ПРОСЬБА ДА ЯГО, ХАМА, “ЭКСЭЛЕНЦЫІ”
Рэпрэсіі ў Беларусі і гэбоўская вайна супраць беларускага народа, разьвязаная рэжымам Лукашэнкі, абурыла перадавое беларускае грамадзтва і ўвесь Заходні сьвет, у якім шануюць волю і свабоду чалавека. Людзі ў сьвеце выказваюць свае адносіны і меркаваньні, пішуць лісты ў беларускія амбасады рэжыму, шчыра думаючы, што маюць справу з прыстойнымі людзьмі, прадстаўнікамі якой бы там ні было, але ўлады. І калі б ім сказалі, што гэта ня ўлада, а хунта, клан бандытаў, якія ненавідзяць беларускі народ, яго мову і культуру і сьведама нішчаць усё беларускае, яны, магчыма, не паверылі б, бо самы яшчэ не перажывалі такога ў сваёй гісторыі.
Выніковасьць уплыву на рэжым такіх лістоў нулявая. Галавар хунты так і выказаўся ў сваёй неабчэсанай, грубай лексіцы: “А мне наплевать!”
Аднак нам і ўсім нармальным жыхарам Беларусі дарагія гэтыя лісты спачуваньня, просьбы і звароты інтэлегентных і культурных людзей у Польшчы, Украіне, Эстоніі — па ўсім сьвеце. Мы ня лічым наіўнымі такія пасланьні (хоць там — безнадзейны зварот да бандытаў), мы ўспрымаем іх як салідарнасьць з намі сардэчных, сьветлых, культурных людзей, якія шануюць справядлівасьць і якім не абыякавая наша бяда.
Мне трапіла ў рукі копія такога ліста, напісанага вядомым польскім журналістам, перакладчыкам беларускай паэзіі на польскую мову Чэславам Сэнюхам. Гэта чалавек з тых, даволі распаўсюджаных у Польшчы асоб, якія маюць у душы дзьве сьведамасьці, жывуць у двух культурах — польскай і беларускай — і месьцяць іх у адным сэрцы, якое баліць за ўсіх. Я спатыкаў такіх людзей у Варшаве, Уроцлаве, Познані, у сэрцы якіх Беларусь, а ў жыцьцёвай рэальнасьці — Польшча. Пра гэта яны кажуць, і нават пішуць (адзін Тадэвуш Канвіцкі чаго варты!).
Чэслаў Сэнюх напісаў свой ліст “эксэленцыі, шаноўнаму пану амбасадару” (Гайсёнку. — З.П.), дзе спасылаецца на вялікага Васіля Быкава (якога лукашысцкая банда загнала на той сьвет і, спадзеючыся, відаць, што “эксэленцыя” творы Васіля Быкава, пэўна, чытала. — З.П.).
“Маю гонар быць блізкім прыяцелем Валодзі Някляева. У маім перакананьні, гэта выдатны беларускі паэт, патрыёт і грамадзянін, — піша 80-гадовы літаратар амбасадару. — Ён дачакаўся такой пары, калі яго Айчына Беларусь сталася незалежнай і суверэннай дзяржавай. Гэтай Беларусі ён служыць сваім паэтычным пакліканьнем. Гэтай Беларусі ён пажадаў служыць, уступіўшы ў спаборніцтва за пасаду найвялікшай адказнасьці перад незалежнай суверэннай Беларусяй — за прэзыдэнцкую ўладу.
Узнагарода за гэта — стаў вязьнем прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Прашу Эксэленцыю Спадара Амбасадара перадаць спадару прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку маю гарачую просьбу — вызваленьня зь няволі Ўладзімера Някляева, а таксама астатніх “актораў палітычнай драмы”, якой сталіся прэзыдэнцкія выбары 2010 года. Гэта з усіх бакоў ёсьць цалкам законным спадзяваньнем усіх прыхільнікаў незалежнай і суверэннай Рэспублікі Беларусі ў Польшчы”.
Мы шчыра ўдзячныя спадару Чэславу за ліст і добры зрух сэрца, за імкненьне дапамагчы беларусам і справе справядлівасьці.
Няхай спадара Чэслава і іншых нашых прыхільнікаў не бянтэжыць аднак тое, што мінуў месяц, і ніякага адказу з амбасады, ніякай, нават фармальнай, увагі яны ня мелі. Там проста ня ведаюць, што на такія лісты мусіць быць хаця ж бы адказ ветлівасьці. Гэта хамскі, антыбеларускі рэжым, начале якога стаіць хам з калгаснай псіхалёгіяй (нагадаю: калгас, гэта савецкая сістэма прыгоннай працы). Таму хамская палітыка, хлусьня, “тыканьне”, “пляваньне”, грубіянства сталі нормай для хамскай улады.
Але час цемры ўжо мінае. Рэжым здрыгануўся. Хам баіцца. І канец яго набліжаецца. І недалёкі той час, калі ўсе мы, беларусы, “выйдзем шчыльнымі радамі”, і залунае наш Сьцяг, і пад чыстым сьветлым небам засьпяваем песьні свабоды.
(Ніжэй зьмяшчаем копію ліста Чэслава Сэнюха.)
26 лютага 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК