УЛАДЗІМЕРА НЯКЛЯЕВА ПРАПАНУЮЦЬ НА НОБЕЛЕЎСКУЮ ПРЭМІЮ ПА ЛІТАРАТУРЫ
Беларуская культура, беларускае Слова, духоўная моц ва ўсе часы былі апірышчам існаваньня нашага народу. Ня толькі пакаленьні нашых людзей баранілі родную мову і культуру ад вынішчэньня і паняверкі, але і беларушчына, творчыя каштоўнасьці былі гарантам вечнага жыцьця беларусаў. Не выпадкова акупанты і зьнішчальнікі так ненавідзелі і ненавідзяць ўсе праявы нашага духоўнага, нацыянальнага жыцьця, так імкнуліся і імкнуцца растаптаць усё сьвятое на нашай зямлі і навязаць нам чужынскі сурагат. Змаганьне за Беларусь працягваецца ва ўсіх сфэрах.
Таленавітая паэзія ня мае патрэбы ў гучных прэміях і стылізаваных лаўровых вянках з золата. Сапраўдная паэзія і бяз гэтага знойдзе народнае прызнаньне і любоў, што ёсьць найвышэйшай узнагародай для творцы. Але для нас, — беларусаў, — вельмі важна, каб у шырокім сьвеце загучала беларускае паэтычнае Слова, каб людзі ў розных краінах спыталіся: а што за край, што за душа нараджаюць гэтыя вобразы і фарбы? Важна, каб народы адчулі, даведаліся, што Беларусь жывая і будзе жыць. Каб імя нашай краіны асацыявалася ня толькі з “апошняй дыктатурай Эўропы” і Чарнобыльскай бядой.
17 лютага па прапанове паэта Генадзя Бураўкіна Беларускі ПЭН-цэнтар прыняў рашэньне вылучыць Уладзімера Някляева на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры. Гэтая намінацыя ўжо знайшла станоўчы водгук у беларускім грамадзтве.
Азьвярэлая паліцэйшчына-гэбоўшчына зрабіла спробу забіць Паэта ўвечары 19 сьнежня сёлета. Гэты напад быў сігналам для рэпрэсіўных структураў антынароднага рэжыму распачаць шырокамаштабную крывавую кампанію здушэньня мірнага народнага пратэсту. Усе ведаюць цяпер, што Уладзімер Някляеў быў цяжка паранены менавіта тады, калі ішоў на плошчу Кастуся Каліноўскага, каб заклікаць тысячы людзей да разумных, мірных дзеяньняў, да арганізацыі Руху за новыя выбары без Лукашэнкі. Праліўшы першую кроў, рэжым не дапусьціў цывілізаванага разьвіцьця падзеяў і праз сваіх правакатараў павёў людзей у пастку да Дому Ураду.
Пасьля зьняволеньня ў гэбоўскай турме Паэт знаходзіцца пад хатнім арыштам, што ва ўмовах лукашызма ёсьць працягам зьдзеку над чалавекам. Рэжым спрабуе высунуць супраць яго абсурдныя і беспадстаўныя абвінавачваньні і арганізаваць дзікае судзілішча над ім. Трэба, каб імя беларускага Паэта гучала ў сьвеце, каб людзі добрай волі паспрыялі выратаваньню і вызваленьню яго і ўсіх, хто пацярпеў і церпіць ад рэпрэсіяў антынароднага рэжыму. Нобэлеўская прэмія была б няхай сабе і фармальным, але станоўчым знакам прызнаньня беларускага таленту і нашай нацыянальнай культуры.
Алесь Хадасевіч