ПАСЬВЯЧЭНЬНЕ Ў “КРЫЖАНОСЦЫ”
(Філарэт уганараваў міліцыю харугвай за 19 сакавіка)
Праваслаўная царква ўганаравала Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь харугвай з выявай Хрыста Збаўцы.
Цырымонія трансліравалася па дзяржаўным тэлебачанні. Перад урачыстым канцэртам, прысвечаным Дню міліцыі, Мітрапаліт Філарэт перадаў міністру Куляшову харугву з відарысам аблічча Хрыста Збаўцы, прамовіўшы з гэтай нагоды ўрачыстую малітву і акрапіўшы харугву святой вадой.
З намі Бог!
Звяртаючыся да залы, што была запоўнена абранай публікай — архіепіскапамі, епіскапамі, вікарыямі, сілавікамі ў форме і цывільным, дзяржслужбоўцамі, дэпутатамі — кіраўнік праваслаўнай царквы пачаў прамову ўрачыстымі словамі: “Наша страна процветает усилиями многих людей. Ваш труд — сохранение Отечества от посягательства злоумышленников — можно назвать крестным...” Пасажы з вывераных сінтагмаў Мітрапаліта гучалі ў прыціхлай зале як вібрацыі стальных струн і па заканчэнні выступлення былі ўвенчаны шматгарлавым урачыстым выгукам спеўнай групы, што выстраілася на сцэне: “С нами Бог!”.
Сам працэс перадачы харугвы (тут, пэўна, патрэбны быў цалавальны рытуал) аператары неяк змазалі. Магчыма, было нешта выразана. (У пазнейшых тэлепаўторах гэта ўвогуле не паказвалі.) У параўнанні з урачыстай прамовай Мітрапаліта міністэрскае слова ў адказ слухалася вельмі будзённа і нават сарамяжліва. У інтэрв'ю для партала sobor.by міністр выглядаў больш рэспектабельна і вымавіў сказ, які ў той жа вечар быў вынесены на афіцыйныя сайты: “Нравственный верующий человек всегда будет дружен и с законом...”
Можна яшчэ дадаць, што — паводле афіцыйнай інфармацыі — “передача хоругви была совершена по инициативе Министерства внутренних дел”, і што “замысел освящения воинского знамени родился во время акции “Семья — служим вместе” в рамках проведения программы “Семья — единение — Отечество”.
Пераказваю ўсё так амаль фатаграфічна і нейтральна, таму што хачу, каб той, хто не бачыў той урачысты сход, змог паразважаць разам з намі: што ж адбылося ў той вечар у Палацы Рэспублікі? Што стаіць за гэтым знешнім урачыстым актам яднання царквы з міліцыяй у гэтыя складаныя дні для нашай краіны?
Блаславенне зла — тут і цяпер
У першы год свайго прэзідэнцтва Лукашэнка заяўляў, што не стаў прыхільнікам беларускай нацыянальнай ідэі, фармуляванай папярэднікамі, і лічыць (хоць і як “праваслаўны атэіст”) хрысціянскія каштоўнасці найбольш прыдатнымі ў якасці складнікаў сучаснай самаідэнтыфікацыі беларускіх грамадзян. (Тут мы не ўдаёмся ў супярэчнасці выказвання: ранейшая нацыянальная ідэя не адмаўляла хрысціянскіх каштоўнасцяў.) У наступныя гады праваслаўная царква неадступна “суправаджала” і асвячала Лукашэнку, калі ён рухаўся па лесвіцы аўтарытарызму. На інаўгурацыі 2006 года Мітрапаліт настаўляў “сэкулярнага суверэна” не як евангельскі пастар, а як бязлітасны старазапаветны Давыд свайго сына Саламона: “Будзь цвёрды і мужны. Ідзі ўпэўненым крокам. Барані Айчыну і зямлю нашу ад зламыснікаў...” Не дачакалася грамадства ад царквы ні дыялогу з іншадумцамі, ні слоў спачування родным зніклых палітыкаў, ні ацэнкі дзяржаўных ілжэсведчанняў у час выбараў, ні асуджэння (ці хаця б ціхага мудрага настаўлення) кіраўніка дзяржавы за яго публічныя абразы апанентаў і моўнае хамства, маральнае распуства...
