ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНЫХ ГАЗЭТ (04.03.2011)
Чужынская структура
4 сакавіка 2011 г. партугальская газэта “Diario de Noticias” напісала, што Каталіцкі Касьцёл Кубы дамовіўся з рэжымам Кастра аб вызваленьні з турмаў яшчэ 7 палітычных вязьняў. Яны выедуць у палітычную эміграцыю ў Іспанію.
Наш камэнтар: Куба — краіна каталіцкай большасьці, практычна, каталіцкая краіна. Касьцёл мае там вялікі аўтарытэт. Настолькі вялікі, што яму ўдаецца ратаваць чалавечыя жыцьці і вызваляць людзей з турмаў.
У Маскве любяць называць нашу Беларусь “частью святой Русі”. РПЦ (дзякуючы дыскрымінацыйнаму заканадаўству) дамінуе сваёй прысутнасьцю ў нашай краіне. Аўтарытэту, падобнага на Касьцёл на Кубе, РПЦ, безумоўна, ня мае, але яе герархі любяць фатаграфавацца з мясцовым дыктатарам і благаслаўляць яго і ягоную справу. Нешта ня бачым мы з боку РПЦ спробаў заняцца гуманітарнай дзейнасьцю і аблегчыць лёс людзей, што пацярпелі і церпяць ад рэпрэсіяў рэжыму. Усё таму, што ў адрозьненьні ад Кубы, у нас РПЦ — чужая, чужынская структура.
Юрка Марозаў
Адчыняюцца справы хунты
4 сакавіка 2011 г. іспанская газэта “АВС” апублікавала артыкул пра тое, як забаўлялася і раскашавала сям'я Кадафі ў іспанскім курортным горадзе Марбэлья. Сыны дыктатара пабудавалі сябе ў гэтай зоне раскошныя маёнткі, падалей ад гарадзкога шуму. Яны варочалі з гэтай базы бізнэсовымі справамі і капіталамі. Іхнае “прыгожае жыцьцё” разгортвалася ў рэзкім кантрасьце з галечай, якая панавала ў Лівіі.
Наш камэнтар: Цяпер ва ўсіх СМІ сьвету зьяўляюцца зьвесткі пра тое, як куражыліся, адпачывалі і перапраўлялі на Захад скрадзеныя ў народа грошы сябры кадаф'еўскай хунты. Адкрываецца шэраг імёнаў заходніх людзей і палітыкаў, імёнаў фірмаў, якія забясьпечвалі злачынцам іхнае “раскошнае жыцьцё”.
У хуткім часе такія адкрыцьці будуць рабіцца ў справе антыбеларускай хунты, яе начальніка і іншых яе дзеячаў.
Юрка Марозаў
Экспэрымэнты над дзецьмі
4 сакавіка 2011 г. французкая газэта “Le Figaro” паведаміла, што ў Аргентыне распачаўся працэс над былым дыктатарам краіны генэралам Рэйнальда Біньненэ і шэрагам афіцэраў арміі і спэцслужбаў. Іх абвінавачваюць у выкраданьні дзяцей апазыцыянэраў. У часы ваеннай хунты (1976-83) дзяцей забіралі ва ўвязьненых бацькоў, зьмянялі іх імёны і не паведамлялі ім праўду пра іхных бацькоў. З 500 ахвяраў гэтай праграмы намаганьнямі гуманітарных арганізацыяў да гэтага часу вернуты імёны толькі 102 ахвярам.
Наш камэнтар: У аргентынскай хунты малыя маштабы злачынстваў у параўнаньні з некаторымі іншымі. Антыбеларускі рэжым праводзіць фашыстоўскі экспэрымэнт над сотнямі тысячаў беларускіх дзяцей. Па ўсёй краіне малыя беларусы спажываюць атручаную радыяцыяй ежу (чыстую прадукцыю рэжым накіроўвае эшалёнамі на Маскву). Найбольш дзікія і адкрытыя формы гэты экспэрымэнт мае на Гомельшчыне і Магілеўшчыне. Там раз — два разы на год зьбіраюць усіх дзяцей у спэцыяльныя “прафілакторыі” на месяц-тры. Там іх кормяць мясцовай, атручанай радыяцыяй ежай, абсьледуюць, адпрацоўваюць на іх нейкія прэпараты. Здароўе дзяцей пасьля “прафілакторыя” не паляпшаецца. Расьце дзіцячая сьмяротнасьць і захворваемасьць. Патрыёты Беларусі даўно зрабілі выснову, што адбываецца злачынства у адносінах да нашых дзяцей. На жаль, бацькі дзяцей тупа маўчаць і аддаюць іх на гэты экспэрымэнт
Наперадзе працэс над мясцовымі “дактарамі Мэнгеле” антыбеларускага рэжыму.
