ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНЫХ ГАЗЭТ (22–23.02.2011)

Чалавек з зямлянкі

22 лютага 2011 г. латвійская газэта “Diena” цытавала выступ Лукашэнкі ў адной ваенна-інжынэрнай брыгадзе. Ён сказаў: “Калі сытуацыя складзецца так, што дзяржаве будзе пагражаць рэальная небясьпека, я буду вымушаны падключыць Узброеныя сілы. Слава Богу, гэтым разам у гэтым не было патрэбы”. Ён меў на ўвазе здушэньне пратэстаў апазыцыі ў Менску 19 сьнежня пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

Наш камэнтар: Замежныя СМІ, на жаль, прапусьцілі міма вушэй кур'ёзны фрагмэнт гэтага ваяўнічага выступу. Лукашэнка сказаў быў, што “калі што, мы пойдзем у зямлянкі і будзем бараніцца”. Пачуўшы гэта, мільёны беларусаў скруцілі дулю і сказалі: “У зямлянкі? Бараніць Лукашэнку з лукашызмам? Ну, гэта шыш!”

Юрка Марозаў


“У кожнага дыктатара сваё БТ...”

22 лютага 2011 г. бэльгійская газэта “Gazet van Antwerpen” напісала пра народную барацьбу ў лівійскай сталіцы Трыпалі. Маніфэстанты захапілі і падпалілі шэраг урадавых будынкаў і паліцэйскіх камісарыятаў. Яны таксама разграмілі тэлерадыёцэнтар.

Наш камэнтар: Вядома, што калі дыктатар паслаў ваенную авіяцыю бамбаваць народ у Трыпалі і іншых гарадах, афіцыйнае тэлебачаньне круглыя суткі транслявала музычныя праграмы і перадачы пра шчасьлівае жыцьцё фэлахаў. У кожнага дыктатара сваё БТ...

Алесь Хадасевіч


“Цырк са зьвярамі”

22 лютага 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што прэзыдэнт РФ Медведев звольніў намесьніка дырэктара ФСБ генэрала Вячаслава Ушакова. Афіцыйная фармулёўка: “за парушэньне службовай этыкі”. Генэрал наладзіў сябе на 60-гадовы юбілей банкет на Рублёўцы за 100 тысячаў даляраў. Адбыўся вялікі канцэрт з мноствам артыстаў і нават цырк са зьвярамі. Цьвіком забаўляльнай праграмы была сьпявачка Ала Пугачова. Але расейскія СМІ мяркуюць, што адстаўка Ушакова зьвязаная з уцечкай інфармацыі з сьледства, якое вядзе ФСБ. ФСБ абвінавачвае кіраўніцтва пракуратуры Маскоўскай вобласьці і некалькі высокапастаўленых прадстаўнікоў галоўнага ўпраўленьня МУС у “крышаваньні” нелегальных азартных гульнявых цэнтраў. Абвінавачаных пракурораў пачаў абараняць намесьнік генпракурора РФ Уладзімер Маліноўскі, які адмяніў пастанову аб узбуджэньні сьледства ў адносінах да іх. Тады сьледчы камітэт ФСБ зьвярнуўся да генпракурора РФ Ю. Чайкі і той узнавіў сьледства. У сувязі з уцечкай Медведев заявіў, што нельга ціснуць на сьледства з дапамогай СМІ. Падчас ператрусаў былі зноўдзены некія кампрамэтуючыя паперы, зьвязаныя з алігархам Беразоўскім.

Наш камэнтар: Маскоўскі гадзюшнік абласных маштабаў занепакоіў Крэмль і Лубянку. Палюбілі абласныя пракуроры азарт. Падобна, што дробныя сошкі не падзяліліся з цэнтральнымі паханамі і пачалася “разборка”. На гэтым фоне зьявіўся шанец для Медведева паказаць сябе ў ролі “справядлівага цара, які карае баяраў”. Крымінальны вадэвіль працягваецца.

Алесь Хадасевіч


“Русская демократія”

22 лютага 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Абаронцы правоў чалавека ў звароце да Дзімітрыя Медведева напісалі, што “ужываньне сярэднявечных катаваньняў у адносінах да вязьняў у арышце і калоніях набірае памеры, характэрныя для таталітарнай дзяржавы”. Яны просяць унесьці зьмены ў крымінальны кодэкс, каб паказаньні абвінавачаных, зробленыя на пачатку сьледства, былі пацьверджаны імі на судзе.