І вось раптам — вяршыня цынізму: евангельскае маўчанне перарастае ў бласлаўленне зла. Святая харугва перадаецца міліцэйскаму воінству, чый галоўны начальнік узяў пад казырок і загадаў чыніць крывавую бойню! Акурат цяпер, калі ідуць вераломныя суды, калі ўвесь цывілізаваны свет патрабуе вызвалення вязняў і пакарання службовых асоб, якія перавысілі свае паўнамоцтвы і татальна парушылі права грамадзян на свабоднае волевыяўленне. Лічу, праваслаўная царква на чале з Мітрапалітам канчаткова страціла свой твар. Яе літаральна згвалцілі, або, як бы сказаў Лукашэнка, — “нахілілі ды апусцілі”. Думаецца, што царкоўнае начальства сціпла папрасіла, каб у афіцыйным тэксце напісалі, што “перадача харугвы была здзейснена па ініцыятыве МУС”.
Вуснамі галоўнага святара Беларусі гвалтоўныя дзеянні міліцыі кваліфікуюцца як “крестный труд”! Вось прыйдуць у Маскоўскі суд 15 міліцыянераў-сведак і будуць суддзям дэманстраваць “цялесныя пашкоджанні”, якія ім нанеслі 2 юнакі голымі рукамі. Вось які цяжкі крыж нясуць “шчытаносцы”. Як жа ім не паверыць. Іх пакуты асвечаны высокім царкоўным санам. Яны не могуць быць ілжэсведкамі: з імі Бог! Мы і з Богам, і з законам можам дружыць, кажа іхні начальнік. Задумайцеся: дружыць з законам! Дружба — справа вольная: хачу — дружу, хачу — не дружу. Міліцыя павінна служыць і жыць, паводле закону. А тут выходзіць: міліцыянты будуць сябраваць і з Богам, і з суддзямі. Вось лукашэнкаўска-куляшоўская інтэрпрэтацыя хаўрусу Бога і міліцыі.
У той вечар, 4 сакавіка, тэлегледачы чакалі паказу інтэрв'ю Лукашэнкі газеце “Вашынгтон Пост”. Урачысты вечар, прысвечаны Дню міліцыі, быў паказаны перад гэтым гадзіны за паўтары. Дух “бажэсьцьвеннага” міліцэйскага вечара і атмасфера гутаркі Лукашэнкі з замежнай карэспандэнткай былі вельмі падобныя: той жа цынізм, тое ж жангліраванне словамі. Лукашэнка пачуваў сябе свабодным ад усялякіх хімераў сумлення і логікі: не ведае, у якой сям'і вязняў трохгадовы сын; адзін кандыдат у прэзідэнты патрабаваў ягонага павешання; у Беларусі выбары ў разы дэмакратычней, чым у Амерыцы... З Лукашэнкам на інтэрв'ю быў таксама ягоны ўласны бог, бог “праваслаўнага атэіста”, які дазваляў яму і раней бессаромна лгаць і плесці ўсякую несянесіцу: мой бацька згарэў у танку; па мне шмат разоў стралялі; Быкаў пісаў вершы; Скарына тварыў у Піцеры; у Гітлера было не ўсё дрэнна...
Быў такі адзін дзяржаўны дзеяч мінулага, які абяцаў сваім грамадзянам: “Я зраблю ваша жыццё лягчэйшым. Я вызвалю вас ад залішняга розуму і хімеры сумлення!”. Ягонае воінства напісала тады сабе на спражках тры словы “З намі Бог!” і замаршыравала ў ганебны паход, які каштаваў чалавецтву дзясяткі мільёнаў жыццяў.
Што ж вы, браткі-святары?
У той жа вечар пасля ўрачыстага сходу патэлефанаваў я знаёмаму праваслаўнаму святару. Час ад часу мы гутарым з ім на царкоўныя тэмы. Апошні раз мы сустракаліся з ім у Палацы мастацтва на лекцыі Андрэя Кураева, які ў почаце Мітрапаліта Кірыла прыязджаў ў Мінск. Пра вельмі своеасаблівую лекцыю Кураева ў Палацы мастацтва пісала ў свой час і “Народная Воля”. Мой знаёмы — чалавек адукаваны, шчыры, але асцярожны. Зразумеўшы тэму нашай магчымай гутаркі, ён не выказаў асаблівай гатоўнасці абмяркоўваць учынак Мітрапаліта Філарэта, спаслаўшыся на тое, што яму гэта рабіць не вельмі этычна ды і перадачу ён не глядзеў. Ды і ўвогуле, кажа, час зараз не той, каб па тэлефоне такія тэмы абмяркоўваць. Вось так.
