АДБЫЛАСЯ ПРЭЗЭНТАЦЫЯ НОВЫХ КНІГ
У нядзелю 27 лютага ў Нью-Ёрку ў кантэксьце агульнага сходу Бруклінскага аддзелу БАЗА адбылася прэзэнтацыя новых кніг Зянона Пазьняка, выдадзеных у 2010 годзе. Напачатку мінулага года тут была прадстаўлена кніга “Цяжкі час. Канцэпцыя новага беларускага Адраджэньня. Кніга 2 (1996-2002 гг.)”
У красавіку і ліпені-2010 выйшлі кнігі “Дэклярацыя — першы крок да незалежнасьці” і “Дэпутаты Незалежнасьці” (напісаная разам з Сяргеем Навумчыкам). А ў канцы года выйшла трэцяя кніга канцэпцыі “Цяжкі час. Працяг”. (Агулам другі і трэці тамы — 940 старонак фармату А4.) Калі пералічыць гэтую працу (чатыры выданьні) на аўтарскія друкаваныя аркушы, то разам з ілюстрацыямі атрымліваецца 240 аўтарскіх друкаваных аркушаў. Па аб'ёму гэта праца савецкага акадэмічнага навукова-дасьледчага інстытуту за некалькі гадоў.
Гэты марафон, праўда, ужо вымушана спыняецца па банальнай прычыне — адсутнасьці сродкаў. Прадстаўленыя кнігі выдрукаваныя, практычна, у доўг. Але яны выдадзеныя, існуюць для чытача.
Уся праца рабілася зь веданьнем і ў гонар 20-годдзя незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, якое прыпадае ў гэтым годзе. 25 Жніўня — выдатная дата беларускай гісторыі.
Кніга “Дэпутаты Незалежнасьці” цалкам пасьвечаная вялікай даце. Увага засяроджана на падзеях і людзях (дэпутатах Апазыцыі БНФ), якія канкрэтна і моцна ўплывалі на ход гэтай паваротнай гістарычнай зьявы.
Абмеркаваньне кніжак адбывалася ў грамадзкай залі Беларускага Сабора сьвятога Кірылы Тураўскага. Аўтар Зянон Пазьняк найбольш часу пасьвяціў канцэпцыі нацыянальнага змаганьня, прадстаўленай ў трэцім томе “Цяжкі час. Працяг”. Было выкладзена шмат новых фактаў і асэнсаваныя складнікі незвычайнай палітычнай перамогі малалікай дэпутацкай Апазыцыі Народнага Фронту над у 10 разоў большай масай камуністычных дэпутатаў Вярхоўнага Савета.
Выступ быў выслуханы зь вялікай цікавасьцю, аўтару задавалі шмат пытаньняў.
Потым, у час абмеркаваньня, грунтоўна выступіла (даючы ацэнку выданьням) Тацьцяна Красоўская. Выказалі свае меркаваньні іншыя прысутныя, якія ўжо пачыталі гэтую літаратуру (Уладзімер Цяліца, Расьціслаў Гарошка). Працу аўтара ацанілі прыхільна і станоўча, зычылі посьпехаў і працягу.
У заключэньне імпрэзы быў паказаны новы фільм Юры Хашчавацкага “Лабатамія”.
-інф-