ЗВАРОТ КІРАЎНІЦТВА КАНСЭРВАТЫЎНА-ХРЫСЬЦІЯНСКАЙ ПАРТЫІ — БНФ З НАГОДЫ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СЬВЯТА — ДНЯ ВОЛІ

Дарагія суайчыньнікі!

Дзень 25 Сакавіка найвялікшае сьвята беларускага народа. У гэты дзень 93 гады таму нашыя продкі аб'явілі аб незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, адкрылі шлях беларускаму народу да дзяржаўнага будаўніцтва і нацыянальнага адраджэньня.

Агрэсары і акупанты з усходу і захаду не далі тады нашаму народу (які не пасьпеў стварыць войска), рэалізаваць свае сьветлыя памкненьні. Акупанты зьнішчылі БНР, залілі абшары нашай Бацькаўшчыны крывёй, забівалі інтэлігенцыю, вынішчалі насельніцтва. Але памяць пра Незалежную Рэспубліку жыла сярод нашага народа, давала надзею на адраджэньне незалежнай дзяржавы ў будучыні.

У гістарычных варунках распаду СССР беларускі народ, маючы наперадзе змаганьня свой авангард — Беларускі Народны Фронт, аднавіў незалежнасьць краіны 25 жніўня 1991 года.

Але непрыяцелі беларускага народа не жадалі росквіту Беларусі. Ім удалося ўсталяваць у нашай краіне антыбеларускі ўладны рэжым. Варожы да беларусаў характар гэтага рэжыму добра вядомы. Нядаўнія падзеі ў краіне, што былі зьвязаныыя з чарговай прэзыдэнцкай кампаніяй паказалі: у рэжыма няма мінімальных маральных нормаў і прыстойнасьці, павагі да закону. Ужыўшы грубую сілу супраць мірнага цывільнага насельніцтва, ён праводзіць цынічныя судзілішчы над пабітымі і зьняважанымі людзьмі, выстаўляючы супраць іх абсурдныя і зьдзеклівыя абвінавчаньні.

Набліжаецца чарговая дата абвяшчэньня БНР. Рэжым адмовіў Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ па надуманай прычыне ў правядзеньні сьвяточных мерапрыемстваў на вуліцах беларускай сталіцы. (Рэжым зьдзекуецца зь беларусаў, то адпраўляючы сьвяткаваць на “сабачнік”, то прыдумляе неіснуючыя прычыны каб адмовіць у правядзеньні мерапрыемстваў).

Мы лічым, што ў гэтых умовах ня маем права заклікаць беларусаў да ўдзелу ў масавах вулічных мерапрыемствах, падстаўляць людзей пад рэпрэсіі збройных акупантаў. Мы ведаем, прыйдзе дзень, калі ў вольнай Беларусі вольна загучыць голас беларуса і ў сьвяточныя і ў будзённыя дні на плошчах і вуліцах нашых гарадоў і вёсак. Будзем жа яднацца ў змаганьні, зьбіраць сілы і нацыянальнай працай набліжаць гэты дзень.

Віншуем беларусаў са сьвятам, што набліжаецца. Заклікаем сапраўды па-сьвяточнаму адзначыць гэты дзень, павіншаваць родных і знаёмых, ускласьці кветкі да помнікаў выдатных людзей Беларусі, перадаць свой сьвяточны настрой іншым людзям.

Чужы акупацыйны рэжым канае, трэба гуртаваць сілы, яны спатрэбяцца калі надыдзе час. Заклікаем злучацца ў “Рух за новыя выбары без Лукашэнкі”, ствараць суплокі Руху, сёньня рыхтаваць будучыню краіны. (www.bel-ruh.org)

Са сьвятам!

Жыве Беларусь!

22 сакавіка 2011 г.