“НАЁМНІКІ АНТЫБЕЛАРУСКАЙ ХУНТЫ”

Як вядома, грамадзяне Беларусі, практычна, ужо не глядзяць БТ. Але мне прыходзіцца (каб ведаць што там робіцца). З гэтай нагоды цікава паназіраць рэжымныя “ток-шоў” на розныя тэмы. Афіцыёз зьбірае ў тэлезале дзясяткі статыстаў, якія з рознай ступеньню натуральнасьці разыгрываюць свае ролі паводле падстаўнога сцэнара. Часта атрымліваецца слабая і нацягнутая “натуральнасьць”.

“Ток-шоў”, паказанае 28 лютага было выключэньнем. Тут усё па-свойму было вельмі шчыра. Нічога дзіўнага, тэма адпаведная — народныя рэвалюцыі на арабскім Усходзе. Мы й ня ведалі, што ў калгаснага рэжыму ёсьць столькі “арыенталістаў” і “арабістаў”. Рэй вёў вядомы “пісатель-чекіст” Чаргінец. Ён раз-пораз гукаў, што “люді там жілі хорошо” і што “во всём віноваты амеріканцы”. Зададзеную “пісателем” аргумэнтацыю на розныя лады паўтаралі ўсе астатнія прысутныя спэцы. Ну, сапраўды, без гумару і сарказма нельга ўспамінаць пра гэты тэлешэдэўр БТ. І што яны так усе расхваляваліся? Чаму столькі тэмпэрамэнтных рэакцый з боку розных рэжымных спэцоў? Што за вецер падзьмуў з Магрэба і Сахары на прыканцы постсавецкай зімы?

Тыя беларусы, якія глядзелі гэтую тэледзею, не маглі зразумець, пра што йдзецца. І раптам калізія высьветлілася тэлефанаваньнем у эфір з Масквы. Вядомы расейскі тэлеаналітык Шаўчэнка ўключыўся ў дыскусію і заявіў наступнае: “О чём вы тут? Да все эті событія на Востоке началісь у вас в Мінске 19 декабря!” Шаўчэнка патлумачыў, што “ўмяшальніцтва ЗША ў мірнае жыцьцё народаў” стартавала менавіта з падзеяў у нашай сталіцы.

І вось лагічнае кола замкнулася. Трусіцца і калоціцца ад страху перад народным гневам ня толькі крамлёўска-лубянская хунта, баючыся, што скораныя народы могуць устаць з каленў, як гераічныя арабы. Калоціцца і мясцовая прамаскоўская хунтачка, якая сапраўды перакананая, што беларусы далі магутны імпульс рэвалюцыйным падзеям у сьвеце. Яшчэ заўчора ворагі называлі наш народ “талерантным”, “даверлівым” і яшчэ горш. А ўчора яны тэрмінова сабралі сваіх статыстаў у тэлезале і пачалі пераконваць беларусаў, што ў Лівіі “бунт” і “мяцеж”, “не надо, товарішчі, повторять этот прімер”. Зірнуць у люстра апошнія эўрапейскія тыраны і іх камарылья, а ў адлюстраваньні на іх глядзяць то Мубарак, то Кадафі. І цяжка ўцякаць ад народнай справядлівасьці па сьнежных гурбах...

Апошнія дні даюць нашаму грамадзтву новую інфармацыю пра рэпрэсіі рэжыму. Людзі, якія выйшлі з засьценкаў КГБ, распавядаюць пра канваіраў і турэмшчыкаў. Ніхто з гэтых асобаў ня тое што не размаўляе па-беларуску, але нават не разумее ані слова. Аказваецца беларусаў у Беларусі вязьняць, канваіруюць, катуюць “рязанскіе, костромскіе, сібірскіе” і іншыя расейцы. Пад добры настрой яны могуць толькі зьдзекліва гукнуць “калі ласка” (ім спадабаўся гэты кур'ёзны для расейскага вуха выраз). Такім чынам, у турме дрбра высьветлілася сутнасная рыса лукашызма як антыбеларускага рэжыму ўнутраннай маскоўскай акупацыі.

Монстра Кадафі бароняць чорныя наёмнікі, якім лёгка душыць чужое грамадзтва на чужой зямлі. Тая ж мадэль прынята на ўзбраеньне мясцовай дыктатурай. І “пісатель-чекіст” і турэмшчыкі і ўся лукашысцкая хеўра — гэта наёмнікі антыбеларускай хунты.

Янка Базыль