ПСЭЎДАПАРТЫЯ

Мы прапануем вашай увазе невялікі відэасюжэт, зроблены журналістамі БелАПАН. http://by.belapan.com/archive/2011/02/12/by_media_bnf_soim/ Падзея адбываецца ў памяшканьні на вул. Машэрава, 8 (некалі — Варвашэні, 8) у Менску. Засядае “сойм” групоўкі, якую антыбеларускі рэжым зарэгістраваў пад назовам “Партыя БНФ”. Зарэгістраваў у парушэньне закону, бо існавала зарэгістраваная тады і існуе цяпер палітычная арганізацыя, якая мае наступны афіцыйны назоў — Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ (кароткі назоў — Партыя БНФ). Тадышні старшыня той псэўдапартыі В. Вячорка нават падзякваў Ганса-Георга Віка за “дапамогу, аказаную пры рэгістрацыі”. Як бачым, Гансу Віку было вельмі важна, каб была зарэгістравана яшчэ адна партыя пад тым жа назовам. Але да рэгістрацыі псэўдапартыі быў яшчэ раскол Беларускага Народнага Фронту ў 1999 годзе і захоп “прагматыкамі” начале з В. Вячоркам, Ю. Хадыкам, В. Сіўчыкам і іншымі памяшканьня Управы БНФ на вул. Варвашэні, 8. Прагматыкі заявілі, што нацыянальная ідэя зжыла сябе і трэба злучацца з АГП (Ю. Хадыка). У гэтым накірунку яны і дзейнічалі ўсе апошнія гады. Злучаліся з кім папала, нават з камуністамі. Пару гадоў таму, як вядома, яшчэ больш прагматычныя адсунулі ад кіраўніцтва старых “прагматыкаў” і начале псэўда-БНФ стаў А. Янукевіч.

Вось з гэтага апошняга пэрыяду і зроблены відэаздымкі на паседжаньні іхнага “сойму”. Доўга ня трэба камэнтаваць, што адбываецца, усё і так зразумела. “Ребятам скучно”, яны ледзь вытрымліваюць, адбываючы сваю ролю масоўкі. Яны гуляюцца ў свае мабільнікі, ня слухаюць выступоўцаў і ніякім чынам ня ўдзельнічаюць у падзеях. Гэта ёсьць статысты нейкай нуднай і чужой гульні.

Выразна бачна, у што ператварылі “прагматыкі” сваю палітычную групоўку, і да чаго прывяла іхная палітыка падпарадкаваньня групоўкі Віку, АГП, бальшавіку тав. Калякіну і г.д.

Янка Базыль