“ДНО РЭЖЫМУ АБО ДНО РАСЕІ?”
Расейскі аналітык з Амэрыкі Андрэй Піянткоўскі апошнімі днямі выдае тэкст за тэкстам, прысьвечаныя набліжэньню катастрофы ў расейскай імпэрыі. Гэтым разам ён выкарыстоўвае рэмінісцэнцыю з Гогаля (“Русь-тройка”) і сымвалічнае імя чыгуначнай станцыі на Пскоўшчыне (Дно), дзе Мікалай ІІ Раманаў падпісаў сваё адрачэньне ад трона ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.
Але складваецца ўражаньне, што больш актуальнымі былі б вобразныя параўнаньні з творчасьці і гісторыі арабскіх народаў. На нашых вачах валяцца (грунтоўна прамаскоўскія) рэжымы, якія існавалі доўгімі дзесяцігоддзямі і, здавалася, павінны былі і надалей беспакарана абрабоўваць і эксплуатаваць навечна скораныя нацыі. Злачыннай мафійна-кланавай уладзе настае канец, і людзі патрабуюць справядлівасьці, пакараньня злачынцаў-мафіёзаў, людзі наладжваюць нармальнае жыцьцё на сваёй зямлі. Паліцэйска-гэбоўская “стабільнасьць” антыарабскіх рэжымаў аказалася картачным домікам.
Гэта заўважылі і ў Маскве, на Лубянцы і ў Крамлі. Замітусіліся, пачалі галёкаць: “Бунт! Трэба не дапусьціць дэстабілізацыі арабскага Усходу! Што яны робяць!” Гэта заўважылі і тыя, хто назірае за сытуацыяй у Расеі і аналізуе яе. Аналітыкі ўбачылі шмат агульнага ў тым, што адбываецца ў двух, здавалася б, такіх розных рэгіёнах сьвету. Яны вызначаюць агульнасьць тэндэнцый, накірункаў разьвіцьця падзей і лагічных фіналаў гэтага разьвіцьця.
Трывожыць аналітыкаў толькі адно: чэкісты “не здаюцца”, не падпісваюць адрачэньняў. Яны, калі што, то лепш “згараць на рабоце”. Таму лагічным фіналам будзе агульнае дно і для іхнага рэжыму і для іхнай імпэрыі.
Публікуем артыкул Андрэя Піянткоўскага з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.
Дно
Картачны домік пуцінскай “стабільнасьці” развальваецца на вачах. Паглядзіце на паводзіны дзьвюх крыніцаў, дзьвюх складовых частак пуцінізму.
Вышэйшыя сілавікі дзяржавы, нашы “новыя дваране”, дзелавіта падвешваюць у прамым эфіры тушы адзін аднаго на свае чэкісцкія гакі. (...)
І гэтыя людзі дванаццаць гадоў таму прышлі ва ўладу пад акампанемэнт выбухаў дамоў у Маскве і сваіх “вучэньняў” у Разані, каб абараняць нас ад тэрарыстаў.
Яны прайгралі вайну на Паўночным Каўказе і цяпер выплочваюць вялізную даніну мясцовым царкам, дазваляючы ім усё і называючы гэта “коштам міру”.
Міру, таму што тэрарысты чамусьці яшчэ аніразу не падрывалі іхныя казіно або іхныя палацы на Рублёўцы.
Міністар фінансаў і апостал “лібэральных рэформаў” падвёў, нарэшце, вынікі слаўнага дваццацігоддзя:
“Улада і бізнэс (што ў нас адно і тое ж) жывуць па паняцьцях, усе пытаньні вырашаюцца ў кабінэтах чыноўнікаў, краіна ня можа саскачыць з нафтавай іголкі, бюджэт трашчыць па швах, нягледзячы на рост нафтавых цэнаў”.
Але калі гэта ўсё так, то чаму ж тады ні сам Кудрын, ні Чубайс, ні Кох, ні юнае дараваньне Дварковіч да гэтай пары не застрэліліся як чэсныя рускія афіцэры? Гэта ж яны і да іх падобныя дваццаць гадоў праводзілі і праводзяць гэтыя самыя рэформы.
Наадварот, і сёньня сарамлівы Альхэн Леанідавіч, які крышуе банчок “КІТ-фінанс”, заканчвае сваё краснакаменскае (даруйце, пакуль яшчэ краснаярскае) прызнаньне-пакаяньне заклікам да новых “непапулярных рэформаў”.
