НАША СПРАВА. ЗАЎВАГІ НА ПРЫКЛАДАХ
Галоўны лёзунг, які акрэсьлівае цяпер сутнасьць моманту, які паказвае напрамак і неабходны крок для выратаваньня краіны, гучыць так: “Беларусь — без Лукашэнкі”. (Гэта, так бы мовячы, тлумачальная форма традыцыйнага “Лукашэнка прэч!”) Мэханізм, які можна ўрухоміць для дасягненьня мэты — гэта новыя выбары без удзелу ўзурпатара.
Трэба разумець, што ніякія міжнародныя санкцыі (ні палітычныя, ні эканамічныя) не ліквідуюць дыктатарскі рэжым, тым больш такі рэжым, які паставіла ў Беларусі і які ўтрымлівае Расея. Набор чыньнікаў, якія зьнішчаюць дыктатуру, абмежаваны — гэта вайна, тэракт, пераварот, рэвалюцыя, арышт. Першыя тры адпадаюць як нерэальныя і непрыймальныя. Арышт магчымы пры радыкальным умяшаньні міжнародных арганізацыяў, калі палітыка вынішчэньня нацыі і грамадзянскай супольнасьці, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі ў Беларусі, будзе адэкватна разгледжана як генацыд. Пра гэты шлях намі ўжо заяўлена. Веданьне такой дарогі да пераменаў важнае для нас самых (і ад нас залежыць яе працяг). Захад праяўляць ініцыятывы ня будзе.
Больш таго, у становішчы пасіўнасьці беларускага нацыянальнага грамадзтва і малой волі да барацьбы Эўропа зноў вернецца да згодніцтва з рэжымам. Эўропа будзе рабіць сваю палітыку, а ня нашу.
Эвалюцыя ўжо пачалася. Патрабаваньне, якое адразу пасьля 19-га сьнежня выставіў Захад, гучэла так: вызваліць з турмы ўсіх схопленых і арыштаваных у Беларусі і спыніць супраць іх усе судовыя справы і перасьледы. Пад гэтую формулу былі зацьверджаныя санкцыі на 158 неўязных асобаў і фармуляваліся далейшыя пагрозы рэжыму.
17-га лютага рэжым кінуў пробны шар — асудзіў на чатыры гады строгага зьняволеньня ўдзельніка Плошчы і нападу на ўваход у Дом Ураду В. Парфянкова (падазраваны як правакатар). Эўразьвяз імгненна прыняў шар. 18-га лютага выступіла Высокая прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу па замежных справах і палітыцы бясьпекі, Віцэ-старшыня Эўрапейскай Камісіі Кэтрын Эштан і зрабіла наступную заяву: “Эўразьвяз працягвае ўважліва сачыць за пасьлявыбарчай сытуацыяй у Беларусі, у тым ліку за судамі, што маюць адбыцца, і будзе надалей рабіць высілкі для вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх зьняволеных па палітычных матывах.
Больш за тое, я настойліва заклікаю беларускія ўлады забясьпечыць справядлівы і адкрыты суд ўсіх асоб, абвінавачаных за іх ролю ў прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня 2010 году, у тым ліку за ўдзел у пасьлявыбарчых дэманстрацыях”.
На гэтае “больш за тое” тут жа адклікнуўся рэжым Лукашэнкі і ў той жа дзень “пракамэнтаваў” заяву Высокага прадстаўніка такім чынам: “Меру адказнасьці кожнага з абвінавачаных за беспарадкі ў Менску вечарам 19 сьнежня будзе вызначаць толькі суд”, — заявіў прэс-сакратар МЗС антыбеларускага рэжыму А. Савіных. “Падкрэсьліваем, — сказана далей, — што судовы працэс быў адкрытым і праходзіў у прысутнасьці вялікай колькасьці журналістаў і прадстаўнікоў грамадзкасьці”.
Камэнтары тут непатрэбныя — хлёсткая аплявуха Эўразьвязу і павучаньне, як сябе павінны паводзіць сапраўдныя дэмакраты.
Новы заклік Эўропы да палачнага рэжыму (“забясьпечыць справядлівы і адкрыты суд”) пачуты і ўспрыняты. Суд будзе забясьпечаны “справядлівы і адкрыты”, ня горш, чым пры Вышынскім.
Магчыма, тыя беларусы, якія пасьля 19-га сьнежня толькі што прачнуліся да палітыкі, будуць, як цяпер кажуць, у шоку ад традыцыйнага эўрапейскага філісьцерства. Але, па вялікаму кошту, Эўропа тут нікога не зьдзівіла. Яна заўсёды была такой. За беларусаў ніхто беларускую справу рабіць ня будзе. Кожны робіць сваё. Лучацца моцныя.
Цяпер пра рэвалюцыю. Хто яшчэ няглыбака думаў, мусіў бы цяпер зразумець, што немагчымыя ніякія выбары без Лукашэнкі пры рэжыме Лукашэнкі. РУХ “За новыя выбары без Лукашэнкі” — гэта наша дарога да рэвалюцыі. І той, хто хоча волі і свабоды Бацькаўшчыны і сьветлай будучыні для Беларусі — ступае на гэты шлях. Па ім трэба ісьці.
Тут добры пачатак, які ўжо расьце. Усё хораша прадумана. Суполкі Руху можна ствараць усюды, нават у “вертыкалі” узурпатара (калі там знойдуцца дэсідэнты). Выявіць суполкі варожым сілам практычна немагчыма, пакуль арганізацыі ня злучацца ў масавую сілу, а ўжо тады — хто каго. І будуць выбары — без Лукашэнкі. (Пра РУХ можна пачытаць тут: http://www.bel-ruh.org/)
Рух разьлічаны не на скампрамэтаваную “апазыцыю”, а на сьвежых людзей, на ўсё грамадзтва. Тыя, што супрацоўнічалі з рэжымам, падтрымлівалі ўсе яго фальшывыя выбары ды рэфэрэндумы і завялі людзей у пастку правакацыі 19-га сьнежня, тыя ў Рух ня пойдуць, а калі б каторыя і пайшлі, то ад іх была б толькі шкода.
Дзеяньні, якія адбываюцца ў палітыцы вакол нас і на Ўсходзе, і на Захадзе, заўсёды сьведчаць беларусам гучна і адкрыта: станьце самы сабой, любеце сваё, станьце культурнай салідарнай нацыяй, змагайцеся за сваю культуру, мову, школу, гісторыю, зямлю і свабоду! Не жыве народ жыватом, але духам, ня цемрай, а сьвятлом, не разьвіваюцца людзі ў рабстве, а толькі ў свабодзе, якую самы сабе здабылі, бо хацелі.
19 лютага 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК
Заўвага аўтара: Пры развагах просьба не карыстацца тэкстам зьмешчаным на “навінах.бай” (http://www.naviny.by/rubrics/opinion/2011/02/22/ic_articles_410_172558/). Там зроблены купюры, якія прынцыпова скажаюць зьмест. — (З. П.).