Мы неяк больш схільныя крытыкаваць праваслаўную царкву за хаўрусаванне з уладамі. Як па мне, дык — чым астатнія лепшыя? Каталікі тыя, праўда, на беларускай мове часам казані кажуць. А так — мала чым ад праваслаўных адрозніваюцца. Харугваў, праўда, пакуль не падносілі, але гэтак жа лагодна, як і праваслаўныя, Лукашэнку прымаюць, слухаюць прыхільна ягоныя не надта ўмесныя тырады, па-сяброўску пасміхаюцца. Гэткая дыпламатыя тут недарэчы. Можна ж калі-небудзь хворым прыкінуцца, ды, калі ты вялікі начальнік, на сустрэчу свайго намесніка прапанаваць. Ёсць у мяне знаёмыя і сярод пратэстанцкіх прасвітараў. Яны больш аб працоўнай аскезе ды пра сям'ю гавораць. Але ж гэтага мала. Хто ж з нашых святароў, як калісьці Ян Павел ІІ, скажа: “Не бойцеся!”. Чаго ж святарам баяцца? Яны ж не на кантракце ў Лукашэнкі працуюць.
Калі-нікалі здараліся прасвятленні ў нашым праваслаўным афіцыёзе. Можа, хто здзівіцца, калі я скажу: з цікавай прамовай выступіў Мітрапаліт Філарэт на Усебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе. Узгадайце, што ён гаварыў пра мараль, настаўнікаў, дактароў і суддзяў. Ён гаварыў у біблійнай парадыгме. Аднак маўчанне і практычнае бяздзеянне царквы настройвала на негатыўнае ўспрыманне любога выказвання. Да таго ж: з высокай трыбуны мы чакаем толькі цынічны змест, ужо не спадзеючыся, што нехта будзе шчыра гаварыць. Тады разумная думка Мітрапаліта не была заўважана, бо, відаць, была занадта “герметычна” сфармулявана. На інаўгурацыі 2010 года Мітрапаліт пажадаў Лукашэнку мудрасці ў дзяржаўнай дзейнасці. Гэта ўжо лепш, чым “цвёрды поступ”. Станоўчую рэакцыю грамадскасці выклікала заява групы праваслаўных вернікаў у абарону зняволеных пасля 19 снежня. Аптымісты пачалі ўжо гаварыць пра пэўную адлігу ў жыцці праваслаўнай царквы, з'явіліся асцярожныя аптымістычныя агляды ў інтэрнэце. І тут вось раптам — харугва для Куляшова!
Я не ведаю, ці спавядаюцца святары перад смерцю і як яны палагоджваюць сваё сумленне, калі ў апошнія хвіліны жыцця ўзважваюць свае словы і ўчынкі? Канечне, агульны баланс дзейнасці шараговых святароў станоўчы, калі глядзець “па пладах і па зернях”. Але, калі яны высокія іерархі і працягла “не аблічаюць грэшнікаў” (што патрабуе Святое Пісьмо) і тым больш публічна асвячаюць злачынства, тым самым спрыяючы дэградацыі грамадства, — хто асмеліцца сказаць, што іх промысел праведны. Цень крывавых падзей 19 снежня стаіць чорнай хмарай над беларускім МУС і ягоным галоўным начальнікам, уганараваным чарговай генеральскай зоркай з рук галоўнага свецкага начальніка Беларусі. Цяпер вось ягоныя подзвігі ўжо асвячаюцца іменем Бога.
Цынізм чалавека ва ўбранні святара — больш небяспечны, чым ілжа свецкага начальніка: генсекі, прэзідэнты прыходзяць і адыходзяць. Ідэя Боскай справядлівасці вечная. Яе разумее падсвядома і нехрышчоны, і неўцаркоўлены, хаця і не можа для гэтага знайсці слушныя словы. У бядзе, у хваробе, неабаронены сярод цёмнай ночы самы слабы грэшнік набліжаецца да Бога. “Падзенне” святара — сігнал і страшэнна дзейсны чыннік дэградацыі грамадства. Сціраецца мяжа паміж дабром і злом.
Крыніца: Народная Воля, 11 сакавіка 2011
Пётра Садоўскі
(Правапіс Нар. Волі)