РПЦ У СВАІМ РЭПЕРТУАРЫ

Знаёмячыся з выказваньнямі вядомага бацюшкі Чапліна, любы цьвярозы чалавек падумае, што пратаіерэй камэнтуе нядаўні “мяцеж” у Маскве. Гэта калі тысячы “русскіх ребят” каля самага крамлёўскага мура на працягу некалькіх гадзінаў адлоўлівалі і “дастойна”, як сказаў бацюшка (гэта значыць па 300 супраць аднаго-двух), зьбівалі людзей, што мелі “нярускую зьнешнасьць”. Чытачы думалі, што бацюшка Чаплін тэарэтызуе пра паліцэйска-гэбоўскі беспакараны “беспредел”, які даўно ўжо зросься з прафэсійным крыміналам і сапраўды ні ў што ня ставіць дзяржаву. Але цьвярозыя памыліліся. Пратаіерэй казаў зусім пра іншае. Для яго і ягонай структуры бунтом зьяўляюцца менавіта драматычныя падзеі ў Лівіі і, як разумеем, на ўсім арабскім Усходзе.

Для Чапліна мяцеж — гэта калі сотні тысячаў людзей пасьля дзесяцігоддзяў страху і зьдзеку раптам уздымаюць забаронены нацыянальны сьцяг і адзінадушна паўстаюць супраць дыктатуры. Калі грамадзтва самаарганізуецца ў абароне свабоды і чалавечай годнасьці і змагаецца супраць дзікай і бязьлітаснай дыктатуры. Калі армія цэлымі палкамі пераходзіць на бок народа і дзеліцца зь ім сваёй зброяй. Калі жаўнеры і афіцэры ўзначальваюць атрады дабраахвотнікаў і бьюцца супраць кадаф'еўскіх чорных наёмнікаў. Калі дабраахвотнікі-аматары адбіваюць танкавыя атакі і не ўцякаюць пад бомбамі. Адным словам, калі народ ня хоча жыць па-старому і не баіцца сьмерці.

Чаго так напалохаўся бацюшка Чаплін і падначалены яму кіраўнік “праваслаўнага корпусу” “Нашіх” Б. Якеменка? Чаму іх так напалохалі нібыта “амэрыканскія рэвалюцыйныя тэхналогіі” у чужых і вельмі далёкіх пясках?

Мяркуем, што гэта ёсьць ня проста іхны “асабісты страх”. Гэта ёсьць выраз карпаратыўнай рэакцыі на яркія падзеі ў той частцы сьвету, дзе ніхто ўжо не спадзяваўся на рэвалюцыйныя зьмены. Не спадзявалася ні прафэсійная Лубянка, ні лубянцы ў расах з РПЦ, ні маладзёвыя лубянчыкі з “Нашіх”. Уся іхная да немагчымага разгалінаваная (і ня толькі па РФ) структура раптам экстрапаліравала арабскія падзеі на сваю каласальную вотчыну. У сваіх фантазіях яны ўбачылі, як незьлічоныя масы людзей грамяць гэбоўскія канторы ўсіх узроўняў, адлоўліваюць і караюць апазнаных стукачоў і спэцработнікаў. Як людзі займаюць лубянскія архівы і раскрываецца “шмат цікавага” пра падрывы жылых дамоў і самалётаў. Як вернікі вытурваюць з храмаў рэжымных стаўленікаў і гуртуюцца вакол сапраўдных сьвятароў. Як армія (якая ненавідзіць гэбэ) адмаўляецца ваяваць супраць народа і далучаецца да яго. Як СМІ ўсяго сьвету апэратыўна паведамляюць пра набліжэньне калонаў “мяцежнікаў” да Масквы і імклівы развал Імпэрыі... І, зразумела, паводле лубянцаў-крамлёўцаў, за ўсім гэтым стаіць не рэвалюцыйны імпэт мільёнаў людзей, а нейкая амэрыканская тэхналогія.

І вось ужо зьляцела з тлустых твараў падстаўных бацюшак напускная “елейность” і “благосность”. Яны ашчэрыліся і зараўлі: “Укрыжуй яго! Укрыжуй!..”

Мы публікуем артыкул з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

Чаплін: Улада павінна душыць мяцежы

Улада мае права выкарыстоўваць гвалт для здушэньня мяцяжоў. Як перадае мэдыя-холдзінг РБК, пра гэта заявіў старшыня сінадальнага аддзелу па ўзаемаадносінах Рускай праваслаўнай царквы і грамадзтва, сябра Грамадзкай палаты пратаіерэй Усевалад Чаплін. “Бываюць сытуацыі, калі дзяржава можа ўжываць гвалт, напрыклад, душачы мяцяжы (менавіта мяцяжы, а не народныя паўстаньні), змовы, спробу насуперак волі народа падпарадкаваць яго зьнешняй сіле. Калі такое адбываецца, улада пры дапамозе грамадзтва павінна адказваць сілай на сілу”, — сказаў Чаплін, адказваючы на пытаньні на сайце Грамадзкай палаты.

“Хто ведае, якой была б сёньня Расея, калі б у лютым і кастрычніку 1917 года ўлада дастойна, як ёй і належыць, адрэагавала на дзеяньні мяцежнікаў, якія зусім не прадстаўлялі наш народ і адкрыта казалі, што хочуць усталяваць дыктатуру меншасьці над большасьцю”, — сказаў пратаіерэй.

Заява Чапліна стала адказам на запіс у блогу кіраўніка праваслаўнага корпусу руху “Наші” Барыса Якеменкі, які падтрымаў жорсткія захады, прынятыя Муамарам Кадафі для здушэньня паўстаньня ў Лівіі. “Лідэр Лівіі палкоўнік М. Кадафі паказаў усяму сьвету, як трэба абыходзіцца з правакатарамі, якія імкнуцца да перавароту, дэстабілізацыі і грамадзянскай вайны. Ён пачаў іх зьнішчаць. Ракетамі і ўсім, што ёсьць у яго ў распараджэньні. І гэта самы слушны шлях да спыненьня прымяненьня амэрыканскіх “рэвалюцыйных” тэхналогій”, — напісаў Якеменка у сваім блогу.

Чаплін адзначыў, што аўтара цытаты ён ведае даўно і добра. Гэта “зусім не крыважэрны монстр, якім яго прадстаўляюць у сувязі з прыведзенымі словамі...”, — сказаў пратаіерэй.

Крыніца: http://www.grani.ru/Society/Religion/m.186898.html

Пераклад з расейскай В. Буйвала