РАЗБУРЭНЬНЕ ЭКАНОМІКІ БЕЛАРУСІ
11 сакавіка ў газэце “Нар. Воля” быў апублікаваны артыкул “Беларусь рызыкуе вылецець у трубу”. У сьціслым і дзелавым стылі газэта паведаміла інфармацыю, якая ўражвае сваёй злавеснасьцю. Цытуем: “Згодна з удакладненымі дадзенымі Белстату, у студзені сёлета ў параўнаньні з студзенем летась адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі павялічылася больш чым у 300 разоў. Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю таварамі, паводле дадзеных гандлёвага балансу, на студзень 2011 года склала 902,6 млн. даляраў. За такі ж леташні пэрыяд гэты паказчык складаў усяго 2,7 млн. даляраў, як сьведчаць дадзеныя Белстату”.
Гаворачы простай мовай, Беларусь ужо не вырабляе канкурэнтназдольнай прадукцыі, а ў шэрагу галінаў вытворчасьці не вырабляе ўжо ніякай прадукцыі. Насоўваецца канчатковы эканамічны крах. МВФ патрабуе дэвальвававць беларускую валюту, рэжым робіць выгляд, што ўпіраецца і не пагаджаецца. Эканамісты ў асноўным маўчаць. Цяпер зразумела (нават тым, хто не хацеў гэтага разумець), чаму рэжым так прысьпешваў пачатак свайго выбарчага фарсу ў 2010 годзе. Хунта імкнулася як мага хутчэй, да моманту поўнага краху, пацьвердзіць з дапамогай сваёй псэўдаапазыцыі сваю “легітымнасьць”.
Як памятаем, псэўдаапазыцыя навыперадкі кінулася ратаваць прагнілы рэжым і здолела падмануць многіх беларусаў, якія пайшлі на “выбарчыя ўчасткі” галасаваць “супраць Лукашэнкі” — а фактычна “прагаласавалі за яго”. Балбатуны, агентура і імітатары забясьпечылі дыктатару чарговую фальшывую “элегантную перамогу”. Цяпер яны наладжваюць публічную грызьню на тэму “хто больш хлусьлівы і фальшывы” і “хто больш паспрыяў дыктатуры”. Глядзець на гэта брыдка ўсяму грамадзтву. А папярэджвалі беларускія патрыёты-фронтаўцы, каб людзі ня верылі гэтай мітусьлівай публіцы.
Ужо цяпер наша грамадзтва павінна заявіць: адказнасьць за крах сацыяльна-эканамічнай сфэры і за маразм палітычнай сістэмы ў краіне нясе ня толькі прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі, але і ягоная псэўдаапазыцыя, якая шмат разоў ратавала і ўмацоўвала рэжым. Ужо цяпер трэба зьбіраць матэр'ялы для будучага працэсу люстрацыі гэтых дзеячаў і дзеячыкаў. Тое, што яны зьдзейсьнілі падчас “выбарчай кампаніі” у лістападзе-сьнежні 2010 года ёсьць злачынствам. І няхай яны не спадзяюцца, што людзі нічога не зразумелі і пра ўсё забыліся.
Юрка Марозаў