“Непапулярныя рэформы” — гэта іхны эўфэмізм для канчатковага скідваньня ўсіх сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы: падвышэньне пэнсійнага ўзросту, адмена стыпэндыяў студэнтам, ліквідацыя парэшткаў даступнай мэдыцыны і бясплатнай адукацыі, падвышэньне коштаў на жыльлё з высяленьнем неплацельшчыкаў у сацыяльныя гета і г.д.
Мабыць, сапраўды для выратаваньня айчыны і шчасьця будучых пакаленьняў нам у наступны раз за апошнія сто гадоў трэба зноў ахвяравацца сёньняшнімі людзішкамі.
Але як усё ж так атрымалася, што дваццаць гадоў яны вадзілі нас (для нашай жа карысьці, зразумела) праз пустыню “непапулярных рэформаў” і прывялі краіну, як цяпер высьвятляецца ў ...(лаянка), гэтыя Майсеі ...(лаянка), што жывуць па паняцьцях, самы апынуліся ўсе да аднаго даляравымі мільярдэрамі і мультымільянэрамі? Для тых наверсе і іхнай ідэалагічнай чэлядзі рэформы і іх вынікі былі яшчэ як папулярныя.
Эканоміка Расеі не разьвіваецца не таму, што яшчэ ня ўсе пэнсінеры паздыхалі, а некаторыя студэнты яшчэ ганебна атрымліваюць стыпэндыю. І нават не таму, што для “нацыянальнага лідэра” пабудавана 26 палацаў, а капіталізацыя толькі чатырох самых вядомых абшчакоў, утвораных ім асабіста і бессаромна на вачах усяе краіны, — Абрамовіча, Цімчанкі, Кавальчукоў і Ратэнбэргаў — складае дзесяткі мільярдаў даляраў.
Яна не разьвіваецца таму, што ня можа быць ніякіх творчых імпульсаў у мёртвым асяроддзі, утвораным рэфарматарамі, дзе ўся вэртыкаль ад нацлідэра да ўчастковага паліцая набрыняла злодзейскімі абшчакамі, якія заткнулі ўсе сацыяльныя ліфты, і дзе маёмасьць абумоўлена лаяльнасьцю фэадальнаму сюзэрэну.
Спыніце дваццацігадовую фальшывую дэмагогію аб непапулярных рэформах, што прыкрывае вашы ўжо зьдзейсьненыя і яшчэ будучыя правалы і злачынствы. Эканоміцы патрэбныя першачарговыя звышпапулярныя, элемэнтарныя гігіенічныя рэформы, якім наканаваная ўсенародная падтрымка: падзел паміж грашыма і ўладай, расфармаваньне злачынных абшчакоў, спыненьне сілавога і судовага рэйдэрства, сыход са сцэны (пажадана цяпер жа і дабраахвотна, пакуль яшчэ не позна, на злодзейскім параходзе) палітычнага клясу, які за дваццаць гадоў цалкам сябе дэскрыдытаваў, пачынаючы з двух блазнаў, якія бесперапынна скачуць у тэлескрынях, раўніва зьмяняючы адзін аднаго.
Бывалі ў Расеі часы больш страшныя. Але не было яшчэ ўлады такой дробнай, нікчэмнай, пошлай і сквапнай. Цярпець яе, тым больш, супрацоўнічаць зь ёю, спрабаваць ўпісвацца ў яе структуры — значыць жыць у сталай нацыянальнай ганьбе. Мы ўжо не заўважаем, да чаго мы прызвычаяліся як да абавязковага і да чаго ні ў якім выпадку нельга прызвычайвацца.
Да таго, што дзьве пачвары могуць дазволіць сабе самазадаволена разважаць, як яны сядуць побач на лаве і вырашаць, якім чынам яны будуць нас непапулярна мець яшчэ 12, 18, 24 гады. Да таго ж, прыкрамлённая спэцбародка трыюмфальна зьдзекваецца штодня з рускага народу, арганічна няздольнага і недастойнага, як ёй высокім загадам даверана даказваць, мець лепшую ўладу.
Які доўгі марозны люты. І нікуды ўжо не імчыцца загнаная Русь-тройка. І абганяюць яе іншыя народы і дзяржавы. Мы зь ёю зноў на станцыі Дно. Дно рэжыму або дно Расеі? Не дае адказу...
Андрэй Піянткоўскі
Пераклад з расейскай В. Буйвала