КАНЦЭРТ НА ЗАДАДЗЕНУЮ ТЭМУ

28 лютага Радыё Свабода паведаміла ў сьвет, што на Машэрава, 8 (былая Варвашэні, 8) у Менску зьбярэцца “Нацыянальная каардынацыйная рада дэмапазыцыі”. Парадак дня паседжаньня прадстаўлялі слухачам два дзеячы “рады” В. Сьвяцкая і “палітолаг” В. Арэшка (раней ён падпісваўся як “культуролаг”). Кожны зь іх па-свойму патлумачыў становішча.

В. Сьвяцкая: “Тое, што наступіў час зноўку зьбіраць усё да адзінства, адчуваюць прадстаўнікі ня толькі апазыцыйных палітычных партыяў, але і грамадзкіх аб'яднаньняў... Найбольшую актыўнасьць у новай радзе пакуль праяўляе партыя левых “Справядлівы сьвет.”

“Палітолаг” В. Арэшка: “Зараз усе прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі разумеюць — паасобку сур'ёзных спраў у нашай краіне не зробіш. Трэба так ці інакш скаардынавацца... Я сам трошкі ў гэтым удзельнічаў і бачу, што ёсьць жаданьне намацаць агульныя кропкі...”

Пустазвонства, за якім стаіць стараста па заходніх грантах “былы бальшавік” тав. Калякін, настолькі ўражвае, што адразу і не знаходзіш, што сказаць на гэта. Выручыла слухачка-чытачка Радыё Свабода. Вось яе камэнтар:

“Чарговы анонс канцэрта балалаечнікаў псэўдаапазыцыі, якая пакрыла сябе ганьбай на выбарчым фарсе рэжыму. І балалаечнікі-салісты ўсё знаёмыя, заслужоныя артысты балалайкі: Сьвяцкая, Арэшка, “Справедлівый мір”... Зноў сядаюць кружком на Варвашэні, 8 і па нотах папулярнага кампазітара Ганса Віка трынькаюць ў тры струны: “Мой милёнок выйграл грант, у меня он хиромант...”, “Лукашенку не люблю, я с Калякиным пойду! Опа-опа! Америка-Европа!...”

Сапраўды, сумніўна, каб рэжым зачыніў канцэртную залю на Варвашэні, 8. Такія артысты!

Алесь Хадасевіч