ЗАМЕЖНЫ ДРУК (16–17.03.2011)
Жэмайцізацыяй па паланізацыі
17 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Сэйм Летувы прыняў праект аб унясеньні паправак у закон аб асьвеце. Закон уводзіць летувіскую мову у польскія школы. І зьмяншае іх колькасьць. Новы закон прадугледжвае між іншым, што ў школах нацыянальных меншасьцяў у Летуве, уключна з польскімі школамі, лекцыі па гісторыі Летувы, геаграфіі Летувы і навукі аб грамадзтве ў частках, датычных Летувы, будуць выкладацца ў летувіскай мове. Па-летувіску цалкам будзе таксама выкладацца прадмет “асновы патрыятычнага выхаваньня”. Зараз дзейнічае правіла, паводле якога ўсе прадметы ў школах нацыянальных меншасьцяў выкладаюцца ў мовах меншасьцяў. Гэта ня ўсё. Летувіскія парлямантары вырашылі, што з 2013 года ў летувіскіх школах і школах нацыянальных меншасьцяў выпускны экзамен па летувіскай мове будзе ўнівэрсальным. Гэта значыць, што ад прадстаўнікоў меншасьці будзе патрабавацца такое ж валоданьне летувіскай мовай, як і ад самых летувісаў”. У прэм'ера Летувы Андруса Кібілюса спыталі, ці ня ёсьць гэта прымусам? Ён адказаў: “Калі я пачынаў вучыцца ў першым класе школы, мне таксама здавалася, што гэта прымус”.
Наш камэнтар: Спроба паланізацыі беларускага насельніцтва Віленшчыны, як бачым, сустрэлася са спробай яго жэмайцізацыі.
Юрка Марозаў
Прадажны сьвет
16 сакавіка 2011 г. славацкая газэта “Pravda” напісала: “Сын лівійскага лідэра Муамара Кадафі сказаў у сераду, што “гэты блазан” Сарказі павінен вярнуць Лівіі грошы, якія ён выдаткаваў на выбарчую кампанію ў 2007 годзе. Саіф аль-Іслам заявіў для тэлеканала Эўраньюс, што Лівія мае ў распараджэньні ўсе неабходныя дакуманты і гатовая іх абнародваць”.
Наш камэнтар: Што ж, цалкам магчыма. Успомніць, як эўралідэры цалаваліся-абдымаліся з жудасным дыктатарам, то йшлося ня толькі пра нафту. Ён іх паступова браў усіх на павадок, рабіў пэрсанальна залежнымі ад сябе.
Такое было б немагчыма ў былыя часы. Няхай бы Кадафі або хто іншы паспрабаваў падкупіць Дэголя. Сапраўдны нацыянальны лідэр паслаў бы яго куды падалей. Але цяпер час “рэальпалітык”. Гэтыя з кім хочаш пацалуюцца. Ня трэба зьдзіўляцца, што яны вядуць гнюсную антыбеларускую палітыку, спрыяюць разбурэньню Беларускай дзяржавы, аплочваюць мілінкевічаў-вінцучкоў і іншых імітатараў. І робяць усё гэта пад балалайку “барбы за правы чалавека”.
Алесь Хадасевіч
А што тут такое тут?
16 сакавіка 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” напісала пра чарговы скандал з расейскай балерынай А. Валачковай. Яна выступіла супраць падпісантаў зь ліку інтэлігенцыі, якія публічна падтрымалі суд над алігархам Хадаркоўскім. Цяпер яе не паказваюць па расейскім тэлебачаньні. На яе раззлаваўся Пуцін. Раней Валачкова была актывісткай пуцінскай партыя “Едіная Россія”. Але, калі ўступала ў яе, то прызналася публічна, што праграму партыі не чытала. Яшчэ раней яе выключылі з трупы Вялікага тэатру ў Маскве, бо яе не маглі падняць партнёры з-за вялікай яе вагі. Валачкова ўшчала шум наконт творчага перасьледу. У выніку ўсяго яна трымаецца ў сьпісе самых папулярных асобаў публічнага расейскага жыцьця.
