“ІМ У ХУТКІМ ЧАСЕ КАНЕЦ”

Украінскі публіцыст Віталі Портнікаў аналізуе сучасныя падзеі з пазыцыі гісторыі цывілізацыі. Ён чытаў знакаміты шэдэўр мэдыевістыкі галандскага гісторыка Ёзэфа Хойзінгі “Восень сярэднявечча”, у якім вызначаны прыкметы завяршэньня вялікай эпохі паміж антычнасьцю і Новым часам. У кароткім тэксьце В. Портнікаў не прэтэндуе на ўнівэрсальнасьць аналізу, але закранае некалькі важных аспэктаў сучасных падзеяў, якія ён вызначае як набліжэньне канца эпохі постсаветызму.

Праўда, крыўдна, што аўтар забыўся сказаць хаця б некалькі словаў аб тым, як сакратары і гэбэшнікі скралі дваццаць гадоў таму народную перамогу ў народа. “Вораг заняў народную крэпасьць” – вызначыў сутнасьць гэтай драмы Зянон Пазьняк. Бо вызваленьне ад імпэрыі ўкраінцам, беларусам, тунісцам, лівійцам і іншым падарылі не эліты на нейкім сваім пленуме. За сучаснымі незалежнымі дзяржавамі – стагоддзі змаганьня за волю і незалежнасьць.

У Лівіі дажываюць свой век апошнія дзяды, якія падлеткамі змагаліся з італьянскім экспедыцыйным корпусам. Тунісцы адваявалі сваю дзяржаву ў вайне супраць французкага каланіялізму. І ў многіх вызваленых краінах фальшывыя эліты першым чынам ліквідавалі або выдалялі з грамадзкага жыцьця сапраўдных лідэраў народнага змаганьня і бацькоў незалежнасьці: Бэн Барку, Бэн Бэлу, Вячаслава Чарнавіла... Фальшывыя займалі незалежныя краіны, як свае фэадальныя вотчыны, і пачыналі кіраваць. Цяпер мы бачым трагічныя вынікі іхнага фэадальнага кіраваньня ў шэрагу постсавецкіх і арабскіх краін.

Сучасныя фэадалы сапраўды баяцца гісторыі, народнага гневу, цяжкой адказнасьці за злачынствы. Яны атачаюць сябе цемрай “прэтарыянцаў” і наёмнікаў, хаваюць свае капіталы за мяжой вотчыны, неспакойна сьпяць у сваіх бункерах. Але іхнае Сярэднявечча канчаецца. Набліжаецца Вясна Народаў, якая, апярэджваючы каляндар, ужо набірае сілу на арабскім беразе Сяродземнамор'я.

Прапануем вашай увазе артыкул Віталя Портнікава, апублікаваны ў расейскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру.


Зіма сярэднявечча

Малады чалавек, які нарадзіўся якраз напярэдадні бясслаўнага краху Савецкага Саюза, напісаў мне днямі ў адной з сацыяльных сетак: “Вы асуджаеце сталінізм, часы застою, а 20 гадоў нашай Незалежнасьці не ЗЛО??!?!?!!!!!!!!!! Паспрабуйце пажыць на 800 грыўнаў у месяц пэнсіі, і зразумееце, што для зьнішчэньня і рэпрэсіі не патрэбныя, а злачынствы Савецкага Саюза супраць свабоды і правоў грамадзянаў нікнуць у параўнаньні з “Дэмакратыяй і Незалежнасьцю” ва Украіне!”

Я, шчыра кажучы, пазайздросьціў гэтаму маладому чалавеку. Ён жыве якраз у тым вялікім украінскім прамысловым горадзе, у якім я вучыўся напярэдадні ягонага нараджэньня. Ён ня ведае, што такое пустыя паліцы крамаў, лёзунг “Пешкі хадзіць – даўжэй жыць” на трамвайных прыпынках, бязглузьдзіца сходаў. Ён проста нават і не ўяўляе сабе, што такое думаць адно, казаць другое, а рабіць трэцяе, — а менавіта гэта і было сутнасьцю савецкага існаваньня. Але ў адным ён мае рацыю: постсавецкія дзяржавы, якія зьявіліся на месцы былой камуністычнай імпэрыі, аказаліся не нашмат лепш за яе. І ня менш, а то і больш раўнадушнымі да грамадзяніна, дзеля якога ўсе гэтыя дзяржавы і існуюць.

