КАНЕЦ РЭЖЫМУ БУДЗЕ

(Лютаўскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

13 лютага сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Гісторыя дае лекцыю”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, і сп. Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі.

Нават публічныя выказваньні начальніка рэжыму А. Лукашэнкі сьведчаць пра канчатковую стадыю стагнацыі рэжыму і ўсіх структур, на якіх ён трымаецца. Незаконную ўладу апанаваў страх за сваю бліжэйшую будучыню і яны ня ведаюць, што рабіць з гэтым страхам. У такіх выпадках антынародны рэжым часта падключае да справы свайго выратаваньня падстаўную псэўдаапазыцыю, інфільтраваную спэцслужбамі рэжыму.

Мы назіраем нешта падобнае ў дзеяньнях групкі, якая адкалолася ад псэўда-Фронту і заяўляе аб стварэньні свайго “руху”. Відавочная чарговая авантура фальшывай апазыцыі. Галоўная выснова з гэтага палітычнага тэатру наступная — няхай яны гуляюцца ў гэтыя гульні з рэжымам і самы з сабой. Такія паводзіны — не для беларускіх патрыётаў. Падзеі ў Эгіпце і Тунісе паказалі, што антынародная дыктатура ня мае будучыні, ня можа існаваць вечна. Гвалту і гвалтаўнікам абавязкава настае канец і народ вызваляецца ад гнюснасьці, якая душыла яго на працягу многіх гадоў. Беларусы павінны зразумець, што народныя перамогі грунтуюцца на нацыянальнай культуры, мове, дзяржаўнай традыцыі. Іншага шляху вызваленьня няма і ня можа быць. На грунце прагматызму і прадажніцтва народныя перамогі не дасягаюцца.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра рост коштаў на жыцьцёва важныя прадукты харчаваньня, квартплату і элемэнтарныя паслугі для насельніцтва. Людзі леманатуюць перад паліцамі ў крамах. Гучаць гуканьні “Хунта! Праклён ім!” Беларускія патрыёты павінны патлумачыць нашым людзям, што адбываецца ў краіне. На апошняй стадыі свайго разбуральнага існаваньня рэжым распрадае за бясцэнак нацыянальныя багацьці, зьнішчае асновы нацыянальнага існаваньня. Але гэтым ня можа выратавацца антынародная хунта. У лепшым выпадку правал дыктатуры адсоўваецца на некалькі месяцаў. Беларускія патрыёты павінны разгарнуць падрыхтоўку да грамадзкіх дзеяньняў па нармалізацыі нашага дзяржаўна-грамадзкага жыцьця пасьля краху антыбеларускага рэжыму.

Сойм абмеркаваў мерапрыемствы па разгортваньню ў краіне Руху за новыя выбары без Лукашэнкі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
13 лютага 2011 г.