зарэгістраваць усіх. Нават тых, якія не сабралі неабходных 100 тыс. подпісаў”.

Наш камэнтар: Трэба зазначыць, што калі Раманчук згадвае Фронт, то гэта — псэўда-БНФ пад кіраўніцтвам чалавека ў галіфэ Янукевіча. Сапраўдны Беларускі Народны Фронт аб'явіў байкот гэтаму электаральнаму гадзюшніку, які кіраваўся чым заўгодна, толькі не нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі. Раманчук у чарговы раз “усіх здаў”. Ёсьць такі гатунак дзеячаў.

Юрка Марозаў


Збачэнцы баяцца Крыжа

24 сакавіка 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Зялёныя: “Крыж таксама ёсьць сымвалам уціску”. У артыкуле напісана пра дыскусію над выявамі крыжоў у аўстрыйскіх школах і дзіцячых садках. Паводле заканадаўства бацькі дзяцей могуць вырашаць, быць або ня быць крыжам у дзіцячых установах. Гэтаму супраціўляюцца дзеячы з Партыі “зялёных” (звычайна такія партыі складаюцца з “адвязаных” левых). Яны патрабуюць “палітычнай дыскусіі” на гэтую тэму. Паўтараюць даўнюю аргумэнтацыю наконт таго, што выявы крыжа могуць абразіць меншасьці і г.д. Яны называюць Крыж “неадназначным сымвалам”.

Наш камэнтар: Лібэралізм цягне свае ўчэпістыя рукі да сьвятога Крыжа. Сатаністам не дае спакою хрысьціянская сымволіка. Прадстаўнікі духавенства і кансэрватыўных палітычных арганізацый цярпліва тлумачаць “зялёным” і іншым, што Аўстрыя — краіна хрысьціянскай культуры і традыцыі. І “меншасьці” могуць жыць спакойна там, дзе яны ёсьць большасьцю, калі ім не падабаецца жыць у хрысьціянскай краіне. А калі вы жывеце ў хрысьціянскай краіне, то навучыцеся шанаваць сьвятыні народу гэтай краіны. Здавалася б, простыя і ясныя фармулёўкі — а збачэнцы ўсяроўна не разумеюць.

Алесь Хадасевіч


Асад баіцца

24 сакавіка 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала, што прэзыдэнт Сірыі Асад загадаў выпусьціць ўсіх арыштаваных актывістаў і абвясьціў курс на рэформы ў краіне. Магчыма, што будуць нават дазволены палітычныя партыі. У краіне з 1963 года дзейнічае надзвычайнае становішча. Саступлівасьць рэжыму тлумачыцца вялікімі грамадзянскімі пратэстамі.

Наш камэнтар: У паўднёва-сірыйскім горадзе Дара спэцслужбы і паліцыя рэжыму стралялі па мірнай дэманстрацыі, загінула шмат людзей. Але людзі не напалохаліся. На наступны дзень на пахаваньне ахвяраў у гэтым правінцыйным горадзе выйшлі 20 тысячаў чалавек. Напалохаўся антынародны рэжым і адразу пачаў раздаваць абяцанкі. Толькі народнае змаганьне можа забясьпечыць нармальныя ўмовы жыцьця і нацыянальнага разьвіцьця.

Юрка Марозаў


Гэты час не за гарамі

24 сакавіка 2011 г. дацкая газэта “Politiken” паведаміла пра заяву аднаго з суддзяў Міжнароднага трыбунала ў Гаазе. Суддзя сказаў пра сваю “100-адсоткавую” упэўненасьць у тым, што Кадафі і ягоныя паплечнікі будуць абвінавачаны ў судзе за іхныя дзеяньні супраць дэманстрантаў і паўстанцаў.

Наш камэнтар: Яшчэ для аднаго лукашэнкавага сябручка рыхтуюць камэру ў Гаазе. І таксама для іншых з ягонай хунты. Не за гарамі час, калі і самога яго павязуць у вядомы нідэрляндскі горад. І ягоных паплечнікаў таксама. Ужо беларусы прыкладуць намаганьні ў адносінах да здраднікаў дзяржавы і зьнішчальнікаў народу.

Юрка Марозаў


“Можа таксама вернуцца”

24 сакавіка 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра лёс лівійца, якога за супраціў рэжыму Кадафі перасьледвалі яшчэ 40 гадоў таму. Алі Тархуні прысудзілі да пакараньня сьмерцю, але яму ўдалося ўцячы ў ЗША. Месяц таму ён вярнуўся ў Лівію. Яго, прафэсара матэматыкі і эканоміі Вашынгтонскага ўнівэрсітэта, паўстанцы абралі міністрам фінансаў рэвалюцыйнага ўраду з сядзібай у Бэнгазі.

Наш камэнтар: Пасьля падзеньня прамаскоўскага рэжыму некаторыя таленавітыя беларусы можа таксама вернуцца з эміграцыі на радзіму, каб на поўніцу рэалізаваць свае здольнасьці і прынесьці карысьць народу.

Юрка Марозаў