Балазе, ці магло быць інакш? Гэтыя дзяржавы былі ўтвораны ўсё той жа камуністычнай элітай, якая ўступіла ў дзіўны блок з былымі цэхавікамі, чэкістамі і камсамольскімі актывістамі з цэнтраў навукова-тэхнічнай творчасьці моладзі. Першыя сакратары раптам станавіліся прэзыдэнтамі і бацькамі айчыны, чэкісты і камсамольскія актывісты – алігархамі, а цэхавікі перакваліфікоўваліся ў крымінальных аўтарытэтаў, пошукамі якіх безвынікова займаецца ЦРУ або ФБР (і каго знойдзеш на Рублёўцы, сьмешна).

Пры гэтым насельніцтву ўнушалася, што гэта і ёсьць дэмакратыя, гэта і ёсьць незалежнасьць, за гэта і варта было змагацца. Я адчуў прысмак пластмасы яшчэ ў самыя першыя, рамантычныя гады, калі разам з кіраўнікамі аднаго з узорна-паказальных раёнаў Узбэкістана аглядаў квітнеючы кішлак. І што яны мне казалі? “Гэта плён незалежнасьці!” А што яны, цікава, распавядалі гасьцям за год да абвяшчэньня гэтай самай незалежнасьці?

Незалежнасьць, свабоду, дэмакратыю – усё гэта нельга атрымаць паводле ўказаньня пленума ЦК, гэта трэба дасягнуць праз пакуты. І ніякія гэта не высокія словы – калі мы бачым сёньня падзеі на Блізкім Усходзе, мы цудоўна разумеем, да якіх глыбінь прыніжэньня трэба давесьці далёкіх ад палітыкі людзей, каб яны перасталі баяцца авіяцыі і кулямётаў. Можна, зразумела, думаць, што яны дзікія. Можна, зразумела, лічыць, што яны экстрэмісты. Але ніякімі сучаснымі цывізацыйнымі законамі нельга растлумачыць тое, што ў самазванцаў, якія захапілі ўладу, — або нават у абраных народам прэзыдэнтаў – аднекуль бяруцца мільярды даляраў, самалёты, верталёты, маёнткі, рахункі ў швайцарскіх банках і іншыя вабноты, якіх яны, проста кажучы, не зарабілі. А скралі.

Таму мне зразумелы той з цяжкасьцю прыхаваны перапуд, які перажывае расейская, ды і ўся постсавецкая эліта, назіраючы за падзеямі ў арабскіх краінах. Не ісламскага экстрэмізма яна баіцца, не. Яна баіцца ХХІ стагоддзя. Яна баіцца самой гісторыі. Яна пачынае разумець, што дзяржавы, заснаваныя на гэтак званай “кіруемай” дэмакратыі – або, прасьцей кажучы, на гвалтаваньні грамадзтва арганізаванай групай выпадковых асобаў, — неэфэктыўныя па вызначэньню. Яны ня могуць даць людзям магчымасьцяў рэалізавацца, не забясьпечваюць сацыяльных ліфтоў, не разьвіваюць эканоміку... І самае галоўнае – вось гэтае прыніжэьне, калі людзі пачынаюць яго заўважаць.

Вось яны і баяцца. І слушна баяцца, таму што ім у хуткім часе канец. Раней яны лічылі, што дастаткова кантраляваць некалькі тэлевізійных кнопак – і людзі да цябе пацягнуцца. Цяпер інфармацыя некуды сьцякае, у нейкі дурацкі Інтэрнэт. Яны нават і ня ведаюць, што моладзь не глядзіць іхныя тэлевізары і сьмяецца з запісаў іхных памочнікаў у фэйсбуку. Але яны адчуваюць, што з такім насельніцтвам яны не дадуць рады. А што рабіць – ня ведаюць. Бо постсавецкія кіраўнікі, на наша шчасьце, не бальшавікі. Гэта троечнікі эліты, што абрынулася. Ленін і Зіноўеў пісалі тамамі, Каменеў кіраваў акадэмічным выдавецтвам, Троцкі і Бухарын пісалі бліскучыя артыкулы пра паэзію, нават Сталін захапляўся мовазнаўствам. З гэтымі пачварамі цяжка было даць рады. А тут простыя мужчынскія інтарэсы: на лыжах там або на самалёце. Той, хто прачытае кніжку, інтэлектуал. Той, хто настрочыць графаманскі раман, геній. Як жа добра.

Зразумела, сярод іх таксама ёсьць розныя людзі. Хто пакуе чымаданы, як Бэн Алі. Нехта гатовы дамаўляцца, як Мубарак. А хто і гатовы адстрэльвацца, як Кадафі. Але ў сутнасьці перад гісторыяй усе роўныя. Сярэднявечча канчаецца.

Віталі Портнікаў

Крыніца: http://www.grani.ru/opinion/portnikov/m.186550.html

Пераклад з расейскай В. Буйвала