На расейскія парталы нядаўна патрапіла відэа з матэр'яламі, датычнымі гучных крымінальных справаў у Іркуцкай вобласьці. Дакумэнт мае паказаньні адвакатаў, былых вязьняў і іхных сем'яў. Сярод іншага з дакумэнтаў вынікае, што ў сьледчым арышце ў Іркуцку дзейнічала адмысловая брыгада “для біцьця”, якая зьдзеквалася з вязьняў, што чакалі прысуду. У групу вербавалі арыштантаў. “Мы валім злачынцу з ног, затыкаем рот ручніком, падключае электраток да розных частак цела”. — апавядаў адзін зь іх для СМІ.

Справа зрабілася гучнай, калі аказалася, што Іркуцкая вобласьць лідыруе ў Расеі па раскрыцьці цяжкіх злачынстваў. — Прымушэньне арыштаваных гвалтам да таго, каб яны рабілі прызнавальныя паказаньні супраць сябе, — гэта норма ў Расеі. — кажа газэце Леў Панамароў, старшыня Руху па правах чалавека, які падпісаўся пад лістом да Медведева”.

Наш камэнтар: Раз за разам на паверхню прабіваецца жудасная праўда аб тым, у што ператвараецца “русская демократія” — у гітлерска-сталінскую сярэднявечную катоўню.

Алесь Хадасевіч


Падзеі ў Лівіі

22 лютага 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” паведаміла пра падзеі ў Лівіі. Усход краіны практычна знаходзіцца ў руках паўстанцаў, да якіх далучылася нацыянальная армія. Начальнік спэцслужбаў і МУС рэжыму Юніс Убайдзі заявіў, што выходзіць са складу ўраду і далучаецца да “рэвалюцыі 17 лютага”. За мяжой выказалі падтрымку народнаму паўстаньню шэраг лівійскіх дыпламатаў. У горадзе Табруку нармалізуецца жыцьцё пад кантролем арміі і паўстанцаў.

Наш камэнтар: Вядома, што лівійская армія пачала пераходзіць цэлымі палкамі на бок паўстанцаў, калі жаўнеры і афіцэры ўбачылі, як чорныя наёмнікі дыктатуры забіваюць лівійцаў. Адпаведныя высновы з падзеяў зрабілі і лівійскія начальнікі ў спэцслужбах і дыпламатыі. Рэжым валіцца.

У кожнай дыктатуры ёсьць сваё “АДКБ”. Але зьнішчальнікі народаў ня выратуюцца янычарамі, імпартаванымі з-за мяжы. Начальнікі дыктатуры павінны ведаць, што ў гэтым выпадку нішто не выратуе іх ад народнага гневу.

Юрка Марозаў


Становішча ў Малдове

22 лютага 2011 г. румынская газэта “Adevarul” напісала, што пяць расейскіх мільярдэраў уклалі каласальныя сумы ў Рэспубліку Малдову. Яны практычна кантралююць найбольш прыбыльныя галіны эканомікі, рынак нафты, мэталургіі і будаўнічых матэр'ялаў. Імёны ўсё вядомыя: Алена Батурына, Вагіт Алікпераў, Мікалай Цвяткоў, Алішэр Усманаў. У Малдове гучаць галасы пра вялікую небясьпеку эканамічнага ціску з боку Расеі.

Наш камэнтар: Маскоўская мафійная банда захапіла ў Малдове практычна ўсё. У гэтай сувязі ня трэба зьдзіўляцца, што так учэпіста трымаецца за ўладу бальшавіцкая прамаскоўская хунта Вароніна. Нельга дапускаць маскоўскіх аль-капонэ на сваю зямлю, нават калі яны абяцаюць залатыя горы. Трэба гнаць іх з сваёй дзяржавы.

Алесь Хадасевіч


Зброя для Кадафі

23 лютага 2011 г. іспанская газэта “El Mundo” напісала пра тое, што бэльгійскія і італьянскія фірмы забясьпечвалі рэжым Кадафі зброяй. Міністар юстыцыі Лівіі Абдэль Халіль, які далучыўся да рэвалюцыі, заявіў, што Кадафі асабіста аддаў быў загад на правядзеньне тэракта ў 1988 г. Тады над шатландскім мястэчкам Локрбі выбухнула бомба ў амэрыканскім пасажырскім самалёце, загінулі 270 чалавек. Газэта публікуе здымкі апошніх падзеяў: паўстанцы займаюць захопленыя танкі і ракетныя ўстаноўкі. Усходняя частка Лівіі знаходзіцца пад кантролем паўстанцаў. Там новыя ўлады наладжваюць нармалізацыю жыцьця. Калёны паўстанцаў штодня прасоўваюцца на захад, вызваляючы краіну ад дыктатуры.

