АПУСЬЦІЛІСЯ НІЖЭЙ ЗА САБАК

Японцы паказалі дакумэнтальны відэафілм, як сабака спачувае іншаму сабаку, параненаму пасьля землятрусу і цунамі, як клапоціцца і не пакідае яго.

Публічная радасьць рускіх імпэрскіх сьвятошаў (у расах і без расаў) ядзернаму няшчасьцю ў Японіі ўразілі цывілізаваны сьвет і нават маскоўскую творчую інтэлігенцыю. Інтэлігенты кпяць з “богоізбранності” крамлёўскіх ідалаў, якую зноў пачалі практыкаваць у РПЦ і нават у газэтных рэдакцыях. Паклонішся перад крамлёўскім ідалам — і будзеш “жіть в благоденствіі”. Абразіш ідала — чакай кары нябеснай. Пра гэта пакуль што выказваецца драбяза: лакальныя іерэі і намрэдактараў. Але трэба чакаць, што сам патрыярх Кірыл грымне нешта на гэтую тэму з лубянскага Алімпа. Маўляў, не задзірайце Святую Русь, а то нябёсы раззлуеце.

Уся гэтая публіка гістарычна нядаўна насіла ў кішэні партбілет адной сатанінскай партыі і давала падпіску на супрацоўніцтва з КГБ СССР на першым курсе сэмінарыі і журфака. З тае пары, здавалася б, усё зьмянілася: РПЦ ня проста дазволілі, а нават замянілі ёю ідэалагічныя аддзелы райкамаў і абкамаў. І загаварылі з амбонаў: “Каждая власть от Бога!” Ды яшчэ пра “богоізбранность Россіі”, якая выратуе ўвесь сьвет.

У наяўнасьці фэтышызм і пыха, якія зьяўляюцца сур’ёзнымі грахамі паводле хрысьціянскага веравызнаньня. Тыя, хто апантаны гэтым, чамусьці не баяцца кары нябеснай. Не баяцца, бо ня маюць сапраўднай хрысьціянскай веры. Бо палохаюць людзей і народы Богам, як атамнай бомбай. Раней у іх у Маскве гэта называлася “борьбой за мір”, цяпер называецца “православным патріотізмом”. Маскоўскія сьвятошы радуюцца чужой бядзе (што ўвогуле не характэрна для людзей і нават зьвяроў). А тым часам крамлёўскія ідалы пачынаюць будаўніцтва сваёй атамнай станцыі на нашай беларускай зямлі.

Публікуем фрагмэнт артыкула расейскага журналіста Уладзімера Абарынава з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

У Расеі рады японскаму бедству

Сьвятар храма Сьвяціцеля Міколы ў Хамоўніках а. Аляксандр Шумскі здагадаўся, што Бог карае Японію. Аказваецца, “гэтай супэрэлектроннай краіне даручана распрацоўка антыхрыстаў чыпа”, які будуць ужыўляць ў целы грамадзянаў пасьля ўвядзеньня ўнівэрсальнай карткі. Але ня толькі за гэта: “Практычна ўсе рускія людзі ў адзін голас, не згаворваючыся, сьцьвярджаюць, што страшны прыродны катаклізм у Японіі ёсьць помста гэтай краіне за абразу нашай Айчыны”. Маўляў, пасьля візыту прэзыдэнта Медведева на Курылы японцы шалёна тапталі ягоныя партрэты і палілі расейскі сьцяг. Вось і атрымалі па заслугах.

З праваслаўным іерэям цалкам згодная намесьнік галоўнага рэдактара “Ізвестій” Елена Ямпольская: “Сьлёзы спачуваньня да пацярпелых ня здольныя засьціць нам вочы і сьвядомасьць настолькі, каб мы перасталі заўважаць відавочныя рэчы: Бог ахоўвае Расею ад зьнешніх “наездаў”... Прыніжаць Расею не рэкамэндуецца”.

Такое ўражаньне, што яна не ў газэце працуе, а прэс-сакратаром нябеснай канцылярыі.

“У кожнага стагоддзя сваё сярэднявечча”, — сказаў Станіслаў Ежы Лец. Праваслаўна-патрыятычная Расея занурваецца ў сваё сярэднявечча з энтузіязмам, дастойным лепшага прымяненьня.

Уладзімір Абарынаў

Крыніца: http://www.grani.ru/opinion/abarinov/m.187051.html

Пераклад з расейскай.