Юрка Марозаў
“Дзіўяк не зьбіраецца хавацца”
4 сакавіка 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” апублікавала артыкул пад тытулам “Дзіўяк — сэрб, які любіў Сараева”. У Аўстрыі затрыманы на аснове міжнароднага ордэру на арышт Ёван Дзіўяк. Ордэр распаўсюдзіў урад Сэрбіі, які называе Дзіўяка “здраднікам і ваенным злачынцам”. Справа ў тым, што афіцэр югаслаўскай арміі сэрб Дзіўяк ў час распаду Югаславіі служыў і жыў у сталіцы Босьніі-Герцэгавіны. Калі ў 1992 г. сэрбы абкружылі Сараева і пачалі наступ на горад, Дзіўяк пачаў раздаваць зброю гараджанам, басьнійскім мусульманам і харватам. Потым ён стаў генэралам басьнійскай арміі і ваяваў супраць сэрбскіх войскаў. Пасьля вайны ён заснаваў і кіраваў гуманітарнай арганізацыяй, якая забясьпечвала адукацыю бацьнійскіх дзяцей: мусульманаў, харватаў, сэрбаў, цыганоў. На сэрбскі ордэр Дзіўяк заявіў быў, што не зьбіраецца хавацца і будзе свабодна перасоўвацца, дзе хоча. Затрыманьне Дзіўяка ўладамі Аўстрыі выклікала пратэсты басьнійскіх людзей.
Наш камэнтар: Можна не сумнявацца, што басьнійцы абароняць папулярнага чалавека. Здраднікам яго могуць лічыць толькі абломкі разьбітай прамаскоўскай імпэрыі.
Нешта мы ня памятаем, каб у часы нашага нацыянальна-вызвольнага змаганьня нейкі афіцэр-расеец заявіў, што любіць Беларусь і ўстаў бы на яе абарону ад маскоўскага імпэрыялізму. На жаль... Безьліч асобаў гэтага паходжаньня робіць камфортную кар'еру ў нашым войску. Яны ненавідзяць (і не хаваюць нянавісьці) нашу мову, Дзяржаву, культуру, людзей. Некаторыя зь іх люта шыпяць: “Мы вам ешчё покажем...” і “Протів Россіі мы воевать не будем...” Няхай яны не зьдзіўляюцца, што можа потым для іх атрымацца.
Алесь Хадасевіч
Грамадзянская вайна ў Лібіі
4 сакавіка 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” паведамляе з лівійскага партовага горада Брэга. Паўстанцы адбіваюць атакі рэжымных войскаў. Недахоп вайсковай вывучкі кампэнсуецца высокай матывацыяй змагароў, большасьць зь якіх цывільныя людзі. Зброі ў іх шмат. Паўстанцы захапілі на складах арміі кулямёты, гарматы, ракетныя ўстаноўкі, амуніцыю. Гандляры і прадпрымальнікі запраўляюць палівам машыны паўстанцаў. Нямецкія журналісты ўбачылі на ўзбочыне дарогі старога з аўтаматам, які гукаў: “Мы ўсяроўна пераможам Кадафі!” На перадавую лінію абароны няспыннай плыньню ідуць паўстанцы.
Наш камэнтар: Не на жарт напалохаліся ў Маскве і Менску, назіраючы за народным паўстаньнем супраць дзікай дыктатуры. Баяцца, што народы натхняцца сьветлым прыкладам.
Алесь Хадасевіч
“Адна з галоўных задач”
4 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што дэманстранты ўварваліся ў будынак дзяржбясьпекі ў эгіпецкай Александрыі. Адбыліся сутычкі з паліцыяй. У Каіры шматтысячная маса людзей таксама падышла да будынку дзяржбясьпекі, але людзей спыніў кардон арміі. Эгіпцяне патрабуюць ліквідацыі службы дзяржбясьпекі рэжыму Мубарака. Цяперашнія ўлады яшчэ ня выканалі гэтага патрабаваньня народу.
Наш камэнтар: Зьнішчэньне рэжымнага кагэбэ — адна з галоўных задач народнай рэвалюцыі.
Алесь Хадасевіч