ЗАМЕЖНЫ ДРУК (14–15.03.2011)
Праект вар'ята
14 сакавіка 2011 г. французкая газэта “Le Monde” напісала пра выбух на 2-м блоку АЭС у Фукусіме. Прэм'ер-міністар Японіі прызнаў сур'ёзнасьць сытуацыі для здароўя людзей. Вакол станцыі ўсталявана закрытая зона для авіяпалётаў.
Наш камэнтар: Японіскія АЭС лічыліся “самымі надзейнымі ў сьвеце”. І вось вынік, народная бяда і пагроза ўсяму чалавецтву. Атамная гнюснасьць, якую прыдумаў лукашыстоўскі рэжым разам з Масквой у нашым Астраўцы, павінна мабілізаваць увесь беларускі народ на супраціўленьне рэалізацыі шалёнага расейскага праекту з пабудовай АЭС у Беларусі.
Алесь Хадасевіч
Хоббі супраць Лукашэнкі
15 сакавіка 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра маладую славачку ў артыкуле пад тытулам “Славачка, якая змагаецца супраць Лукашэнкі”. Газэта напісала: “Яна Кобзава зьяўляецца кіраўніком усходне-ўрапейскай сэкцыі прэстыжовага лёнданскага інстытуту. Яна дапамагае лідэрам Эўразьвязу дзейнічаць у адносінах з Беларусьсю і іншымі краінамі”. Кобзава распавяла пра Алешу Міхалевіча (так зфармулявана ў газэце): “На тым тыдні выйшаў з турмы мой знаёмы, прэзыдэнцкі кандыдат Алеш Міхалевіч. Беларусь для мяне — гэта асобная рэч, ня толькі праца, але і хоббі”. Кобзава яшчэ не была ў Беларусі. Яна сказала, што грамадзтва падчас выбараў або пратэстаў мае ўсяго “па горла”, а гэта не дазваляе зразумець і ўбачыць нармальнае жыцьцё і краіну.
Наш камэнтар: Вось такая чарговая “беларусазнаўка”. Для яе галоўны аўтарытэт Алеш Міхалевіч. У Беларусі яна ніколі не была, але дае парады лідэрам Эўразьвязу, як абыходзіцца зь Беларусьсю, нават стратэгію выпрацоўвае. У Беларусь яна не зьбіраецца, пакуль там “выбары і пратэсты”. А мы думалі, што для любога палітолага пэрыяд “выбараў і пратэстаў” — гэта самае цікавае, што сапраўды дае магчымасьць лепш зразумець народ і краіну. Але гэта, мабыць, супярэчыць законам кабінэтнай навукі-паліталогіі. Зазначым, што гэтым эўракабінэтчыкам за “стратэгію па Беларусі” выплочваюць шалёныя эўраганарары. (А пасьля атрыманьня такога ганарара “за хоббі” сапраўды навошта ехаць у нейкую там Беларусь?).
Чытаеш пра такое і проста ў галаву не ўкладаецца. Поўны эўрамаразм.
Алесь Хадасевіч
Паталогія розуму
14 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” цытуе зварот сваякоў арыштаваных у Менску 19 сьнежня летась людзей. Са сваім зваротам яны зьвярнуліся да прэм'ера Расеі Пуціна: “Сёньня ўвесь сьвет, у тым ліку і Расея, асудзілі палітычны гвалт і бяспраўе, якія твораць беларускія ўлады... Як палітычнага лідэра вялікай краіны мы заклікаем вас дапамагчы нам вызваліць беларускіх вязьняў сумленьня”. Зварот перадалі амбасадару Расеі ў Менску.
Наш камэнтар: Нічаму не навучыліся гэтыя людзі, нічога не зразумелі і нішто іх ня вучыць. Кланяюцца перад чарговым маскоўскім нішчыцелем, каплімэнты Маскве кажуць...
Юрка Марозаў
Тое ды сёе кажуць
14 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што расейскі інтэрнэт-партал Газета.Ру спаслаўся на бліжэйшае атачэньне Міхалевіча і паінфармаваў, што ён пакінуў краіну ў аўтамабілі аднаго з акрэдытаваных у Менску дыпляматаў і знаходзіцца ў Польшчы. Амбасада Польшчы заявіла, што ніхто зь яе супрацоўнікаў Міхалевіча не вывозіў на машыне.
Наш камэнтар: А падпалкоўнік КГБ ў адстаўцы Валеры Костка сказаў на Радыё Свабода, што ўцёкі Міхалевіча — гэта цалкам магчымы сумесны праект Міхалевіча і КГБ РБ. На Захадзе цяпер патрэбны чалавек (заходняй мафіі таксама), які б прыняў на сябе грашовыя плыні, якія пойдуць на “барбу за дэмакратыю”. Агент Міхалевіч быў бы вельмі адэкватнай фігурай для кантролю над заходнімі грашыма.
Юрка Марозаў
Архіў ГУЛАГа
15 сакавіка 2011 г. італьянская газэта “Corriere della Sera” паведаміла з Парыжа пра прэзэнтацыю віртуальнага Архіва ГУЛАГа. Былі прадстаўлены фатаграфіі і відэаўспаміны ахвяраў савецкай сістэмы канцлягяроў. Прамовы людзей у розных каўказкіх і азіяцкіх мовах перакладзены на французкую, ангельскую і расейскую мовы.
Наш камэнтар: У вызваленай ад антыбеларускай акупацыі Беларусі таксама створаць такі Архіў.
Алесь Хадасевіч
Вар'яцкая заява
15 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” цытуе выступ прэм'ера РБ Мясьніковіча: “Мы выходзім на больш сьціслы ўзровень інтэграцыі энэргетычных сістэмаў абедзьвюх краін і абвяшчаем старт пабудовы беларускай атамнай электрастанцыі”. Менск дамаўляецца аб крэдыце Масквы на гэты праект.
Наш камэнтар: Словы рэжымнага прэм'ера прагучалі асабліва макабрычна на фоне выбухаў на японскіх АЭС. Божа, ратуй Эўропу ад гэтых ідыётаў!
Ці разумее Захад, што прамаскоўскі рэжым трэба тэрмінова ліквідаваць, інакш яны атруцяць расейскім атамам увесь сьвет? Але перш тое трэба зразумець ў Беларусі.
Юрка Марозаў