“КАБ ЖЫЦЬ ПА ПРАЎДЗЕ”
БТ — акупанцкі “русскоязычный” тэлеканал антыбеларускага рэжыму — паведаміў 17 лютага, цытуем: “Правительство приняло решение провести юбилейные мероприятия к 120-летию со дня рождения классика белорусской литературы Максима Богдановича, которое будет отмечаться 9 декабря этого года”. “Правітельство” паабяцала паставіць адзін помнік паэту, арганізаваць сустрэчы “с белорусскімі літераторамі”, выдаць энцыклапэдыю “М. Богдановіча”.
Хамская, нелегітымная ўлада будзе з грэблівай усьмешачкай паказваць грамадзтву, як яна “чітает стіхі Васілія Быкова” (гэты выверт “шклоўскага ідала” стаў ужо дэвізам антыбеларускага блюзьнерства хунты). Ненавісьнікі ўсяго сьвятога і нацыянальнага мабілізуюць сваю кліентуру, кшталту згаданага БТ, і будуць удаваць сьвятошаў і нават “прыхільнікаў роднага слова”. У шчырасьць іх ніхто ня верыць. Яшчэ паглядзім як палачны рэжым праявіць сябе супраць культурных ініцыятываў людзей у час юбілею.
Беларускае грамадзтва, безумоўна, рыхтуецца да юбілейных сьвяткаваньняў. Але ў культуры ёсьць свой закон гігіены: не злучацца з цемрай і тады захаваеш здароўе. Трэба незалежна ад рэжыму годна і ў адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі традыцыямі адзначыць 120-годдзе з дня нараджэньня вялікага песьняра.
Пачуем ягоныя словы, каб жыць па праўдзе:
Досі ўжо, браты, чужынцам мы служылі,
Досі ўжо пашаны ім прыдбалі;
Не сваю — чужую долю баранілі,
Пад чужымі сьцягамі ўміралі.
(1917 г.)
Янка Базыль