ДЗЕНЬ ВОЛІ

25 Сакавіка па ўсёй нашай краіне адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы, прысьвечаныя 93-м угодкам абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Акупацыйны рэжым забараніў сьвяточныя мерапрыемствы, якія рыхтавалі сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і ягонай Народнай Партыі (КХП-БНФ), бо хунта вядзе вайну зь беларускім народам, ваяўляе нянавісьць да найвялікшага беларускага сьвята.

Сябры народнай партыі на працягу ўсяго дня 25 Сакавіка семьямі і разам са знаёмымі зьбіраліся каля помнікаў вялікім беларусам і ўскладалі да іх кветкі зь бел-чырвона-белымі стужкамі. Група патрыётаў-фронтаўцаў сабралася а 13.30 каля помніка Якубу Коласу ў Менску і ўшанавала памяць вялікага песьняра. Ужо тады на пл. Якуба Коласа стаялі і перасоўваліся купкамі чыны паліцэйшчыны-гэбоўшчыны ў цывільным. Але людзі не зьвярталі на іх увагі, доўга яшчэ стаялі разам, размаўлялі, віншавалі грамадзтва з Днём Волі. СМІ папярэджаныя не былі (карцінкі для грантаў тут не патрэбныя) адпаведна не з'арыентавалася і міліцыя (загад душыць яны мелі на вечар). Кветкі з Бел-Чырвона-Белымі стужкамі былі ўскладзены таксама да помнікаў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Адама Міцкевіча і ў іншых месцах Менска.

Пінскія сябры народнай партыі езьдзілі на месца пахаваньня Рамана Скірмунта, ўскладалі вянок і кветкі пад беларускі крыж, пастаўлены гэтаму выдатнаму чалавеку пінскай арганізацыяй КХП — БНФ.

Шаленства рэжыму праявілася яшчэ напярэдадні сьвята. 24 сакавіка сябра народнай партыі (КХП-БНФ) Сяргей Каваленка прайшоў праз цэнтар роднага Віцебска, трымаючы ў руках тры вялікія Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі. Ён віншаваў зямлякоў з Днём Волі, гукаў “Жыве Беларусь!” Людзі пазнавалі нашага нацыянальнага героя і віталі яго. У хуткім часе сп. Каваленку затрымала міліцыя і завезла ў пастарунак. Раніцай 25 Сакавіка адбылося рэжымнае судзілішча над патрыётам. Рэжым выставіў супраць сп. Каваленкі тыповыя фальшывыя абвінавачваньні ў тым, што ён нібыта “ужываў лаянку і парушаў грамадзкі парадак”. Усім зразумела, што патрыёта судзілі за наш нацыянальны Сьцяг, які ненавідзіць і якога баіцца акупацыйная прамаскоўская хунта.

“Суд” асудзіў сп. Каваленку на 7 сутак адміністрацыйнага арышту. Сяргей Каваленка заявіў, што распачынае галадоўку пратэсту супраць рэжымнага бяспраўя.

Трэба зазначыць, што ў гэтых падзеях адыграла адмоўную ролю асоба, якую на працягу многіх гадоў “незалежная дэмжурналістыка” падае ў якасьці “віцебскага грамадзкага актывіста Б. Хамайды”. Нажаль, Б. Хамайда на гэты раз памыліўся і выступіў, фактычна, у якасьці дэзінфрматара, паведаміўшы Радыё Свабода, што сп. Каваленка нібыта заклікаў да гвалту. Радыё Свабода неабачліва апублікавала гэтую прыдумку. Людзі, якія былі разам з Сяргеем Каваленкам, распавядаюць, як патрыёт віншаваў грамадзтва са сьвятам і славіў нашу Айчыну-Беларусь.

Увечары 25 Сакавіка некалькі сотняў чалавек сабраліся на пл. Якуба Коласа па закліку псэўдаапазыцыі. На іх напала паліцэйшчына рэжыму. Беларусаў зьневажалі, білі і арыштоўвалі, вырывалі з рук і тапталі кветкі (схапілі больш за 50 асобаў). Выглядала ўсё гэта нізка і жахліва. Нельга, існуючы пад унутранай акупацыяй, так падстаўляць людзей пад зьнявагі гонару і годнасьці. Калі няма сілы, трэба перамагаць розумам (істотна, праўда, каб ён быў).

Рацыянальны вынік з гэтых падзей і дзікіх паводзінаў такі, што тыя людзі, якія яшчэ не разумелі (ад нежаданьня разумець), што такое ўнутранная акупацыя і антыбеларускі рэжым, цяпер наглядна мелі магчымасьць убачыць тое наўпрост.

Беларускаму грамадзтву трэба рабіць усё дзеля таго, каб наступны Дзень Волі наш народ свабодна сьвяткаваў у Беларусі, вызваленай ад антыбеларускага рэжыму і ягонай псэўдаапазыцыі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

25 сакавіка 2011 г.