Наш камэнтар: Яшчэ адна важная лекцыя рэвалюцыі: мужчыны, якія маюць ваенную падрыхтоўку, павінны завалодваць зброяй і ваеннай тэхнікай, каб вызваляць краіну.

Адкрылася таямніца лагодных адносінаў рэжыму Кадафі і краінаў Эўразьвязу. Йшлося ня толькі пра нафту, але і пра горы сучаснай зброі, якой крывадушны Захад забясьпечваў дзікую дыктатуру.

Алесь Хадасевіч


Пратэсты ў Грэцыі

23 лютага 2011 г. французкая газэта “Le Figaro” паведаміла пра агульнанацыянальны страйк у Грэцыі. Людзі пратэстуюць супраць палітыкі эканоміі за кошт працоўных. У Афінах паліцыя заатакавала і пачала зьбіваць дэманстрацыю. Людзі былі гатовыя да абароны і закідалі паліцэйскіх “кактэйлямі Молатава”. На здымках у газэце панічна бегаюць паліцэйскія, на якіх палае спэцвопратка.

Наш камэнтар: Грэцкія працоўныя добра падрыхтаваліся да пратэстаў. Дзяржыморды меркавалі ў чарговы раз беспакарана пабіць людзей ды ня выйшла.

Алесь Хадасевіч


“Яны займаюцца самападманам”

23 лютага 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” паведаміла, што італьянскі прэм'ер Бэрлусконі вельмі апасаецца разьвіцьця падзеяў у Лівіі. Яго ўразілі ваяўнічыя заявы Кадафі ў адрас Італіі. Бэрлусконі некалькі разоў ужо перамаўляўся з Кадафі па тэлефоне, але ўсяроўна баіцца. Прэм'ер сказаў: “Мы павінны быць асьцярожнымі з Кадафі, ён — шаленец. Аднойчы ён ужо стрэліў ракетай па нас. Дзе гарантыі, што ня стрэліць яшчэ раз?”

Наш камэнтар: Беларускія патрыёты на працягу гадоў папярэджваюць Захад пра небясьпеку мясцовага шаленца, які мае расейскія ракеты (да таго ж, ім кіруюць супершаленцы ў Крамлі). Гэта асабліва небясьпечна для суседніх краінаў, якія значна бліжэй да шаленцаў, чым Італія да Лівіі. Але суседнія істэблішмэнты зусім нядаўна раскланьваліся з дыктатарам, хвалілі яго “за лібэралізм”, потым пачалі зноў прымаць у сябе як герояў прадстаўнікоў прамаскоўскай псэўдаапазыцыі. Яны “не заўважаюць” сапраўдных падзеяў у беларускай драме, забясьпечваюць грантамі падстаўных мілінкевічаў-вінцучкоў. Яны ў прынцыпе займаюцца самападманам і дэзарыентуюць свае грамадзтвы. Згаданым істэблішмэнтам здаецца, што яны трымаюць сытуацыю пад кантролем. Бэрлусконі таксама гэтак здавалася, цяпер ён шалёных ракетаў баіцца. А так хораша ўсё йшло перад выбухам народнага гневу. ..

Юрка Марозаў


Прэч з Эўразьвязам!

23 лютага 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” пісала пра візіт у Прагу прэзыдэнта Эўразьвязу Ван Рампэя. Візіцёра сустрэлі дзесяткі дэманстрантаў з плакатамі, якія пратэставалі супраць увядзеньня эўра і супраць далейшай эўрапейскай інтэграцыі. Малады славак Даніэль Брвнішцян публічна спаліў сіні сьцяг Эўразьвязу. Ён сказаў журналістам: “Эўразьвяз — гэта новы Савецкі саюз. Я ня жыў ані пры Савецкім саюзе, ані пры камунізме, але спадзяюся, што пры гэтым і ня буду жыць, нягледзячы на Эўразьвяз”. Дэманстрант сказаў, што не належыць ні да якой партыі і пратэстуе супраць палітыкі Эўразьвязу: “разьмеркаваньня, абкладаньня падаткамі і ўмяшальніцтва ў кожны аспэкт чалавечага жыцьця і дзейнасьці”.

Наш камэнтар: Як бачым брусэльская эўрабалбатня пра “правы чалавека” і “усё пад кантролем” не затлуміла галовы моладзі, якая ня хоча ў “новы савецкі саюз”.

Юрка Марозаў