АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (15–16.02.2011)

Заблыталіся ў “правах чалавека”

15 лютага 2011 г. славацкая газэта “Katolicke Noviny” паведаміла, што ў пакістанскім горадзе Лахоры 30 студзеня 40-тысячны натоўп паліў партрэты Папы Рымскага і патрабаваў пакараньня сьмерцю мясцовай хрысьціяніна Асіі Бібія, абвінавачанага ў блюзьнерстве з іслама (пакістанскія хрысьціяне абвяргаюць абвінавачваньні, высунутыя супраць гэтага чалавека). А ўчора міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу не дасягнулі згоды па пытаньню прыняцьця звароту аб перасьледзе хрысьціянаў у сьвеце. Яны палічылі, што тэкст звароту надта агульны і ня ўтрымлівае слова “хрысьціяне”.

Наш камэнтар: Бліскуча працуюць у Брусэлі! У мусульманскіх краінах зьнішчаюць хрысьціянаў, а ў тэксьце Эўразьвязу нібыта ў абарону хрысьціянаў нават не згаданыя хрысьціяне, за якіх нібыта хоча ўступіцца Эўразьвяз. Яны ўжо заблыталіся ў фальшу і хлусьні, ніяк ня могуць вылезьці з сваіх рамак “правоў чалавека”. А хто абароніць хрысьціян у сьвеце?

Юрка Марозаў


Гэтыя прабачэньня не папросяць

15 лютага 2011 г. дацкая газэта “Politiken” паведаміла, што журналісты рэжымных СМІ ў Эгіпце змагаюцца за тое, каб вярнуць давер людзей. Яны публічна прызнаюцца, што па загаду кіраўніцтва пісалі пра “цішыню і спакой, калі ўсё вакол віравала”. Журналісты кажуць, што цяпер вельмі перажываюць, бо казалі няпраўду народу. Яны патрабуюць рэформаў у СМІ і выдаленьня з рэдакцыяў кіраўнікоў прызначаных туды пры Мубараку.

Наш камэнтар: Паглядзіш, як нахабна і самаўпэўнена паводзяць сябе спэцы з афіцыйных і псэўдааапазыцыйных СМІ, дык ня верыцца, што яны здольныя прасіць прабачэньня ў народу за гады падману і дэзарыентацыі. Пасьля падзеньня антыбеларускага рэжыму ўсіх гэтых “спэцоў” спаткае вельмі грунтоўны працэс люстрацыі.

Алесь Хадасевіч


Тлумяць галаву

16 лютага 2011 г. чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала, што “часткі расейскага міністэрства ўнутраных справаў запярэчылі інфармацыю аб тым, што тэрарыст з маскоўскага аэрапорту Дамадзедава быў кароткі час іх службоўцам”. І далей паўтараецца пра інгушскага маладзёна, які падарваўся ў Дамадзедаве.

Наш камэнтар: Заўчора забіты тэрарыст быў службоўцам МУС РФ, сёньня ужо ня быў. Спачатку з Масквы паведамлялі ў сьвет, што тэрарыстам быў чалавек славянскай зьнешнасьці. Праз некалькі дзён высьветлілася, што гэта быў інгуш і была арыштавана ягоная сям'я разам з 16-гадовай сястрой. Потым Масква паведаміла, што сям'ю не арыштоўвалі, а бацька інгуша асудзіў учынак сына... Колькі яшчэ Масква будзе тлуміць галаву заходнім СМІ? І падобна, што ім (заходнім СМІ) гэта падабаецца: штодня ёсьць гарачанькі матэр'ял з Расеі, ёсьць пра што пісаць, раскручваецца заблытаная фабула — быў — ня быў, арыштавалі — не арыштавалі. І працягваецца прадыктаваны Лубянкай зашмальцаваны дэтэктыў, які з задавальненьнем гартаюць для свайго грамадзтва заходнія журналісты.

Юрка Марозаў


“Пасылачку” плянуюць

16 лютага 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра скаргі “гандляра сьмерцю”, як у сьвеце называюць расейскага гандляра зброяй Віктара Бута, што сядзіць у амэрыканскай турме. Бут паскардзіўся, што яму даюць есьці “толькі чыпсы, сьнікэрсы і колу”, і зьвярнуўся ў кансулят РФ з просьбай палепшыць умовы ўтрыманьня ў турме.

Наш камэнтар: Вось якая страшная турма ў Амэрыцы: сьнікэрсамі закатавалі невінаватага чалавека! Што да харчовых пасылак з Масквы-Лубянкі, то ўсе добра памятаюць, як вязень гаагскай турмы Мілошавіч паласаваўся з такой пасылачкі і... раніцай яго знайшлі без прыкметаў жыцьця.

Юрка Марозаў


Крытыкуюць рэжым

16 лютага 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала, што прэм'ер-міністры краінаў Вышаградскай групы (Польшча, Славакія, Чэхія і Угоршчына) на сустрэчы ў Браціславе крытыкавалі “сфальшаваныя” прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Яны заклікалі Лукашэнку спыніць “палітычныя рэпрэсіі” і перасьлед апазыцыі і незалежных СМІ.

Наш камэнтар: Вельмі добра, што міністры эўрапейскіх краінаў адзін за адным прызнаюць дыктатарскі выбарчы фарс у Беларусі сфальшаваным. Правалілася спроба шэрагу заходніх палітыкаў легітымізаваць антыбеларускі рэжым пад фармулёвачкай “за прагрэс у выбарах”.

Алесь Хадасевіч


Ня вытрымалі, залемантавалі

16 лютага 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала, што міністар замежных справаў Расеі Лаўроў папярэдзіў Захад, што непрадуктыўна спрыяць пашырэньню рэвалюцыі на Блізкім Усходзе. Гэтыя заявы Лаўроў зрабіў пасьля сустрэчы з міністрам МЗС Вялікай Брытаніі Уільямам Хэйгам.

Наш камэнтар: Хвалюецца Крэмль не на жарт. Народы расхістваюць і валяць рэжымы, якія цалкам задавальняюць Маскву. Усё ў іх там наладжана, генэралітэт маскоўскія ваенныя акадэміі скончыў, усё пад кантролем і можна маніпуляваць беспакарана. А тут раптам рэвалюцыі... Народы ня хочуць больш цярпець над сабой гэтых монстраў. Падобна, што на ўсходні манер разгортваецца Восень Народаў 1989 года, калі ад Масквы вызвалілася Цэнтральная Эўропа. Чарговы правал маскоўскай дактрыны панаваньня. Вось у Крамлі і ня вытрымалі, залемантавалі.

Алесь Хадасевіч