ЗАМЕЖНЫ ДРУК (17.02.2011)

Лівія прачынаецца?

17 лютага 2011 г. партугальская газэта “Diario de Notisias” напісала, што ў Лівіі людзі пачалі кампанію пратэсту супраць дыктатуры Кадафі пад дэвізам “Дні гневу”. Лівійцы імкнуцца мірнымі пратэстамі зьмяніць уладу ў краіне, якая існуе ўжо больш за 40 гадоў і вызначылася карупцыяй і кумаўством. Афіцыйныя колы пагражаюць рэпрэсіямі. Людзі патрабуюць вызваленьня маніфэстантаў, арыштаваных падчас папярэдніх акцый.

Наш камэнтар: Кадафі — гэта афрыканскі Лукашэнка (пры ўсёй розьніцы маштабаў і стылю). Дыктатура давяла багатую натуральнымі рэсурсамі і культурнай спадчынай краіну да таго, што Лівія зрабілася страшылкай для народаў. І заходнія заляцанкі з дыктатарам Кадафі вельмі ж падобныя на рытуальныя танцы вакол антыбеларускага начальніка (не выпадкова абодва дыктатары ня раз дэманстравалі ўзаемную любоў і дружбу). Вось ужо і лівійскі народ адымаецца на вызваленьне радзімы ад цемры.

Алесь Хадасевіч


Плянуюць іслам

17 лютага 2011 г. іспанская газэта “АВС” напісала: “Іслам будзе ключавой тэмай наступных прэзыдэнцкіх выбараў”, — сьцьвярджае адзін дэпутат-кансэрватар, распавядаючы пра працоўнае сьнеданьне з прэзыдэнтам Нікаля Сарказі, які вырашыў “вызначыць правілы” мусульманскага культу ў Францыі”. Прэзыдэнцкая партыя Хаўрус за Народны Рух распрацоўвае схему правілаў для мясцовых мусульманаў: дзе і як ім можна маліцца, заклікаць на малітву на вуліцах, дзе зьбірацца, пра зьмест казаньняў імамаў і г.д.

Наш камэнтар: Вось дажылася ганарлівая Францыя (“заканадаўца моды” і г.д.). Іслам зрабіўся ключавым пытаньнем дзяржаўнага жыцьця! Эўропа плянуе ратавацца ад чужога, замежнага, якое пачало дамінаваць у краіне эўрапейскай і хрысьціянскай традыцыі.

Алесь Хадасевіч


Бяз улады ў кому

17 лютага 2011 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла, што вытураны з Туніса былы прэзыдэнт краіны Бэн Алі перажыў інсульт і знаходзіцца ў коме. Бэн Алі знайшоў прытулак у Савудаўскай Аравіі.

Наш камэнтар: Мубарак у коме, Бэн Алі тамака ж... Эпідэмія напала на дыктатараў, што катавалі і абрабоўвалі свае народы. Падобна, што яны зьбіраліся катаваць і рабаваць вечна. Як сарвалося, дык у кому. Гэта ёсьць папярджаньне для ўсіх самаўпэўненых зьнішчальнікаў народаў.

Алесь Хадасевіч


Бэльгійскі балаган

17 лютага 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” паведаміла, што Бэльгія ўжо 249 дзен ня мае ўраду з прычыны нязгоды паміж валонскімі і фламандскімі партыямі. Мясцовыя СМІ паведамляюць з іроніяй: “Урэшце мы чэмпіёны сьвету!” Сапраўды, Бэльгія пабіла сусьветны рэкорд, які да гэтага трымаў Ірак.

Наш камэнтар: Многія называюць гэты бэльгійскі балаган сымвалам (таксама брусэльскага) балагану ў Эўразьвязе.

Алесь Хадасевіч


Будуюць палацы

17 лютага 2011 г. нямецкая газэта “Die Welt” напісала пра гіганцкі палац у італьянскім стылі ў раёне Сочы, які быў нядаўна пабудаваны для прэм'ера Расеі Пуціна. На будаўніцтва выдаткаваны таксама грошы з дзяржбюджэту. Прадпрыймальнік Сяргей Калесьнікаў, які ўдзельнічаў у будоўлі, паведаміў пра гэта прэзыдэнту Медведеву яшчэ ў сьнежні летась. Прадстаўнік Крамля Уладзімер Кошын абверг гэтую інфармацыю, сказаўшы, што “на гэтым месцы не плянуецца ніякога праекту”. Але вядома, што пабудаваныя таксама пад'яздная дарога да палаца і верталётная пляцоўка. Паводле Калесьнікава, палацавы комплекс пабудавала падстаўная фірма, шчыльна зьвязаная з Пуціным.

Наш камэнтар: Гэбоўская ўлада гніе, гэта зразумела. Але адбываецца і ўнутраная барацьба за ўладу паміж двума кланамі. Цяжка паверыць, што прадпрыймальнік Калесьнікаў — банальны “скандаліст-інфарматар”, нязгодны з раскраданьнем народных грошай. Відавочна, што інфармуючы Медведева, ён рабіў важную справу для падвышэньня публічнага аўтарытэту гэтага клана і адпаведна зьніжаў аўтарытэт клана пуцінскіх.

Юрка Марозаў


“Вся жизнь игра”

17 лютага 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў сказаў у інтэрв'ю для апазыцыйнай “Новой газеты”, што палітычнае жыцьцё ў Расеі ўсё больш становіцца “імітацыяй”, а праз 20 гадоў пасьля распачатай ім перабудовы яму сорамна за сваю краіну”.

Наш камэнтар: Гарбачоў забыўся дадаць, што ён асабіста і ягоная КПСС вельмі спрычыніліся да ўсталяваньня ў Расеі сістэмы гэбізму. А таксама, што гэбоўскія хітрыкі з палітычнай імітацыяй былі спачатку лабараторна апрабаваныя ў Беларусі на мясцовай вікаўскай псэўдаапазыцыі.

Юрка Марозаў


Узнагароды татарам

17 лютага 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла, што прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі з нагоды 85-годдзя Мусульманскага Рэлігійнага Зьвязу ў Польшчы ўзнагародзіў пяцёра заслужаных асобаў мусульманскай абшчыны ў Польшчы. Сярод іх 100-гадовага Стэфана Ясіньскага і старшыню Зьвязу муфція Тамаша Міськевіча.

Наш камэнтар: Заслужаныя ўзнагароды для патрыётаў Польшчы — крымска-татарскіх дзеячоў. Беларускія татары таксама маюць вельмі заслужаных людзей. У вызваленай ад дыктатуры Беларусі будзе высока ацэнены ўклад нашых татараў у беларускую культуру.

Алесь Хадасевіч