Наш камэнтар: Зразумела, што для такіх асобаў усё жыцьцё — гэта сцэна і шоў. Ім абы ў цэнтры ўвагі быць. Ёсьць такія і ў нас. Часам іх ствараюць “незалежныя і дэмакратычныя” СМІ проста на пустым месцы. На хвалях і на старонцы Радыё Свабода рэгулярна зьяўляецца, напрыклад, інфармацыя з партэрэтам нейкай К. Шацікавай з Магілева. Прычым, як правіла, падчас нейкіх драматычных падзеяў. Гэтую даму выклікаюць у пракуратуру, судзяць, выпускаюць (невядома за якія дзеяньні) і г.д. Доўгі час СМІ падавалі яе амплуа як “грамадзкі дзеяч”. Аднак, ніколі не расшыфроўвалі, да якой групоўкі-партыі належыць гэты “дзеяч”. Нічога не распавядалі пра яе ранейшую кар'еру — “дзеяч” і ўсё. Калі людзі пачалі сьмяяцца, дадалі, што К. Шацікава — “дзеяч арганізацыі “Наш дом”. Што за “Дом”, чым займаецца? — ніхто дагэтуль ня ведае і не здагадваецца. Але плынь інфармацыі пра даму не спыняецца.
Валачкова прынамсі творчая асоба, умее танцаваць класіку. Умее рабіць рэзкія жэсты ў бок крамлёўскага начальства. У Расеі заўсёды любілі такіх, няхай сябе непасьлядоўных, але нестандартных. А тут што такое?
Юрка Марозаў
Спыніць забойцаў
16 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Атамная трывога ў Хірасіме”. Журналіст Войцех Лорэнц сустрэўся з хібакуся — так называюць у Японіі людзей, што перажылі атамныя бамбардоўкі 1945 года. Кэйка Агура мела восем гадоў, калі ў адлегласьці 2,5 км ад яе дому адбыўся выбух атамнай бомбы. Яна выжыла таму, што ў той дзень бацька не павёў яе ў школу, якая знаходзілася ў непасрэднай блізкасьці ад эпіцэнтру выбуху. Іншыя таксама распавядаюць пра жудасныя ўспаміны аб абпаленых людзях і зьнішчаным горадзе. Японцы ня думалі, што атамная пагроза зноў вернецца да іх.
Наш камэнтар: У Японіі і ва ўсім сьвеце ўздымаюцца пратэсты супраць разьвіцьця атамнай энэргетыкі (“самай бясьпечнай для людзей”, як хлусьліва сьцьвярджалі атамныя лобі ўсіх краін) і пабудовы атамных электрастанцый. Толькі крамлёўскія забойцы народа і іхныя халуі ў Менску ні на што не зьвяртаюць увагі. Іх трэба спыніць.
Юрка Марозаў
“Вось да чаго ўсё прывяло”
16 сакавіка 2011 г. нарвэжская газэта “Dagbladet” напісала: “Міжнародная камісія па атамнай энэргетыцы яшчэ ў 2008 годзе накіравала рэзкае папярэджаньне японскаму ўраду наконт вялікіх праблемаў зь бясьпекай на атамных электрастанцыях краіны — сярод іншага пра тое, што яны ня вытрымаюць землятрусу. Сёньня Wikileaks апублікаваў амэрыканскія дакуманты, у якіх адлюстраваны занепакойваючыя справаздачы МАГАТЭ”.
Наш камэнтар: А японскія мадэлі АЭС лічыліся “самымі надзейнымі ў сьвеце” (японская тэхналогія!). І вось да чаго ўсё прывяло.
У нашай Беларусі АЭС зьбіраюцца будаваць нават не высокаразьвітыя тэхналагічна японцы, а расейцы — сінонім тэхналагічнай адсталасьці і алкагалізма на працоўным месцы. Наш народ і ўвесь сьвет павінен спыніць гэты кашмар.
Алесь Хадасевіч
“Да іх яшчэ не дайшло”
17 сакавіка 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала, што Пуцін і Лукашэнка падпісалі пагадненьне пра пабудову АЭС “каля мяжы з Латвіяй”.
Наш камэнтар: І як гэта латвійскія СМІ заўважылі гэтую падзею? Яны напісалі пра яе ў сухім і дзелавым стылі. Ніхто яшчэ не азваўся з латвійскіх экспэртаў на тэму “а што мы цяпер будзем рабіць з атамнай пагрозай ад рэжыму Лукашэнкі?”. Можа да іх яшчэ не дайшло, што наплянавана Масквой пад носам у іхнай краіны? Яны мабыць так і зьбіраюцца працягваць гульні з менскай грантаўскай псэўдаапазыцыяй і лічыць падзеі ў суседняй ім Беларусі маргінальнай справай.
Алесь Хадасевіч